У рэестры будуць зьвесткі пра арганізатараў масавых імпрэзаў зь ліку ІП, юрыдычных асоб (акрамя дзяржаўных органаў і дзяржаўных арганізацый), а таксама замежных і міжнародных арганізацый, паведамляе БелТА.
Каб трапіць у рэестар, арганізатару трэба накіраваць заяву ў ведамства і шэраг дакумэнтаў, якія разгледзіць рэспубліканская экспэртная камісія пры Міністэрстве культуры. Яна ўлічыць мастацкі ўзровень культурна-забаўляльных мерапрыемстваў, праведзеных арганізатарам, а таксама іх адпаведнасьць Кодэксу аб культуры і іншым нюансам арганізацыйнага характару.
Арганізатары, ня ўключаныя ў рэестар, ня змогуць праводзіць культурна-забаўляльныя мерапрыемствы.
«Гэта выглядае як культурная цэнзура не ў рэжыме фільтрацыі акцый, а ў рэжыме фільтрацыі актараў. Спроба татальна кантраляваць культурную дзейнасьць», — пракамэнтаваў сытуацыю тэлеграм-каналу BY_culture культуроляг Максім Жбанкоў.
- Да культурна-масавых мерапрыемстваў адносяцца выставы, прэзэнтацыі, прэс-мерапрыемствы, трэнінгі, сэмінары, фэсты, кірмашы і да т.п.