4 ліпеня ў Гомлі пачынаецца новы судовы працэс у справе журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай (Бахвалавай). Ён пройдзе ў закрытым рэжыме.
У чым канкрэтна абвінавачваюць Андрэеву, дакладна не вядома нават яе родным, адвакат даў падпіску аб невыдаваньні матэрыялаў новай справы. Як расказаў муж Кацярыны журналіст Ігар Ільяш, сьледзтва ў ейнай справе скончылася яшчэ ў красавіку і матэрыялы адразу ж былі перададзеныя ў пракуратуру і далей у суд. Чаму працэс расьцягнуўся да пачатку ліпеня, невядома.
Новыя абвінавачаньні выставілі паводле артыкулу «Здрада дзяржаве», Кацярыне пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі. За кратамі яна зь лістапада 2020 году. Першы тэрмін зьняволеньня канчаецца ў верасьні 2022-га.
Апэратарцы «Белсату» Дар’і Чульцовай, якую затрымлівалі і судзілі разам з Бахвалавай, новых абвінавачаньняў не выстаўлялі, яна адбывае свой тэрмін у жаночай калёніі Гомля на вуліцы Антошкіна. Кацярыну Андрэеву пасьля пачатку новага сьледзтва ў лютым 2022 году перавялі ў гомельскае СІЗА-3, дзе яна застаецца дагэтуль. Па словах родных, ёй моцна абмежавалі перапіску — лісты і паведамленьні даходзяць толькі ад найбліжэйшых родных.
Хто такая Кацярына Андрэева, якую абвінавацілі ў здрадзе дзяржаве
Патомная журналістка
Кацярына Андрэева (Бахвалава) нарадзілася 2 лістапада 1993 году ў інтэлігентнай сям’і. Яе прадзед Давід Пінхасік быў вядомым журналістам, прабабка Марыя Ваганава ў 1939 годзе ў Заходняй Беларусі была першым галоўным рэдактарам «Палескай праўды». Бабуля Ала Ваганава — дацэнт катэдры археалёгіі БДУ. Дзед Сяргей Ваганаў — вядомы журналіст, публіцыст, паэт. Бацькі журналісткі — філёлягі.
Ведае некалькі замежных моў
Кацярына скончыла беларускамоўную гімназію № 23. Яшчэ ў школе ў яе выявілася здольнасьць да вывучэньня замежных моў. Займалася з рэпэтытарамі, дасканала авалодала ангельскай, пасьля гімназіі паступіла ў Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт на факультэт гішпанскай мовы. У валянтэрскай праграме Эўракамісіі ў 2013 годзе паехала ў Гішпанію, дзе выкладала ангельскую мову.
Атрымала прэмію ўжо за першы артыкул
Ідэя стаць журналісткай, як успамінае дзед Кацярыны Сяргей Ваганаў, прыйшла да яе, калі вярталася з Эўропы на радзіму. Дабіраючыся дадому аўтастопам, яна напісала артыкул «Палянэз на вакзале», за які стала ляўрэаткай прэміі «Народны рэпартэр». Супрацоўнічала з «Народнай воляй», «Нашай нівай», Радыё Свабода.
Першае спатканьне з будучым мужам прайшло на выбарчым участку
Са сваім будучым мужам журналістам Ігарам Ільяшом Кацярына Андрэева пазнаёмілася на працы — яны абое асьвятлялі акцыю пратэсту Міколы Статкевіча. Выбары 2015 году ў кар’еры Кацярыны былі першай палітычнай кампаніяй. Першае спатканьне прайшло на выбарчым участку — у гімназіі № 23, дзе Каця некалі вучылася і дзе іх ледзьве не затрымалі. 10 сьнежня 2016 году маладыя людзі пабраліся шлюбам.
Вяла жывыя трансьляцыі са знакавых беларускіх падзей
Ад 2017 году Кацярына супрацоўнічае з тэлеканалам «Белсат». Першыя стрымы вяла з «акцый недармаедаў». Кацю ўпершыню затрымалі ў красавіку 2017 году ў Воршы і судзілі за нібыта «непадпарадкаваньне міліцыі і парушэньне заканадаўства аб СМІ». Тады ёй прысудзілі штраф. У верасьні 2020 году Андрэеву затрымаў АМАП за жывую трансьляцыю з жаночага маршу ў Менску, тады яна прабыла ў няволі 3 сутак.
Разам з мужам напісала кнігу
У 2020 годзе разам зь мужам Ігарам Ільяшом Кацярына выдала кнігу «Беларускі Данбас» пра беларусаў – удзельнікаў расейска-ўкраінскай вайны. У кнізе адлюстраваны вынікі шматгадовага журналісцкага расьсьледаваньня. Журналісты высьветлілі, сярод іншага, як беларускія службы і дзяржпрадпрыемствы ўдзельнічаюць у вайне на баку сэпаратыстаў. У 2021 годзе кнігу прызналі экстрэмісцкай.
Асуджаная на 2 гады зьняволеньня за стрым з «плошчы Перамен»
15 лістапада 2020 году Кацярыну разам з калегай Дар’яй Чульцовай затрымалі ў шматпавярховіку на «плошчы Перамен», адкуль яны вялі стрым з акцыі памяці Рамана Бандарэнкі. Спачатку дзяўчаты атрымалі па 7 дзён адміністрацыйнага арышту. Пасьля іх абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»). Іх зьмясьцілі ў СІЗА № 1 («Валадарку»).
18 лютага 2021 году суд Фрунзэнскага раёну Менску (судзьдзя Натальля Бугук, дзяржаўны абвінаваўца Аліна Касьянчык, сьледчы Ігар Курыловіч) прысудзіў Андрэевай і Чульцовай па 2 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму.
На прапанову Юрыя Васкрасенскага напісаць прашэньне аб памілаваньні на імя Лукашэнкі Кацярына Андрэева не адказала.
У калёніі атрымала статус «схільнай да экстрэмізму»
У сакавіку 2021 году ў жодзінскай турме Кацярына Андрэева атрымала статус «схільнай да экстрэмізму і іншых дэструктыўных дзеяньняў» за адмову прызнаць сваю віну перад турэмнай камісіяй і была ўзятая пад асаблівы кантроль Такі статус прадугледжвае, што на дзьвярах камэры ёсьць карычневая картка, падчас паверак зьняволеная павінна называць наглядчыкам свой артыкул і паведамляць аб прафіляктычным уліку. У камэры вызначана пэўнае месца, дзе яна абавязкова павінна заставацца, калі заходзіць наглядчык. Таксама чалавека з такім статусам пэрыядычна выклікаюць на прафіляктычныя гутаркі.
З калёніі зноў трапіла ў СІЗА
Адбывала пакараньне ў жаночай калёніі Гомля, працавала на швейнай фабрыцы. Засвоіла новую прафэсію швачкі, шыла трыкатажныя вырабы, элемэнты формы для курсантаў МНС. Лісты Кацярыне даходзяць толькі ад сваякоў. Муж Ігар быў на спатканьні ў Гомельскай калёніі на пачатку лютага. Кажа, што трымаецца яна, мяркуючы па лістах, роўна, годна.
«Мая задача — захаваць душу ад распаду і не дазволіць зоне пракрасьціся ў мяне. Ня стаць часткай выродлівага [турэмнага сьвету], а зрабіць трохі больш цудоўнай прасторы вакол сябе», — сказала Кацярына Андрэева падчас спатканьня з мужам у гомельскай калёніі.
10 лютага 2022 году стала вядома, што Кацю этапавалі з гомельскай папраўчай калёніі № 4 у гомельскае СІЗА № 3. Аб прычынах нічога не паведамлялася.
7 красавіка муж Ігар Ільяш расказаў, што Кацярыне выставілі новае абвінавачаньне — у здрадзе дзяржаве (ч.1 арт. 356 КК). Сьледзтва праходзіла ва ўмовах поўнай сакрэтнасьці — цягам 55 дзён пасьля яе пераводу ў СІЗА сваякі ня ведалі ні статусу Каці, ні артыкулаў, паводле якіх праводзяцца працэсуальныя дзеяньні.
Ляўрэтка шматлікіх прэстыжных прэмій
У 2021 году Кацярына Андрэева разам з Дар’яй Чульцовай стала ляўрэаткай шэрагу прэстыжных журналісцкіх і праваабарончых прэмій:
- Прэміі імя Дар’юша Фікуса;
- «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая;
- Axel-Springer-Preis(de);
- «За мужнасьць у журналістыцы»;
- Прэміі імя Герда Буцэрыюса «Вольная прэса Ўсходняй Эўропы»;
- Prix Europa(de).