Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дарослыя так „накасячылі“, што выправіць сытуацыю змогуць толькі дзеці». Айцішнікі стварылі плятформу для гандлю дзіцячымі малюнкамі


Інтэрнацыянальная каманда, пераважна зь беларускіх айцішнікаў, стварыла плятформу, на якой дзеці з Украіны могуць прадаваць свае малюнкі. Праект называецца «Лелека» (па-ўкраінску гэта бусел). Дзеці могуць пакінуць заробленыя грошы сабе, перадаць іх украінскім вайскоўцам, альбо на іншыя добрыя справы.

Сузаснавальнікі праекту — беларускія айцішнікі Аляксандра Ламачэнка, Павал Лібер і Сандра Чарнак.

Усе грошы за вылікам VAT (падатку на дададзеную вартасьць) ідуць сем’ям — плятформа не забірае ніякіх камісій, гэта справа выключна дабрачынная. Грошы будуць пералічаны непасрэдна на рахунак бацькоў.

Малюнкі ўкраінскіх дзяцей, якія прадаюцца на плятформе leleka.me
Малюнкі ўкраінскіх дзяцей, якія прадаюцца на плятформе leleka.me

«Важна, каб дзеці не атрымлівалі грошы проста так, а менавіта зараблялі самі продажам сваіх карцін»

Гэта праект для дзяцей з Украіны незалежна ад іх нацыянальнасьці. Калі дзіця было ва Ўкраіне 24 лютага, калі дзіця перажывае ўвесь гэты жах вайны — яно можа адправіць карціну на leleka.me. Кожны малюнак можна купіць за 7 брытанскіх фунтаў.

Адзін з малюнкам разам зь ягоным маленькім аўтарам
Адзін з малюнкам разам зь ягоным маленькім аўтарам

Працаваць каманда пачала яшчэ ў сакавіку. Сайт, саму плятформу зрабілі за некалькі тыдняў. Але асноўнай праблемай, зь якой сутыкнуліся распрацоўшчыкі, аказаўся перавод грошай ва Ўкраіну. Бо стандартныя плятформы і іх функцыянальнасьці для падобных «маркетплэйсаў» не падтрымліваюць Украіну наагул. Таму спатрэбіўся час, каб зарэгістраваць юрыдычную асобу ў Вялікай Брытаніі, падрыхтаваць усе дакумэнты, пабудаваць ланцужок выплат, тлумачыць Аляксандра Ламачэнка.

Сузаснавальніца праекту Аляксандра Ламачэнка
Сузаснавальніца праекту Аляксандра Ламачэнка

«Чаму мы ўперліся ў ідэю з продажам, а не з ахвяраваньнямі? З ахвяраваньнямі, напэўна, было б прасьцей. Для нас было вельмі важна, каб дзеці не атрымлівалі грошы проста так, а менавіта зараблялі самі продажам сваіх карцін. Бо на вайне самая ўразьлівая аўдыторыя — дзеці, якія ня могуць валянтэрыць, як дарослыя. Яны бачаць, што адбываецца, і адчуваюць вялікую бездапаможнасьць.

Таму мы пайшлі па шляху продажу карцін, каб даць магчымасьць дзецям адчуць, што яны таксама могуць зрабіць свой унёсак. Што яны самі могуць зарабіць для сябе, для сваёй сям’і, для сваёй краіны, заданаціць ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны ці Харкаўскі заапарк», — тлумачыць Аляксандра Ламачэнка.

Пад малюнкамі дзеці пішуць пра свае мары. Часьцей за ўсё — каб хутчэй Украіна перамагла, каб быў мір, кажа беларуска. А таксама падпісваюць, на што зьбіраюцца патраціць заробленыя грошы. Да прыкладу, Давід хоча адправіць грошы Ўзброеным сілам Украіны.

Дзеці ўжо даслалі больш за 7 тысяч малюнкаў, 2 тысячы ўжо ў продажы

Свае карціны дзеці фатаграфуюць самі і часьцяком дасылаюць іх ня ў лепшай якасьці. Хтосьці фатаграфуе ў дарозе, хтосьці ў лягеры ўцекачоў, хтосьці ў бамбасховішчы фатаграфуе ў цемры.

«У нас ёсьць аўтаматызацыя, якая спраўляецца з часткай карцін. Але ёсьць дастаткова вялікая каманда дызайнэраў-валянтэраў, якая апрацоўвае карціны ўручную. І гэта займае шмат часу», — тлумачыць Аляксандра.

Пакуль шырокай рэклямы ў СМІ яшчэ не было, інфармацыю распаўсюдзілі некалькі ўкраінскіх мэдыя.

Сузаснавальніца праекту Сандра Чарнак
Сузаснавальніца праекту Сандра Чарнак
Сузаснавальнік праекту Павал Лібер
Сузаснавальнік праекту Павал Лібер

Спачатку каманда пабойвалася, што дзеці і бацькі ня так актыўна адгукнуцца, будуць думаць, што калі гэта не супэрпрафэсійны твор алеем на палатне ці не скапіяваны, да прыкладу, Ван Гог, то яго ня варта дасылаць. Аднак дзеці ўжо даслалі больш за 7 тысяч малюнкаў, зь якіх апрацавана і апублікавана каля 2 тысяч.

«Дасылаюць самыя розныя творы. Ёсьць карціны двухгадовых дзетак, дзе на аркушы фармату А4 проста намаляваныя кружочкі. Шмат дасылаюць сабаку Патрона — гэта такі дзіцячы нацыянальны герой. Шмат малюнкаў на тэму вайны, шмат выяваў зброі — і гэта насамрэч страшна.

Многія дзеці дасылаюць партрэты сваіх бацькоў, а таксама партрэты людзей, якія сталі для іх героямі, усясьветных лідэраў, сваіх куміраў. Гэта насамрэч не палітыкі, а „сэлебрыціс“, якія выказалі падтрымку Ўкраіне. Напрыклад, у нас ёсьць цэлая сэрыя карцін з выявамі амэрыканскай сьпявачкі Білі Айліш», — расказвае Аляксандра Ламачэнка.

Па словах Аляксандры, прымаюцца амаль усе малюнкі, бо каб іх фільтраваць, трэба дакладныя крытэры, каманда, якая будзе рабіць адбор. Не выстаўляюць на сайт, да прыкладу, фота аўтамата. Але ў асноўным дзеці разумеюць, што варта дасылаць, а што не, кажа куратарка праекту.

У бліжэйшых плянах — асабісты кабінэт для сем’яў. Каб карціны, апісаньні да іх бацькі і дзеці маглі дадаваць самастойна. Каб у будучым плятформа жыла без удзелу каманды прафэсіяналаў.

«Ёсьць ідэя зрабіць гэты праект і такі „marketplace“ для дзяцей з усяго сьвету. Наша выніковая мэта — дапамагчы дзецям адчуць, што ў іх ёсьць магчымасьць уплываць на будучыню плянэты і не дазваляць людзям 70–80 гадоў, якія цяпер пры ўладзе, прымаць рашэньні за іх.

Дарослыя так „накасячылі“ за апошнія 100 гадоў, што выправіць сытуацыю змогуць толькі дзеці. І ў іх павінны быць інструмэнты для гэтага», — мяркуе адна з заснавальнікаў праекту leleka.me Аляксандра Ламачэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG