Аўтары падкрэсьліваюць, што гэта на 10 мільёнаў больш, чым было ў 2017 годзе.
У дакладзе, падрыхтаваным МАП сумесна зь Міжнароднай арганізацыяй па міграцыі і праваабарончай арганізацыяй Walk Free, якая змагаецца з гандлем людзьмі, адзначаецца, што рабская праца і прымусовыя шлюбы сустракаюцца практычна ва ўсіх краінах сьвету, у тым ліку ў самых разьвітых. 52% выпадкаў адбываюцца ў краінах з узроўнем даходу сярэднім і вышэйшым за сярэдні.
Большасьць выпадкаў прымусовай працы — 86% — была зафіксаваная ў прыватным сэктары, у такіх галінах, як прамысловасьць, будаўніцтва, сельская гаспадарка і хатняя работа. Мільёны людзей, у асноўным жанчыны і дзяўчаты, таксама апынуліся ў пастцы сэксуальнай эксплюатацыі. Астатнія 14% выпадкаў — гэта санкцыянаваная дзяржавай прымусовая праца.
У справаздачы, сярод іншага, адзначаная беларуская практыка, паводле якой асобаў, якія пакутуюць на хранічны алькагалізм, накіроўваюць у адмысловыя ўстановы, дзе выкарыстоўваецца іх прымусовая праца.
Сярод сучасных рабоў — 3,3 мільёна дзяцей, каля паловы зь іх прымусова займаюцца сэкс-працай.
У шлюбе супраць волі знаходзяцца каля 22 мільёнаў чалавек. У такіх умовах вышэйшая рызыка хатняга гвалту, сэксуальнай эксплюатацыі і прымусу да неаплатнай працы.
Рост колькасьці выпадкаў рабства ў апошнія 5 гадоў у МАП зьвязваюць з пагаршэньнем эканамічнай сытуацыі ў сьвеце праз пандэмію COVID-19, кліматычныя зьмены і энэргетычны крызіс, якія прывялі да росту беднасьці. Зьбядненьне насельніцтва змушае людзей згаджацца на сумнеўныя прапановы працы, рабіцца нелегальнымі мігрантамі і «прадаваць» маладых чальцоў сям’і ў шлюб супраць іх жаданьня, каб пракарміць семʼі ці выплаціць пазыкі.