Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якімі ракетамі Расея б’е па Ўкраіне зь Беларусі і Чорнага мора. Інтэрвію з прадстаўніком камандаваньня ўкраінскіх Паветраных сіл


Зэнітна-ракетны комплекс «Іскандэр» у дзеяньні, ілюстрацыйнае фота
Зэнітна-ракетны комплекс «Іскандэр» у дзеяньні, ілюстрацыйнае фота

Расея раніцай 28 ліпеня запусьціла з тэрыторыі Беларусі каля 20 ракет. У той жа час яшчэ 6 крылатых ракет вылецелі з акваторыі Чорнага мора. Гэта была найбольш масавая атака за апошнія некалькі дзён. Паветраная трывога была абвешчаная па ўсёй Украіне.

Сьпікер камандаваньня Паветраных сіл Украіны Юры Ігнат расказаў тэлеканалу «Настоящее время», якія ракеты апошнім часам ляцяць ва Ўкраіну.

— Ці маеце вы дакладную інфармацыю, колькі ракет выпусьцілі і колькі зь іх перахапіла супрацьпаветраная абарона?

— На жаль, маем той выпадак, калі СПА спрацавала ня так, як хацелася б. І гэта мае аб’ектыўнае тлумачэньне: пераважная большасьць ракет — гэта ракеты «Іскандэр», якія надзвычай складана зьбіць. Іх запускалі з раёну Зябраўкі «брацкай» нам Беларусі. І ракеты з бамбавікоў Ту-22М3. Вылецелі каля шасьці самалётаў, каля трох ракет гэтага тыпу выпусьцілі. Іншыя шэсьць ракет, папярэдне, былі запушчаныя з акваторыі Чорнага мора.

— То бок гэта быў удар ня толькі з тэрыторыі Беларусі, але і з акваторыі Чорнага мора?

— Зь Беларусі, з акваторыі Чорнага мора, а таксама з тэрыторыі Расеі, дзе бамбавікі базуюцца на аэрадроме Шайкоўка. Запускі ажыцьцяўляюцца ў асноўным з раёну Курскай вобласьці.

— «Беларускі Гаюн» напісаў пра запуск 25 ракет толькі з аэрадрому «Зябраўка». Ці азначае гэта, што насамрэч іх было больш за 25?

— Ракеты апэратыўна-тактычнага комплексу «Іскандэр», якія могуць запускацца адначасова, дзьве ракеты радыёлякацыйна бачацца як адна цэль. Таму тут трэба быць асьцярожным у гэтых падліках. Але ў тым, што гэта быў масіраваны абстрэл, няма сумневаў. Як мінімум 10 «Іскандэраў» радыёлякацыйна былі заўважаныя. Хутчэй за ўсё, іх было больш.

— Раней «Беларускі Гаюн» паведамляў, што на аэрадроме «Зябраўка» ў Гомельскай вобласьці знаходзіцца да 10 адзінак зэнітна-ракетных комплексаў «Іскандэр». Сёньня «Беларускі Гаюн» прыйшоў да высновы, што калі ўсе сёньняшнія запускі былі з «Іскандэраў», то на аэрадроме мусяць знаходзіцца ня менш як шэсьць такіх комплексаў. Як мяркуеце, колькі ўдараў было з «Іскандэраў»?

— Я не магу назваць дакладную інфармацыю. Усё трэба правяраць. Патрэбны час, каб назваць дакладную лічбу. Але тое, што там знаходзяцца гэтыя комплексы, — гэта відавочна. На тым жа канале «Беларускі Гаюн» не аднойчы агучваліся і паказваліся кадры прылёту менавіта на тэрыторыю Беларусі вайскова-транспартных самалётаў Іл-76, якія, імаверна, даставілі гэтае ўзбраеньне туды для ўдараў па Ўкраіне.

— А можаце расказаць пра характарыстыкі гэтых ракет? Раней мы чулі пра ракеты клясы «Калібр», якія запускаліся па Адэсе і іншых гарадах. Што такое «Іскандэр»? Чаму Расея іх цяпер выкарыстоўвае?

— «Калібр» — зусім іншы тып ракет. Гэта крылатая ракета, якая ляціць з хуткасьцю каля 900 кілямэтраў на гадзіну. Яна ляціць па рэльефе мясцовасьці, яе працоўны дыяпазон — ад 50 да 300 мэтраў. Гэтыя ракеты мы зьбіваем. Нядаўна зьбілі чатыры з чатырох ракет. За два дні да таго — чатыры з шасьці. Але, на жаль, нават такія «Калібры», якія лягчэй зьбіваць нашым сілам супрацьпаветранай абароны, не заўсёды магчыма зьбіць. Гэта малапрыкметныя ракеты. Гэта тэхналягічныя ракеты, якія якраз і створаныя для таго, каб абыходзіць нашу сыстэму СПА. Варта адзначыць, што вораг ня дрэмле, працуе выведка. Яны кожны дзень вывучаюць нашыя слабыя месцы, каб абысьці СПА.

«Іскандэр» — гэта зусім іншы тып ракет. Гэта апэратыўна-тактычны комплекс, ракета ляціць зусім па іншай траекторыі. Ракета, выпушчаная зь Зябраўкі, залятае фактычна ў космас, у стратасфэру. І на вялікай хуткасьці зь вялікай вышыні апускаецца на сваю цэль. Хуткасьць — звыш 8000 кілямэтраў на гадзіну. Такую ракету зьбіць фактычна немагчыма тымі сродкамі СПА, якія мы маем. Магчыма, былі выпадкі, калі можна было зьбіць гэтую ракету зэнітнай ракетай на сустрэчным курсе. Таму нам патрэбныя сучасныя сродкі СПА, каб зьбіваць і такія ракеты.

Ну, і ракеты Х-22, запушчаныя сёньня... Такая ж пацэліла ў гандлёвы цэнтар у Краменчуку. Такіх ракет сёньня выпусьцілі тры. Гэта таксама звышхуткасная савецкая ракета, якая ляціць з хуткасьцю каля 4000 кілямэтраў на гадзіну. Але гэта такая ракета, якая запускаецца з авіяцыйнага носьбіта. Гэта найбольш разбуральная і недакладная ракета. Вось такімі трыма тыпамі ракет сёньня абстралялі Ўкраіну.

— Паведамлялі, што ў Чарнігаўскай вобласьці ракеты трапілі ў лес. Няўжо Расея наносіла ўдар па лесе?

— Мы ня будзем казаць, куды яны трапляюць і навошта. Гэта інфармацыя не для ворага. Будзем спадзявацца, што людзкіх ахвяраў усё ж ня так шмат.

— Калі казаць пра сыстэмы NASAMS, якія, як кажуць, нібыта ўжо пачалі перадаваць Украіне, яны таксама ня могуць змагацца з «Іскандэрамі»?

— Чаму? Мы пра гэта казалі, што менавіта нарвэскі зэнітна-ракетны комплекс NASAMS узброены амэрыканскімі ракетамі AIM-120 AMRAAM. Вытворца заяўляе, што тактыка-тэхнічныя характарыстыкі гэтага комплексу здольныя зьбіваць ракеты клясы «Іскандэр», але на практыцы гэтаму пакуль няма пацьвярджэньняў. Ніколі NASAMS не ваяваў супраць «Іскандэраў». Чым хутчэй Украіна атрымае гэтае ўзбраеньне, навучыць пэрсанал, паставіць яго ў шэрагі, тым хутчэй мы пабачым вынік.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG