Пра гэта хаду дыскусіі і яе папярэднія вынікі расказвае DW.
Сваім заклікам забараніць расейскім грамадзянам уезд у ЭЗ прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выклікаў бурную дыскусію ў Эўропе. Ці дапушчальна, што грамадзяне краіны, якая вядзе вайну супраць свайго суседа, могуць і далей наведваць тэрыторыю Эўразьвязу, як быццам нічога не адбылося?
Не, лічаць такія дзяржавы, як Фінляндыя, Польшча, Чэхія і краіны Балтыі. Яны прыпынілі выдачу кароткатэрміновых візаў расейцам. Нямеччына, Грэцыя, Кіпр і Эўракамісія ставяцца скептычна да такой меры, выступаючы супраць жорсткай забароны на ўезд у ЭЗ для грамадзянаў РФ. Фэдэральны канцлер Нямеччыны Оляф Шольц заявіў на мінулым тыдні, што вайну супраць Украіны вядзе прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін. Таму канцлер не падзяляе ідэю татальнай забароны на ўезд у ЭЗ для расейцаў, якая закранула б у тым ліку і тых асобаў, хто ні ў чым не вінаваты.
Якія настроі ў ЭЗ наконт візаў для расейцаў
Чэхія, якая зараз старшынюе ў ЭЗ, унесла пытаньне аб шэнгенскіх візах для расейцаў у парадак дня нефармальнай сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў – сяброў ЭЗ, якая пачнецца ў аўторак, 30 жніўня, у Празе. Як чакаецца, як мінімум пагадненьне з РФ аб спрошчаным парадку выдачы візаў, якое дзейнічае з 2007 году, будзе прыпыненае. Гэта пацьвердзілі эўрапейскія дыпляматы газэце Financial Times. Прыпыненьне дзеяньня гэтай дамовы прывядзе да таго, што атрымаць кароткатэрміновую шэнгенскую візу расейцам стане складаней і каштаваць гэта будзе даражэй.
Але прыняцьце рэзалюцыі, якая прадугледжвае татальную забарону на ўезд у ЭЗ для грамадзянаў РФ, якую павінныя ўхваліць усе краіны ЭЗ, па дадзеных дыпляматаў, не прадугледжанае. Спробы асобных дзяржаў забараніць расейцам уезд у ЭЗ акажуцца малаэфэктыўнымі, таму што кароткатэрміновая віза для турыстаў дзейнічае ва ўсіх 26 краінах Шэнгенскай зоны, незалежна ад таго, у якой зь іх яна была выдадзеная.
Якія абмежаваньні для расейцаў ужо існуюць
Поўная забарона на выдачу візаў расейцам, на думку Эўракамісіі, праблематычная, бо, згодна зь міжнародным правам, зь сямейных і гуманітарных прычынаў уезд павінен быць магчымым. Але выдача кароткатэрміновых шэнгенскіх візаў можа быць моцна абмежаваная. Кожная краіна кіруецца пэўнымі крытэрыямі пры выдачы візаў, а значыць, мае пэўнае поле для манэўру. Акрамя таго, існуе магчымасьць ануляваць выдадзеную візу. Такую практыку цяпер ужывае ў дачыненьні да расейцаў Эстонія.
Шэнгенскія візы павінныя прызнавацца ў кожнай дзяржаве, якая ўваходзіць у гэтае аб’яднаньне. Таму Эстонія ня можа проста так не прызнаць візы, якая выдадзена Нямеччынай ці Швэцыяй. Гэта немагчыма, улічваючы і адсутнасьць памежнага кантролю ўнутры Шэнгенскай зоны. Але, згодна з унутрыэўрапейскімі правіламі, турыст, які мае шэнгенскую візу, павінен пераважна заставацца ў той краіне, якая выдала яму візу. Ануляваньне яе можа быць абгрунтаванае палітычнымі прычынамі або сытуацый зь бясьпекай.
Акрамя краінаў Балтыі, а таксама Фінляндыі, Польшчы і Чэхіі, абмежаваць выдачу візаў расейцам жадае Данія. Па дадзеных візавай службы Fragomen, зьнізілася колькасьць візаў, якія выдаюцца Нідэрляндамі, Бэльгіяй, Гішпаніяй і Румыніяй. Многія краіны скарацілі колькасьць сваіх дыпляматычных супрацоўнікаў у консульствах і амбасадах у РФ, што ўскладняе працэс атрыманьня візы.
Пагадненьне ЭЗ з РФ аб спрошчанай працэдуры выдачы візаў расейскім дыпляматам, чыноўнікам і бізнесоўцам фактычна больш ня дзейнічае, хаця ўсё яшчэ застаецца ў сіле. Калі яно будзе скасаванае, расейскім грамадзянам будзе складаней і даражэй атрымаць візу. Паколькі расейцы больш ня могуць карыстацца заходнімі крэдытнымі картамі і банкаўскімі рахункамі, адсутнасьць фінансавых сродкаў можа быць названая прычынай адмовы ў выдачы візы.
Што могуць зрабіць кіраўнікі МЗС
Краіны – сябры ЭЗ могуць выдаваць доўгатэрміновыя нацыянальныя візы для сталага ўезду і знаходжаньня на сваёй тэрыторыі. Гэтыя візы прадугледжаныя для тых, хто працуе і вучыцца ў ЭЗ, па іх нельга выяжджаць у іншыя краіны ЭЗ. Такія візы могуць атрымаць і расейскія апазыцыянэры, якія пакідаюць Расею праз вайну.
У адкрытым лісьце вярхоўнаму прадстаўніку ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэпу Бурэлю дэпутаты Эўрапарлямэнту патрабуюць абмежаваць выдачу візаў расейцам і ўвесьці поўную забарону на ўезд для 6000 высокапастаўленых грамадзянаў РФ. Татальную забарону на выдачу расейцам віз у Эўразьвяз Бурэль лічыць «ня самай добрай прапановай».
Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі перасьцярог ад разрыву кантактаў з расейскім насельніцтвам — паводле яго, наступствы такога ўсёабдымнага кроку не былі б станоўчымі. «У любым выпадку я не прыхільнік таго, каб увогуле больш не выдаваць візы», — удакладніў Бурэль. Ён таксама выказаў сумнеў у тым, што краіны ЭЗ праявяць аднадушша ў гэтым пытаньні.
У сваю чаргу кіраўнік фракцыі хрысьціянскіх дэмакратаў у Эўрапарлямэнце Манфрэд Вэбэр лічыць абсурднай сытуацыю, калі расейцы адпачываюць на нямецкім курорце ў Зюльцы, дзе іх у рэстаранах абслугоўваюць украінцы. «Мне складана ўявіць, што мы прымаем уцекачоў з Украіны і адначасова расейцаў, якія тут атрымліваюць асалоду ад жыцьця», — адзначыў Вэбэр.
Што робяць іншыя дзяржавы
ЗША спынілі выдачу кароткатэрміновых візаў расейцам у самой РФ. Заява на атрыманьне візы можа быць прынятая ў амэрыканскай амбасадзе ў Польшчы, калі расейцы здолеюць туды трапіць. Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заклікаў расейскіх навукоўцаў, бізнэсоўцаў і актывістаў пакінуць РФ, якая вядзе вайну. Гэта павінна суправаджацца выдачай доўгатэрміновых візаў.
Вялікая Брытанія не жадае ўводзіць татальную забарону на ўезд для расейцаў, але істотна скароціць выдачу візаў.