«Сьвята сонца»
Традыцыйны беларускі фэстываль, прымеркаваны да Купальля па старым стылі, ладзіўся звычайна ў бліжэйшыя да 22 чэрвеня выходныя ў музэі ў Дудутках. Сёлета фэстываль таксама адбыўся, а мінулыя два гады яго не было з прычыны пандэміі.
Лайн-ап сёлета быў наступны:
- «Хмельны вір»
- «Бан Жвірба»
- «Тутэйшая Шляхта»
- «КаS»
- PAWA
Усе выступоўцы — беларускія гурты, хоць раней на фэстывалі кожны год прыяжджалі госьці. Напрыклад, у 2019 годзе на сцэне фэста выступалі ўкраінцы Joryj Kłoc і расейскі гурт «Тролль Гнёт Ель».
Традыцыйна на гэтым фэсьце выступаў гурт Irdorath, музыкі якога цяпер за кратамі ў Беларусі, бо гралі на дудах падчас пратэстаў у Менску.
«Купальскае кола»
Яшчэ адзін фэст, прымеркаваны да Купальля. Праходзіў у музэі архітэктуры і побыту ў Строчыцах. У 2019 годзе — два дні на трох розных сцэнах. Тады на фэсьце выступалі «Стары Ольса», «Дай Дорогу», Neuro Dubel, «Троіца», Pragnavit, Mjod (Расея), Natural Spirit (Украіна), Znich, Gods Tower.
Цяпер гэты фэст у Беларусі не праводзіцца. «Купальскае кола» 2022 адбудзецца 8 ліпеня ў польскім Хожуве, непадалёк ад Катавіцаў і Кракава.
«Наш Грунвальд»
Традыцыйны фэстываль вайскова-гістарычнай рэканструкцыі. Яго заўжды завяршаў музычны open-air. У розныя часы на сцэне фэсту выступалі такія гурты, як Cruahan (Ірляндыя), Corvus Corax (Нямеччына), «Мельница» (Расея), «Эпидемия» (Расея), а таксама беларускія гурты «Стары Ольса», Irdorath, Neuro Dubel ды іншыя.
Сёлета «Наш Грунвальд» таксама пройдзе, але якім будзе музычны склад, арганізатары пакуль не ўдакладнілі. Фэст анансаваны 23–24 ліпеня ў Дудутках.
Lidbeer
Піўны фэстываль у Лідзе, які традыцыйна ладзілі вытворцы лідзкага піва. Падчас фэсту гістарычны цэнтар Ліды рабілі пешаходнай зонай, каля Лідзкага замка выстаўлялі шатры з рамеснымі вырабамі, ежай і півам.
На музычнай сцэне фэсту ў 2019 годзе выступалі «Сплин», «Чайф», «Элджей», «Агонь», Akute, «Молчат дома».
У 2022 годзе Lidbeer не анансавалі. Апошні раз фэст праходзіў у 2019 годзе.
«Рок за баброў»
Адзін з самых буйных рок-фэстаў у Беларусі, у 2019 годзе яго наведалі больш за 50 тысяч чалавек. Традыцыйна фэст адбываўся пад Менскам на аэрадроме «Баравая». У 2019 годзе тут выступалі, сярод іншых, «Петля Пристрастия», «Монеточка», «Дай дарогу!», «Мумий Тролль», «Ляпіс-98», «Баста».
У 2020 годзе фэст адмянілі і перанесьлі на 2021 год з прычыны пандэміі, пасьля яго адмянілі і ў 2021-м і перанесьлі на 2022 год. Сёлета фэст перанесьлі зноў — «у сувязі з геапалітычным становішчам».
«Басовішча»
Фэстываль беларускай альтэрнатыўнай і рок-музыкі ў Польшчы. Праходзіў з 1990 году ў другой палове ліпеня каля паселішча Грудэк у Беластоцкім павеце.
На фэстывалі пасьпелі зайграць большасьць прадстаўнікоў беларускай альтэрнатыўнай, фолькавай і рок-музыкі, а таксама госьці з Польшчы, Літвы, Італіі, Сэрбіі ды Ўкраіны. Наведнікам фэсту спрыялі ў атрыманьні візаў.
Гэты фэстываль лічыцца мэкай беларускай рок-музыкі. Апошні раз «Басовішча» прайшло ў 2019 годзе.
Viva Braslav
Штогадовы музычны фэстываль, які праходзіць на берагах Браслаўскіх азёраў. Фэст пазыцыянуецца як музычна-спартовы, можна пагуляць у валейбол, пакупацца, пазаймацца ёгай. Viva Braslav выжыў і ў ковідныя часы, у 2021 годзе яго наведалі каля 30 тысяч чалавек.
Адбудзецца фэст і ў 2022-м. Асноўныя выступоўцы сёлета — поп-артысты, сярод іх Jony, dj Shapov, Dabro, Mari Ferrari, Мары Краймбрэры. У мінулым на сцэне гэтага фэсту выступалі таксама «Ляпіс-98».
Sprava
Напэўна, першы soul-фэстываль Беларусі, які пачалі рабіць адмыслоўцы ў 2018 годзе. Арганізатары пазыцыянуюць яго як фэстываль-узаемадзеяньне з гістарычным і прыродным ляндшафтам Беларусі сродкамі сучаснага мастацтва і музыкі.
У 2019 годзе на фэстывалі выступалі «Троіца», Dee Tree, Ulyanica, «Грёзы Пафнутия». Месца правядзеньня — вёска Белая царква Чашніцкага раёну. Арганізатары абяцаюць, што фэст адбудзецца і сёлета 5–7 жніўня. Лайн-ап пакуль невядомы.
«Камяніца»
Фольк-фэстываль, які праводзіўся ў Беларусі з 2009 году ў музэі архітэктуры і побыту ў Строчыцах. У розныя часы на сцэне гэтага фэстывалю выступалі «Троіца», Joryj Kłoc (Украіна), «Даха Браха» (Украіна), «Тесто» (Расея), Shuma, Theodor Bastard (Расея), ONUKA (Украіна), «Стары Ольса», Лявон Вольскі & Павел Аракелян, Trollwald. Апошняя «Камяніца» прайшла ў 2018 годзе, а ў 2019 годзе заўчасна пайшоў з жыцьця стваральнік фэсту Алег Пашак.
A-Fest
Музычны фэстываль, які ладзіў вытворца піва «Аліварыя», праводзіўся з 2015 году. Традыцыйнай пляцоўкай фэстывалю быў Лошыцкі парк. У розныя гады там выступалі Palina, NIZKIZ, O.Torvald, «Бумбокс», :B:N:, Akute, Tanin Jazz ды іншыя.
Апошні раз фэстываль прайшоў у 2019 годзе, на 2022 год яго не абвяшчалі.
«Тбілісоба»
Фэстываль грузінскай культуры ў Верхнім горадзе ў Менску. Ён праходзіў пяць разоў запар пры падтрымцы Менгарвыканаму і грузінскай амбасады ў Беларусі. Традыцыйна на фэсьце можна было паспытаць грузінскую нацыянальную ежу і прысмакі. У 2019 годзе на фэстывалі выступіў папулярны грузінскі гурт Mgzavrebi. Пасьля пандэмічных абмежаваньняў фэстываль не аднаўляўся.
«Славянскі базар»
Фэстываль мастацтваў, які праходзіць у Віцебску з 1992 году. Сьпярша фэстываль арганізоўвалі прыватныя асобы, але цяпер ён ладзіцца за сродкі беларускага бюджэту і бюджэту «саюзнай дзяржавы». Традыцыйныя выступоўцы на фэстывалі — эстрадныя выканаўцы з Расеі і Беларусі. «Славянскі базар» рэгулярна наведваюць Аляксандар Лукашэнка, іншыя прадстаўнікі беларускай улады.
У 2022 годзе ён пройдзе з 13 па 18 ліпеня ў Віцебску. На фэстывалі выступяць, сярод іншых, Елена Ваенга, «Лесоповал», «Воровайки», Ларыса Доліна ды іншыя эстрадныя выканаўцы.