Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мёртвы хапае жывога. Рэестар — для ўсяго, што яшчэ засталося ад культуры


Ілюстрацыйнае фота. Прэзэнтацыя кнігі «Сто цытатаў на Свабодзе Сьвятланы Алексіевіч», 2019 год
Ілюстрацыйнае фота. Прэзэнтацыя кнігі «Сто цытатаў на Свабодзе Сьвятланы Алексіевіч», 2019 год

Фэстывалі, прэзэнтацыі, культурныя прасторы — усё, чым так натхнёна поўнілася беларускае жыцьцё яшчэ ў 2019-м — цяпер немагчымае ня толькі фактычна, але і тэарэтычна. Савет Міністраў дазволіць усялякае публічнае варушэньне толькі тым, каго ўключаць у адмысловы Рэестар.

На месца жывой культуры ў Беларусь вярнулася савецкая паныласьць. Каго зь пісьменьнікаў, мастакоў, музыкаў не захапілі ў палон або ня выціснулі з краіны, тых (не) унясуць у Рэестар, бо мера, як справядліва заўважыў культуроляг Максім Жбанкоў, скіраваная ня супраць імпрэзаў, а супраць тых, хто гэтыя імпрэзы (задумаў, зладзіў і ўмее) праводзіць. А ўсе, хто ў нас гэта ўмее рабіць з уласнае ініцыятывы, ужо названыя экстрэмістамі. Нават «по умолчанию». Усе, каму «больш за ўсіх трэба», хто «высоўваецца», хто «вы ж усё самі» не разумее.

Урэшце застануцца толькі тыя, хто так ці інакш зьвязаны з «уладай». У эстэтычным пляне гэта «Славянскі базар» і калхозныя Дажынкі, агратрэш, які зь вялікай нацяжкай можна назваць культурай, а жывой культурай і назваць немагчыма. Застанецца мёртвае.

Мне ўяўляецца, што пасьля 2020 году ўвесь народ Беларусі падзяліўся на тых, хто жыве ў ХХІ стагодзьдзі, і тых, хто застаецца ў ХХ-м.

Першыя — тыя, хто ўмее самастойна мысьліць, хто чытаў добрыя кнігі, хто ўнутрана свабодны, хто бываў на Захадзе, хто карыстаецца VPN, хто грэбуе мець дачыненьні з гэтай «уладай». І такіх людзей адчувальная большасьць. З другімі ўсё наадварот. Прычым калі першыя жывуць наперад, другія жывуць назад. Яны, як правіла, прыхільнікі гэтай улады, яе прапаганды і таго, каб усё, што адбываецца ў публічнай прасторы, дакладна гэтай прапагандзе адпавядала.

Да якой ступені «назад» яны ўжо дайшлі, ня цяжка вызначыць. Гэта нават ня тыя савецкія часы, якія давялося пабачыць на ўласныя вочы, калі, пры ўсім падабенстве, дазваляліся пэўныя лякуны для таленту, калі ўлада не культывавала хамства і калі саму ўладу, хоць і з нацяжкамі, можна было назваць беларускай.

Кнігі і фільмы «шасьцідзясятнікаў» забаранялі і ставілі на паліцу, але шмат чаго і «праскоквала». У 1970-я прайшлі вялікія мастацкія выставы, прысьвечаныя Цётцы і Гусоўскаму (цяпер цалкам нерэальныя), у 1980-м Беларуская Майстроўня ў цэнтры Менску правяла першыя публічныя Каляды, у 1983-м — масавае Гуканьне вясны ў Купалаўскім парку. Усё гэта было пачаткам публічнай актыўнасьці. Усяго гэтага ніхто асабліва не забараняў, як і не дазваляў. Бо гэта было прыгожа і натхняльна, нагадвала пра ўласнае вясковае дзяцінства.

Калі называць рэчы сваімі імёнамі, дык новы Рэестар — гэта ня проста абмежаваньне, а прыкмета таталітарызму — таго ладу, які ўсталёўваецца ў Беларусі. Дадушыць усё, што яшчэ самастойна дыхае, да апошняга ўздыху.

Людзі, якія «жывуць назад», дасягнулі 1937 году, калі горшых паводле некампэтэнтнасьці, бесчалавечнасьці, безыдэйнасьці і бясплённасьці ўладаў быць ужо ня можа.

Зь іншага боку, людзей, якія «жывуць наперад», разам з усім цывілізаваным сьветам, у Беларусі непараўнальна болей. Замяніць ім мэнталітэт і сьвядомасьць на паўночнакарэйскія немагчыма. Усіх іх ня выцісьнеш за мяжу. Можна спаралізаваць іх актыўнасьць, але энэргія масавых маршаў 2020 году, скіраваная ў будучыню, будзе назапашвацца. Тым часам тыя, хто «жыве назад», дасягнулі максымальнага пункту, аддаўшы на тое ўсю сваю энэргію, і цяпер, ня маючы ўнутранага руху, могуць толькі развальвацца, як закінуты нежылы будан.

Немагчыма таксама адкруціць назад, у 2019 год — надта шмат зроблена незваротных злачынстваў. І адзіны спадзеў у тых, хто «жыве назад», можа быць на яшчэ большае злачынства, ужо не сваё. На тое, што «Расея ня спыніцца» і «вайна ўсё сьпіша». Але гэта зусім іншая гісторыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG