Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыёляга Тацяну Вадаласкую асудзілі на 2,5 года «хіміі»


Тацяна Вадалаская
Тацяна Вадалаская

Судзьдзя Алег Каляда прысудзіў Вадаласкай абмежаваньне волі ва ўстанове адкрытага тыпу тэрмінам на два з паловай гады. Менавіта столькі запрасіла абвінавачаньне. Вадаласкую адпусьцілі з-пад варты ў залі суду.

Каардынатарку «Лятучага ўнівэрсытэту», старшага аналітыка Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Тацяну Вадаласкую з 23 сакавіка ўтрымлівалі ў менскім СІЗА №1 на вуліцы Валадарскага.

Тацяну Вадаласкую абвінавацілі паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Падчас судовага пасяджэньня Тацяну трымалі ў кайданках, паведамляла «Вясна». Паводле зьвестак праваабаронцаў, у залю дазволілі прайсьці ўсім ахвотным.

Упершыню Вадаласкую затрымалі пасьля ператрусу 4 жніўня 2021 году. Тады яна атрымала 10-дзённы арышт. Адпусьцілі Тацяну 14 жніўня ў статусе падазраванай паводле ч. 1 арт. 342 КК.

Пазьней яе некалькі разоў выклікалі на допыт у Сьледчы камітэт. У сакавіку Тацяна зьвярнулася ў СК па дазвол паехаць у Літву на лячэньне, 23 сакавіка накіравалася ў СК па адказ, але ёй прад’явілі пастанову аб узяцьці пад варту.

48-гадовая Тацяна Вадалаская — праграмны каардынатар ініцыятывы «Лятучы ўнівэрсытэт», якую пашыраў філёзаф і мэтадоляг, палітвязень Уладзімер Мацкевіч.

Таксама яна сябра міжнароднага грамадзкага аб’яднаньня «ЭўраБеларусь» (рэгістрацыя ў Літве).

Летась у жніўні ў актывістаў гэтага аб’яднаньня прайшлі ператрусы.

Таксама Вадалаская супрацоўнічала з Агенцтвам гуманітарных тэхналёгій і Цэнтрам эўрапейскай трансфармацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG