Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіста Дзяніса Івашына асудзілі на 13 год і 1 месяц у калёніі ўзмоцненага рэжыму


Дзяніс Івашын
Дзяніс Івашын

Судзьдзя прызначыў журналісту пакараньне за здраду дзяржаве.

14 верасьня вынесьлі прысуд у справе горадзенскага журналіста Дзяніса Івашына.

Пра вырак 13 год і 1 месяц калёніі ўзмоцненага рэжыму і штраф 150 базавых (4800 рублёў) паведаміла журналістка «Советской Белоруссии» Людміла Гладкая.

Івашын таксама мусіць выплаціць кампэнсацыю маральнай шкоды дзевяці пацярпелым — па 2000 рублёў кожнаму. Хто гэтыя пацярпелыя — невядома, бо суд праходзіў у закрытым рэжыме.

Разам са штрафам гэта 22 800 беларускіх рублёў, або звыш 9 000 даляраў.

Суд над палітвязьнем цягнуўся амаль месяц у Горадзенскім абласным судзе. Судзьдзя Валер Раманоўскі вёў працэс у закрытым рэжыме, бо там «разглядалі дзяржаўныя тайны».

12 верасьня Івашын выступіў з апошнім словам, але грамадзтва яго не змагло пачуць, бо працэс закрыты. У час паседжаньняў у судзе ўключалі «глушылку», каб сваякі і сябры Дзяніса, якія знаходзіліся побач з заляй, не маглі чуць, пра што ў ёй гавораць.

Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 году і затым абвінавацілі паводле арт. 365 (умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўніка ўнутраных спраў) і ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэксу (здрада дзяржаве). Журналісту пагражала да 15 гадоў калёніі.

«Блізка я яго ня бачыла — здалёк. Выглядаў акуратным, паголеным, нават мне не здалося, што ён схуднеў. На маё зьдзіўленьне, прыкметных зьменаў я ня ўбачыла. Трымаецца спакойна, упэўнена, годна», — так сказала пра сваю сустрэчу з сынам у калідоры суду маці палітвязьня Людміла Івашына.

Чым вядомы Дзяніс Івашын

Дзяніс Івашын вядомы сваімі расьсьледаваньнямі пра ўплыў «русского мира» на Беларусь, пра скандальную забудову ў Курапатах і пра пераход былых украінскіх «беркутаўцаў» у сілавыя структуры Беларусі.

Таксама Івашын валянтэрыў як рэдактар сайта міжнароднай расьсьледніцкай супольнасьці InformNapalm, працаваў пазаштатным карэспандэнтам газэты «Новы час».

За кратамі Дзяніс карыстаецца аўтарытэтам як у тых, хто знаходзіцца там паводле палітычных артыкулаў, так і ў крымінальнікаў. Івашын сутыкнуўся зь ціскам адміністрацыі турмы, у тым ліку і з прычыны катэгарычнай адмовы пісаць прашэньне аб памілаваньні.

«З шчырай і моцнаю вераю йдзем наперад і рушым упэўненым крокам у будучыню. Насуперак панадпрыродным выклікам, пагрозам, моцнаму штармавому ветру — крочым непахісна, упарта й рашуча. Не адхіляемся ад шляху праўды, ісьціны, ахвярнае Веры», — напісаў Дзяніс у адным зь лістоў да жонкі Вольгі.

Хто такі Дзяніс Івашын

  • Дзяніс Івашын нарадзіўся 6 чэрвеня 1979 году ў Горадні.
  • Журналіст-расьсьледавальнік. Па адукацыі эканаміст і палітоляг. Жанаты.
  • Працаваў журналістам у незалежнай газэце «Новы час» і рэдактарам-валянтэрам беларускай вэрсіі сайта міжнароднай супольнасьці ІnformNapalm, якая дасьледуе ўплыў расейскай агрэсіі на іншыя краіны.
  • Вядомы сваімі публікацыямі пра скандальную забудову ў Курапатах, за што ён і газэта «Новы час» судзіліся з забудоўнікам, а таксама пра ўплыў «русского мира» на Беларусь і Сырыю.
  • Івашына затрымалі супрацоўнікі КДБ 12 сакавіка 2021 году, калі ён выйшаў у аптэку па лекі для бабулі. Яму выставілі абвінавачаньне паводле 365 крымінальнага артыкулу («Умяшаньне ў дзейнасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў»). Яму пагражае да 3 год пазбаўленьня волі.
  • Сваякі і калегі мяркуюць, што затрыманьне Івашына зьвязана зь ягоным апошнім расьсьледаваньнем пра былых украінскіх бэркутаўцаў, што ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста затрымалі на наступны дзень пасьля таго, як ён даў інтэрвію пра гэта тэлеканалу «Настоящее время».
  • Івашын мае ўкраінскія карані і статус замежнага ўкраінца. Пры ператрусе ў яго дома шукалі кнігі і іншыя рэчы, зьвязаныя з Украінай. МЗС Украіны адрэагавала на ягонае затрыманьне і заявіла, што журналісцкая дзейнасьць ня можа быць прычынай перасьледу.
  • У траўні 2021 году ў Івашына памерла бабуля, аднак яго не пусьцілі разьвітацца зь ёй.
  • Са словаў сваякоў, ліставаньне зь Дзянісам нерэгулярнае, многія лісты не даходзяць у абодва бакі.
  • У чэрвені стала вядома, што ў Дзяніса ў карцэры здарыўся сардэчны прыступ. Яму выклікалі кардыёляга, рабілі кардыяграму, прызначылі лекі.
  • Эўрапейская фэдэрацыя журналістаў запатрабавала вызваліць Івашына і іншых журналістаў, зьняволеных у Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG