Я не палітык, таму не прапаную рашэньняў. Але дазволю сабе сфармуляваць дзясятак пытаньняў, на якія палітыкам варта было б адказаць. Пытаньні гэтыя — ня толькі мае асабістыя, у той ці іншай форме яны гучалі і горача абмяркоўваліся ў грамадзтве апошнім часам.
1. У беларускай гісторыі паміж грамадзкімі ўздымамі, паўстаньнямі былі даволі працяглыя пэрыяды рэакцыі і грамадзкай апатыі. Так было пасьля паўстаньня 1831 году, пасьля паўстаньня 1863 году, у найноўшую эпоху — пасьля Плошчы-2010. Ці разьлічваеце вы на хуткі новы грамадзкі ўздым, і калі так, то чаму?
2. У 2020 годзе мэта скінуць Лукашэнку абʼядноўвала большасьць беларусаў. Ці ёсьць зараз пазытыўная праграма, якая б спадабалася большасьці? Ці мэта 2020 году здольная абʼяднаць большасьць і цяпер? Ці гэта наагул не абавязкова, а рашучая меншасьць можа і павінна накінуць большасьці свае каштоўнасьці і мэты?
3. У 2010-я гады ў інфармацыйнай прасторы Беларусі панаваў TUT.BY, у 2020 годзе быў выбух папулярнасьці тэлеграм-каналаў. Цяпер легальныя незалежныя СМІ разгромленыя, карыстаньне нелегальнымі ў многіх выклікае складанасьці і перасьцярогі, за гэта ёсьць юрыдычная адказнасьць. У выніку аўдыторыя альтэрнатыўных каналаў камунікацыі істотна зьнізілася. Ці ёсьць ідэі адбудовы новых каналаў данясеньня інфармацыі?
4. У 2020 годзе пераважная большасьць палітыкаў, грамадзкіх дзеячоў, мэдыя пагаджаліся з тым, што пратэст мае быць мірны. Цяпер некаторыя называюць навукай 2020 году тое, што мірны пратэст ня можа перамагчы такую сыстэму, як цяпер у Беларусі. Між тым іншы, нямірны праект Шчыгельскага–Фядуты–Зянковіча–Кастусёва таксама ня меў вялікага плёну, мякка кажучы. Ці захоўваецца кансэнсус 2020 году на карысьць толькі мірных, негвалтоўных сродкаў барацьбы?
5. Зараз многія апазыцыйныя палітычныя сілы дэкляруюць адназначна праэўрапейскі выбар. Аднак, паводле сацыялягічных апытаньняў, нягледзячы на агрэсію Расеі супраць Украіны (ці нават дзякуючы ёй), геапалітычны выбар большасьці беларусаў — не на карысьць Эўропы. На ваш погляд, нягледзячы на гэта, ці варта апазыцыйным сілам дэкляраваць выбар, якога трымаецца меншасьць?
6. Шматлікія сацыялягічныя апытаньні паказваюць вельмі высокую ступень палярызацыі ў беларускім грамадзтве, зацятыя прыхільнікі Лукашэнкі (якія складаюцца не адно з катаў ГУБАЗіКу) і зацятыя праціўнікі Лукашэнкі ненавідзяць адны адных, успрымаюць як сваіх ворагаў. Ці варта ставіць на мэце палагоджаньне гэтага расколу? Калі так, то якімі сродкамі гэтага можна дасягнуць?
7. Офіс Сьвятланы Ціханоўскай — гэта яе апарат, інстытут яе памочнікаў і дарадцаў. Ці магчымае і ці мэтазгоднае стварэньне нейкага органу выпрацаваньня супольнай палітыкі з такіх палітыкаў, як Сьвятлана Ціханоўская, Павал Латушка, Валер Цапкала, Зянон Пазьняк?
8. У сакавіку Павал Латушка і Сьвятлана Ціханоўская вылучылі ідэю, паводле якой Беларусь зараз акупаваная Расеяй. Аднак за 5 месяцаў гэтая ідэя ніякай міжнароднай падтрымкі на ўзроўні ўрадаў не атрымала. На чым грунтуюцца спадзяваньні, што атрымае ў будучыні? Ці дае яна палітычны плён і безь міжнароднай падтрымкі?
9. Наколькі мэтазгодным бачыцца стварэньне ўраду ў выгнаньні і абвяшчэньне Ціханоўскай прэзыдэнткаю? Якія шанцы на міжнароднае прызнаньне гэтых крокаў, ці былі наконт гэтага кансультацыі з урадамі заходніх дзяржаваў?
10. Ёсьць досьвед некалькіх хваляў масавай эміграцыі зь Беларусі. Пры гэтым у мінулым беларуская дыяспара не адыгрывала значнай ролі ўва ўнутрыпалітычным жыцьці мэтраполіі. Якія ёсьць шляхі павелічэньня грамадзкай і палітычнай ролі беларускай дыяспары?
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.