Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадзенскія акторкі ў Вільні сыгралі спэктакль пра разбомблены Марыюпальскі тэатар


Разбомблены ў выніку расейскага ўварваньня тэатар у Марыюпалі
Разбомблены ў выніку расейскага ўварваньня тэатар у Марыюпалі

На канец лютага ў Рускім тэатры Марыюпалю плянавалі прэм’еру. Аднак праз вайну пляцоўка стала сховішчам для жыхароў гораду, потым трапіла пад расейскія бомбы. Якія жыцьцёвыя драмы прайшлі праз тэатар, у Вільні паказалі ў пастаноўцы «Спэктакль, які не адбыўся» акторкі «Тэатру Жніўня».

Рэпартаж з пастаноўкі падрыхтавала выданьне «Hrodna-life». Паказы адбыліся 17–19 чэрвеня.

Паставіў спэктакль рэжысэр Андрус Дарала. Яго паказалі ў Рускім тэатры Літвы ў час паэтычнага фэстывалю «Жывое слова».

У пастаноўцы ўдзельнічалі горадзенскія акторкі Натальля Лявонава, Натэла Бялугіна і Ганна Іванова.

Увесь спэктакль базуецца на тэкстах журналісткі з Марыюпалю Надзеі Сухарукавай. Яна была адной з тых, хто ратаваўся ў сутарэньнях тэатру.

«Усё пачалося з тэлефоннага званка, — расказала акторка Натальля Лявонава. — Патэлефанаваў знаёмы рэжысэр з Марыюпалю і папрасіў запісаць відэаводгук на пост у сацсетках журналісткі Надзеі Сухарукавай».

Калі пра гэта даведаліся калегі, то прапанавалі і сваю падтрымку — так нарадзілася ідэя спэктаклю.

Пастаноўка горадзенскіх актораў «Спэктакль, які не адбыўся»
Пастаноўка горадзенскіх актораў «Спэктакль, які не адбыўся»

Спачатку артысты меркавалі, што паставяць п’есу, якую рыхтавалі да прэм’еры ў Марыюпалі. Потым вырашылі больш працаваць з тэкстамі Сухарукавай.

«Гэта пакуль эскізная работа, — патлумачыла Натальля Лявонава. — Гісторыя ня скончана, і п’еса толькі пішацца».

На сцэне большасьць часу былі толькі тры акторкі. Але ў іх расказах паўставалі іншыя героі: хлопчык, што вядзе дзёньнік, стары, які чакае, каб на абед далі «другое», а ня толькі суп і ваду, дзяўчынка, што крычыць, бо баіцца цемры.

«Зараз вы ведаеце, як мог выглядаць і той падвал», — казаў рэжысэр Андрус Дарала.

Пасьля эвакуацыі з Марыюпалю Надзея Сухарукава прыехала ў Літву і цяпер жыве ў Клайпедзе. Натальля Лявонава расказала, што яны наведалі журналістку і пазнаёміліся. Гэта, кажа Натальля, дапамагло ў працы над вобразамі ў спэктаклі.

«Была вялікая адказнасьць ад таго, што асабіста знаю гэтага чалавека. Цікава працаваць па тэкстах і перажываньнях знаёмай асобы. Я ж ніколі не была на вайне і ня ведаю, што адчувалі марыюпальцы, чакаючы сьмерці ў падвале тэатру. Я ніколі гэтага не адчувала, але павінна была расказаць правільна»

Фрагмэнт спэктаклю
Фрагмэнт спэктаклю

Спэктакль па хэштэгах

Тэхнічна спэктакль пабудаваны на сыстэме хэштэгаў. #Самалёт, #Аўтобус, #Асьцярожна ды іншыя перамяшчаюць гледачоў у розныя моманты трагічных падзеяў. Акторкі ўвесь час трымаюць у руках аркушы з тэкстамі роляў прэм’еры, што так і не адбылася.

«П’еса, як і вайна, пакуль ня скончана, — кажа акторка Натэла Бялугіна. — Працаваць у такім фармаце нязвыкла, гэта новы для мяне досьвед. Усе гісторыі, якія прагучалі ў спэктаклі, напісаныя Надзеяй [Сухарукавай]. Усе мы былі ў спэктаклі ёю, толькі ў розных іпастасях».

Цягам фэстывалю горадзенцы паказалі віленчукам яшчэ адзін свой спэктакль — «За што». Ён прысьвечаны падзеям Ночы (не)расстраляных паэтаў і ўпершыню быў прадстаўлены летась у кастрычніку.

Усе спэктаклі фэстывалю «Жывое слова», прадстаўленыя «Тэатрам Жніўня», прайшлі з аншлягам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG