Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінінфарм унёс кнігу «Белорусский Донбасс» у сьпіс экстрэмісцкіх. Але за яе набыцьцё ўжо каралі


Кніга «Беларускі Данбас»
Кніга «Беларускі Данбас»

Кніга цяпер афіцыйна забароненая на тэрыторыі Беларусі.

Міністэрства інфармацыі афіцыйна ўнесла ў лік экстрэмісцкіх матэрыялаў кнігу «Белорусский Донбасс». Яна зьявілася ў афіцыйным сьпісе, які публікуе ведамства. Кніга напісаная на расейскай мове, яе аўтары — журналісты «Белсату» Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш.

Выданьне, якое цяпер афіцыйна трапіла ў «экстрэмісцкі» сьпіс, прызналі такім яшчэ 29 студзеня. Зрабіла гэта Менская абласная экспэртная камісія, у заключэньні якой напісана, што ў кнізе «выяўлена наяўнасьць прыкметаў праявы экстрэмізму».

Суд жа прызнаў «Белорусский Донбасс» экстрэмісцкім матэрыялам 26 сакавіка, а ўжо 7 красавіка карэспандэнта тэлеканалу «Настоящее время» Рамана Васюковіча аштрафавалі на 580 рублёў у адміністрацыйнай справе аб «Распаўсюдзе або перавозцы інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Васюковіча затрымалі 11 сьнежня па вяртаньні з Кіева з двума асобнікамі кнігі «Белорусский Донбасс». Пры гэтым сам журналіст патлумачыў, што купіў кнігі для сябе і сяброў, распаўсюду не плянавалася.

Кнігу ў 2020 годзе выдала ўкраінскае выдавецтва «Фоліо». Зьмест выданьня — журналісцкае расьсьледаваньне пра ўдзел беларусаў у вайне на Ўсходзе Ўкраіны, ролю беларусаў у ім і ўплыў канфлікту на Беларусь; ролю спэцслужбаў і самога Аляксандра Лукашэнкі.

Прэзэнтацыя кнігі ў Беларусі прайшла 19 лютага ў амбасадзе Ўкраіны ў Менску, на ёй прысутнічаў амбасадар Украіны Ігар Кізім.

Адна з аўтарак кнігі Кацярына Андрэева цяпер адбывае 2-гадовае турэмнае пакараньне за стрым з «плошчы Пераменаў». Яе прызналі вінаватай нібыта ў арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG