Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страляніна ў гандлёвым цэнтры ў Даніі: тры чалавекі загінулі, трое параненыя


Каля гандлёвага цэнтру ў Капэнгагене пасьля страляніны
Каля гандлёвага цэнтру ў Капэнгагене пасьля страляніны

Узброены мужчына адкрыў агонь у ажыўленым гандлёвым цэнтры ў сталіцы Даніі ў нядзелю, забіўшы трох чалавек і цяжка параніўшы трох, паведаміла паліцыя.

22-гадовы датчанін арыштаваны пасьля таго як адкрыў страляніну, паведаміў журналістам паліцэйскі інспэктар Капэнгагена Сорэн Томасэн, дадаўшы, што няма ніякіх прыкмет таго, што хто-небудзь яшчэ ўдзельнічаў у нападзе, хоць паліцыя працягвае расьсьледаваньне.

Томасэн сказаў, што пакуль занадта рана разважаць пра матывы ўчынку. Трагедыя адбылася ў Field’s, адным з найбуйнейшых гандлёвых цэнтраў Скандынавіі, разьмешчаным на ўскраіне дацкай сталіцы.

Вядома, што ахвярамі сталі мужчына каля 40 гадоў і двое маладых людзей. Раненьні атрымалі некалькі чалавек, а трое ў крытычным стане. Падазраванага затрымалі праз 11 хвілін пасьля першага стрэлу. У паліцыі апісалі падазраванага як «этнічнага датчаніна».

Дацкая тэлекампанія TV2 апублікавала «зярністае» фота меркаванага ўзброенага мужчыны, адзетага ў шорты, камізэльку або кашулю без рукавоў. У правай руцэ ён трымаў прадмет, падобны на вінтоўку.

Гандлёвы цэнтар знаходзіцца на ўскраіне Капэнгагена, насупраць станцыі мэтро на лініі, што злучае цэнтар горада зь міжнародным аэрапортам. Побач з гандлёвым цэнтрам праходзіць буйная магістраль.

На загад паліцыі арганізатары адмянілі канцэрт Гары Стайлза, заплянаваны на суседняй Royal Arena. Таксама адменены прыём з насьледным прынцам Фрэдэрыкам, які меў быць прысьвечаны велагонцы «Тур дэ Франс», першыя тры этапы якой адбыліся ў Даніі.

Страляніна ў Капэнгагене адбылася праз тыдзень пасьля масавай страляніны ў суседняй Нарвэгіі, дзе паліцыя паведаміла, што мужчына іранскага паходжаньня адкрыў агонь падчас ЛГБТК-фэстывалю, забіўшы дваіх і параніўшы больш за 20 чалавек.

Для Даніі ж нядзельная трагедыя — самы буйны напад з агнястрэльнай зброяй зь лютага 2015 году, калі 22-гадовы мужчына быў забіты ў перастрэлцы з паліцыяй пасьля страляніны ў сталіцы, у выніку якой два чалавекі загінулі і пяцёра паліцыянтаў былі параненыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG