«Дзяніс добра выглядае, акуратненькі, усьміхаецца, з настроем»
Маці асуджанага Людміла Івашына расказала, як прайшла сустрэча. Ім далі пагаварыць амаль 2 гадзіны.
«Я ішла на сустрэчу з унутранай трывогай, бо паўтара года я ня бачыла свайго сына. Але я адразу супакоілася, бо Дзяніс добра выглядае, акуратненькі, усьміхаецца, з настроем», — успамінае Людміла Івашына.
Ён быў апрануты ў той самы швэдар, што і на прысудзе — з надпісам Everlast («быць вечным»).
«Усё ідзе да канца і неўзабаве скончыцца добра»
Шмат часу гаварылі пра справу Дзяніса. Пракурор запрасіў 9 гадоў калёніі, а судзьдзя чамусьці даў 13 год і 1 месяц.
«Справа пабудаваная на здагадках, ніякай канкрэтыкі. Дзяніс не зразумеў, за што яго асудзілі. Ясна навошта — каб маўчаў», — мяркуе маці.
Яна ўпершыню здолела пагаварыць з сынам пра першы час пасьля затрыманьня. Высьветліла, што пры затрыманьні яго ня білі. Аднак ад пачатку прымушалі да супрацоўніцтва.
«Дзяніс зь першага дня адмовіўся ад супрацоўніцтва. Ціск спачатку быў вельмі моцны. Абяцалі залатыя горы, скараціць тэрмін. Пагражалі мамай, жонкай, будучыняй, але ён ад усяго адмаўляўся», — пераказвае пазыцыю сына Людміла Мікалаеўна.
Яго рэгулярна выклікалі на гутаркі ў КДБ, пяць разоў кідалі ў карцар. Апошнім часам карцарам яго не караюць.
У судзе Дзяніс таксама не даваў паказаньняў. Сваё апошняе слова на працэсе ён назваў «Словам праўды», дзе расказваў пра свае працы і тлумачыў, што ён, наадварот, імкнуўся празь іх абараніць нацыянальную бясьпеку, «падаваў сыгнал уладам» (Дзяніса асудзілі за «здраду дзяржаве»).
Дзяніс успрыняў свой тэрмін спакойна.
«„Мама, я цудоўна разумею, што ні я, ні ўсе іншыя, незаконна захопленыя ў палон, ня будзем сядзець гэтыя жахлівыя тэрміны“. Ён ведае ўсю абстаноўку, ведае ўсё пра вайну. На яго думку, усё ідзе да канца і неўзабаве скончыцца добра», — пераказвае словы сына Людміла Мікалаеўна.
«Магчыма, з гэтых запісаў потым складзецца кніга»
Дзяніс сядзіць у камэры 3×2 мэтры, часта зьмяняе камэры, пазнаёміўся з самымі рознымі людзьмі.
«Хтосьці тэрміны вялікія сядзеў, але ня страцілі чалавечнасьці», — расказвае суразмоўца.
Журналіст шмат чытае і піша за кратамі, можа падчас ежы ўзяць нататнік і запісваць, што цікавага расказваюць сукамэрнікі. У яго такіх запісаў «непад’ёмная торба».
«Магчыма, з гэтых запісаў потым складзецца кніга», — дапускае маці.
Сыну па-ранейшаму не перадаюць газэты, рэдка аддаюць лісты.
Ён адчувае сябе добра. Людміла Мікалаеўна баялася, што сын будзе выглядаць горш, чым ёсьць. Але ён сочыць за сабой, робіць зарадку, расьцягваецца, разьмінаецца.
Дзяніс Івашын прасіў праз бацькоў перадаць падзяку ўсім людзям, якія яго падтрымліваюць, пішуць яму, перажываюць за яго.
Асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц
Горадзенскаму журналісту Дзянісу Івашыну 14 верасьня далі 13 год і 1 месяц пазбаўленьня волі за «ўмяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка органаў унутраных спраў» і «здраду дзяржаве». У ягонай справе 9 «пацярпелых» міліцыянтаў. Кожнаму падсудны мусіць сплаціць па 2 тысячы рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды — усяго 18 тысяч рублёў. Да таго ж яму прысудзілі 4800 рублёў штрафу. Дэталі справы невядомыя, бо працэс ішоў у закрытым рэжыме.
Дзяніс Івашын вядомы сваімі расьсьледаваньнямі пра ўплыў «русского мира» на Беларусь, пра скандальную забудову ў Курапатах і пра пераход былых украінскіх «беркутаўцаў» у сілавыя структуры Беларусі.
Таксама Івашын валянтэрыў як рэдактар сайта міжнароднай расьсьледніцкай супольнасьці InformNapalm, працаваў пазаштатным карэспандэнтам газэты «Новы час».
За кратамі Дзяніс карыстаецца аўтарытэтам як у тых, хто знаходзіцца там паводле палітычных артыкулаў, так і ў крымінальнікаў. Івашын сутыкнуўся зь ціскам адміністрацыі турмы, у тым ліку і з прычыны катэгарычнай адмовы пісаць прашэньне аб памілаваньні.
Хто такі Дзяніс Івашын
- Дзяніс Івашын нарадзіўся 6 чэрвеня 1979 году ў Горадні.
- Журналіст-расьсьледавальнік. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Жанаты.
- Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і рэдактарам-валянтэрам беларускай вэрсіі сайта міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны.
- Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.
- Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 году, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 365 крымінальнага артыкулу («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»). Яму пагражае да 3 год пазбаўленьня волі.
- Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманьне Івашына зьвязана зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію пра гэта тэлеканалу «Настоящее время».
- Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.
- У траўні 2021 году ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусьцілі разьвітацца зь ёй.
- Са словаў сваякоў, ліставаньне зь Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць у абодва бакі.
- У чэрвені стала вядома, што ў Дзяніса ў карцэры здарыўся сардэчны прыступ. Яму выклікалі кардыёляга, рабілі кардыяграму, прызначылі лекі.
- Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.