Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ЗША заявіў пра дадатковую вайсковую дапамогу Ўкраіне на суму 800 мільёнаў даляраў


Джо Байдэн на саміце NATO
Джо Байдэн на саміце NATO

У найбліжэйшыя дні Вашынгтон абвесьціць пра дадатковую дапамогу Ўкраіне ў галіне ўзбраеньняў, у тым ліку сыстэмамі супрацьракетнай абароны, на суму 800 мільёнаў даляраў.

Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі па выніках саміту NATO ў Мадрыдзе заявіў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн.

Таксама ЗША паставяць Украіне дадатковыя артылерыю і боепрыпасы, контрабатарэйныя радары, дадатковыя боепрыпасы для раней перададзеных рэактыўных сыстэмаў залпавага агню.

«Мы будзем падтрымліваць Украіну столькі, колькі спатрэбіцца», — сказаў Байдэн.

Па словах прэзыдэнта ЗША, Расея заплаціць высокую цану за напад на тэрыторыю суседняй краіны, а вайна ня скончыцца паразай Украіны.

«Пуцін думаў, што зможа ўнесьці раскол у наш Альянс. Ён думаў, што ён нас аслабіць і Альянс дасьць слабіну. Насамрэч ён атрымаў зусім адваротнае. Ён думаў, што дасягне „фінляндызацыі“ NATO, а атрымаў „натызацыю“ Фінляндыі», — заявіў Байдэн.

Ён дадаў, што межы NATO пашырыліся на 800 міляў праз запрашэньне ў Альянс Швэцыі і Фінляндыі.

На саміце NATO ў Мадрыдзе Швэцыя і Фінляндыя афіцыйна атрымалі запрашэньне ўступіць у Альянс. «Непашырэньне NATO» было адной з фармальных падставаў для прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна пачаць вайну з Украінай, аднак будучае далучэньне да Альянсу яшчэ дзьвюх краін расейскія афіцыйныя асобы камэнтуюць адносна стрымана.

У Расеі не выклікае заклапочанасьці магчымае ўступленьне Фінляндыі і Швэцыі ў NATO, аднак Масква будзе вымушана адказаць люстэркава на меркаванае разьмяшчэньне сілаў і інфраструктуры блёку ў краінах пасьля іх уступленьня ў Альянс, заявіў Пуцін.

Першапачаткова Турэччына заблякавала перамовы аб уступленьні Фінляндыі і Швэцыі ў NATO. Аднак днём раней Турэччына, Швэцыя і Фінляндыя па выніках перамоваў у Мадрыдзе заключылі пагадненьне па бясьпецы, якое разблякавала працэс іх далучэньня да арганізацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG