Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На судзе «аб змове» сьведкай у абарону Фядуты выступіла Вольга Абрамава


Фігуранты справы «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады», зьлева направа: Аляксандар Фядута, Вольга Галубовіч, Юрась Зянковіч, Дзяніс Краўчук і Рыгор Кастусёў
Фігуранты справы «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады», зьлева направа: Аляксандар Фядута, Вольга Галубовіч, Юрась Зянковіч, Дзяніс Краўчук і Рыгор Кастусёў

Пяты дзень працэсу, фігурантамі якога зьяўляюцца Юры Зянковіч, Аляксандар Фядута, Рыгор Кастусёў, Вольга Галубовіч і Дзяніс Краўчук, пачаўся з допыту сьведак.

Разгляд справы «аб змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады» пачаўся 29 ліпеня ў будынку суду Менскага раёну.

Справу разглядае судзьдзя Менскага абласнога суду Ўладзімер Арэшка.

Пяты дзень працэсу распачаўся з допыту сьведак, перадае Sputnik. Паказаньні падчас паседжаньня далі ўжо муж абвінавачанай Вольгі Галубовіч (мужчына — грамадзянін Малдовы, але жыве і працуе ў Беларусі) і сьведка з боку абароны Аляксандра Фядуты філёзаф Вольга Абрамава, былая дэпутатка Вярхоўнага Савету і Палаты прадстаўнікоў.

Муж Галубовіч сярод іншага пацьвердзіў інфармацыю аб тым, што ягоная жонка атрымлівала і перадавала грошы ад Юрыя Зянковіча, частка якіх, як высьветліла сьледзтва, ішла на аплату штрафаў пратэстоўцаў.

Вольга Абрамава падчас допыту расказала суду, што знаёмая з Фядутам з 1993 году, тады яны пазнаёміліся ў кулюарах тэлестудыі, калі бралі ўдзел у перадачы. Паводле яе, Фядута ўжо тады выказваўся за мірныя рэформы.

Вольга Абрамава, былая дэпутатка парлямэнту Беларусі
Вольга Абрамава, былая дэпутатка парлямэнту Беларусі

«Ён чалавек тонкай душэўнай арганізацыі і старамоднага этыкету. Ён заўсёды пры сустрэчах з жанчынамі цалаваў ім ручкі», — сказала Абрамава.

Яна адзначыла, што Фядута ня быў радыкалам і не імкнуўся да ўлады, гэта не было ягонай мэтай.

Адказваючы на пытаньне пракурора, Абрамава заявіла, што, на яе думку, Фядута ніколі ня помсьціў за тое, што яму давялося больш як 20 гадоў таму пакінуць пасаду ў Адміністрацыі прэзыдэнта.

На думку Абарамавай, у злачынства, якое ставяць у віну Фядуце, яго ўцягнуў Дзьмітры Шчыгельскі. Адказваючы на пытаньне пракурора, для чаго яму патрэбен быў Фядута, Абрамава сказала: «Мазгі».

Зянковіч абвінавачваецца паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам), ч. 1 арт. 361-1 КК (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня і кіраўніцтва ім), ч. 3 арт. 361 КК (публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады), ч. 3 арт. 130 КК (распальваньне сацыяльнай варожасьці).

Фядута і Кастусёў — паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам).

Галубовіч і Краўчук — паводле ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Справу расьсьледаваў Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі.

Фігурантамі справы зьяўляюцца таксама псыхіятар Дзьмітры Шчыгельскі, экс-супрацоўнік спэцпадраздзялення МУС «Алмаз» Ігар Макар, а таксама Аляксандар Перапечка, Павал Кулажанка і Віталь Макаранка, якія пражываюць за мяжой.

Пяцёх абвінавачаных затрымалі ў сярэдзіне красавіка 2021 года. Праваабаронцы прызналі палітвязьнямі ўсіх, акрамя Зянковіча.

Лукашэнка тады заявіў, што яны нібыта рыхтавалі замах на яго і ягоных сыноў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG