Як паведамляе ВВС, гарадзкая рада прагаласавала за выплату на першым этапе 400 тысячаў даляраў. Гэтыя грошы будуць разьмеркаваныя паміж 16 афраамэрыканскімі сем’ямі, якія (альбо іх продкі) жылі ў Эванстане з 1919 па 1969 гады і зазнавалі жыльлёвую дыскрымінацыю. Кожная сям’я атрымае па 25 тысяч даляраў, якія можа выдаткаваць на рамонт дому альбо першапачатковы ўзнос (так званы даўнпэймэнт) для набыцьця жытла ва ўласнасьць.
Каля 16% жыхароў гораду — чарнаскурыя. Усяго мяркуецца выплаціць 10 мільёнаў даляраў цягам дзесяці гадоў. Праграма фінансуецца праз ахвяраваньні і 3% падатак на продаж легалізаванай марыхуаны.
Пра барацьбу з жыльлёвай дыскрымінацыяй загаварылі пасьля дакладу ў мінулым годзе, які ілюструе, як чарнаскурыя людзі сутыкаліся з абмежаваньнямі месца жыхарства пачынаючы з 1855 году, калі ў горад прыбыў першы чарнаскуры жыхар.
Справядлівы закон аб жыльлі быў прыняты ў Эванстане ў 1968 г., але дадзеныя сьведчаць, што чарнаскурых людзей накіроўвалі ў тую частку гораду, дзе яны складалі большасьць да 1985 году.
Сотні грамадаў у ЗША разглядаюць магчымасьць кампэнсацыі чарнаскурым людзям, у тым ліку ў штатах Каліфорнія і Род-Айлэнд.
Але ў цэлым у ЗША такой падтрымкі няма.
Апытаньне Reuters/Ipsos у мінулым годзе паказала, што толькі 20% рэспандэнтаў падтрымалі выдаткаваньне «грошай падаткаплатнікаў для выплаты шкоды нашчадкам паняволеных людзей у ЗША».
Рух за нейкія формы кампэнсацыі афраамэрыканцам за стагодзьдзі рабства і расізму паскорыўся пасьля сьмерці Джорджа Флойда ў мінулым годзе. Няўзброены чарнаскуры памёр у Мінэапалісе падчас затрыманьня паліцыяй, і гэта выклікала пратэсты ва ўсім сьвеце.