Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Многія з тых, хто далучыўся да руху за перамены ў 2020-м, думалі, што будзе прасьцей». Сацыёляг Вадалаская пра 2,5 месяца ў СІЗА


Тацяна Вадалаская
Тацяна Вадалаская

Каардынатарка «Лятучага ўнівэрсытэту», сацыёляг Тацяна Вадалаская 7 чэрвеня выйшла зь СІЗА. Судзьдзя Алег Каляда вынес прысуд — 2,5 года «хіміі» з накіраваньнем у папраўчую ўстанову. Пакуль будзе разглядацца скарга і вызначацца месца адбыцьця пакараньня, спадарыня Тацяна пабудзе на волі.

У інтэрвію блогу «Галасы» Вадалаская расказала пра ўмовы ўтрыманьня і дробныя радасьці жыцьця на «Валадарцы», размовы з удзельнікамі пратэставага руху і перажываньні пасьля таго, як яна не прызнала на судзе віны.

«Я разумела, што так можа быць, таму ўзяла з сабой крыху асабістых рэчаў, такіх як зубная шчотка. Хоць мяне ніхто не выклікаў у Сьледчы камітэт — гэта была мая ініцыятыва. Я хацела ўзяць дакумэнты на выезд у санаторый у Літву. Калі я прыйшла туды, то мне выставілі абвінавачаньне і зьмянілі меру стрыманьня. Усё было вельмі хутка, без асаблівых дадатковых пытаньняў», — кажа сацыёляг.

Спадарыню Тацяну затрымалі 23 сакавіка, ёй выставілі абвінавачаньні паводле «народнага» 342-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або ўдзел у іх»). Першы раз Вадаласкую затрымалі 4 жніўня 2021 году, але пасьля 10 дзён арышту вызвалілі.

Абвінавачаньне грунтавалася на фатаздымку, на якім відаць, што Вадалаская падчас акцыі пратэсту 25 кастрычніка 2020 году знаходзілася на праезнай частцы.

«Суд быў, на мой погляд, вельмі стандартны і пусты. За шмат гадоў мы ўжо загадзя ведаем, як будзе ўсё адбывацца. Гэта не падобна да працэсу з аргумэнтамі, да таго, што можна нешта давесьці. Усё было вельмі фармальна. Мне далі магчымасьць выказаць сваё стаўленьне да абвінавачаньня. Паколькі я не прызнала віны, то крыху хвалявалася, як гэта паўплывае на прысуд. Калі мне далі роўна столькі ж, колькі прасіў пракурор, то стала крыху прасьцей».

Пасьля вызваленьня Тацяна Вадалаская змагла абняцца і паразмаўляць зь людзьмі, якія яе падтрымлівалі падчас зьняволеньня і суду. Яна кажа, што гэта было вельмі сьветлае пачуцьцё.

Што тычыцца ўмоваў утрыманьня на «Валадарцы», то Вадалаская лічыць іх дастаткова стандартнымі, як на цяперашні час.

«Я ўвесь час была ў адной камэры на восем чалавек. Было дастаткова цесна. Зь непрыемнага — гэта тое, што заўсёды гарыць штучнае сьвятло, натуральнага з закратаваных вокнаў амаль не трапляе. Ноччу сьвятло прыглушаюць, але яно ўсё адно гарыць. Паколькі камэра цесная, то дастаткова складана чытаць ці пісаць».

А вось з дробных радасьцяў жыцьця ў СІЗА яна называе штодзённыя прагулкі ў невялічкім дворыку.

«Паколькі ўсё адбывалася вясной, то было вельмі прыемным мерапрыемствам. Калі трапляеш на вуліцу, то адчуваеш нейкія пахі, вецер, часам дожджык».

Больш за палову камэры складалі палітычныя вязьні, якія ў асноўным таксама праходзілі паводле артыкулу 342 КК.

«Мне як дасьледчыцы было цікава паразмаўляць з рознымі людзьмі, паглядзець іх устаноўкі, як яны бачаць сьвет, ацэньваюць падзеі. Паглыбіцца ў тую культуру, зь якой звычайна не прывык стасавацца».

У размовах у СІЗА адбывалася і рэфлексія падзей 2020 году і пазьнейшых.

«Я б не сказала, што людзі расчараваныя, але ёсьць горкае ўсьведамленьне таго, што перамены не адбыліся. Мне здаецца, многія з тых, хто далучыўся да руху за перамены ў 2020-м, думалі, што будзе прасьцей. А ўсё аказалася больш складаным і ахвярным. Вялікае пытаньне — калі б усе ведалі высілкі, якія ад іх патрабуюцца, то ці пайшлі б яны на гэта? У тых людзей, якія нядаўна далучыліся, не было глыбокага разуменьня сытуацыі».

Перадачы ў СІЗА перадаваліся спраўна, а вось зь лістамі ўзьнікалі праблемы. На тыдзень спадарыні Тацяне даходзіла звычайна каля сямі лістоў. Па яе назіраньнях на волі — гэта, хутчэй за ўсё, траціна ад тых, якія ёй адпраўлялі ў турму.

«Уражаньня, што за гэтыя 2,5 месяца нешта зьмянілася, няма. Працягваецца ад’езд людзей з краіны, што вельмі мяняе наша грамадзтва. Хіба што, калі мяне арыштоўвалі ў сакавіку, то ў людзей было моцнае ўзрушэньне ад вайны ва Ўкраіне, а цяпер ужо ўсе ставяцца спакайней. Тады эмацыйны напал на гэтай тэме быў вельмі вялікі, а цяпер хутчэй сышоў углыб кожнага».

За навінамі ў СІЗА ўдавалася сачыць праз выданьне «Беларусь сегодня», якое пару разоў на тыдзень трапляла ў камэру, час ад часу даходзілі «Белорусы и рынок».

«Я рыхтавалася да калёніі. Заўсёды лепш рыхтавацца да горшага. Я падала апэляцыйную скаргу, цяпер чакаю яе разгляду. Пакуль няясна, куды мяне могуць адправіць адбываць пакараньне — гэта можа зацягнуцца яшчэ на некалькі месяцаў», — падсумоўвае Тацяна Вадалаская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG