Галоўны рэдактар «Новой газеты» Дзьмітрый Муратаў, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру 2021 году, прадаў свой нобэлеўскі мэдаль на аўкцыёне дома Heritage у ЗША за рэкордныя $103,5 млн. Усе атрыманыя грошы журналіст перадасьць у міжнародны фонд дапамогі UNICEF украінскім дзецям-уцекачам і іхным сем’ям, якія пацярпелі ад расейскага ўварваньня.
Мэдаль быў прададзены невядомаму ўдзельніку тэлефонных таргоў.
Дзьмітрый Муратаў абвясьціў аб продажы мэдаля 22 сакавіка. Тады паведамлялася, што ідэю падтрымала ўся рэдакцыя «Новой газеты», якую йн узначальвае. Журналіст атрымаў сваю ўзнагароду ў кастрычніку 2021 году сумесна зь філіпінкай Марыяй Рэса — за «намаганьні ў абароне свабоды думак, якая зьяўляецца ўмовай для дэмакратыі і міру».
У сьнежні Муратаў перадаў прэмію ў памеры каля 40,2 млн рублёў дабрачынным фондам. Грошы былі разьмеркаваны паміж арганізацыямі (у тым ліку дзіцячым госьпісам), якіх выбіралі галасаваньнем сярод чытачоў.
1 чэрвеня, у Дзень абароны дзяцей, Муратаў выставіў на таргі і свой нобэлеўскі мэдаль.
Дзьмітрый Муратаў нарадзіўся ў 1961 годзе ў расейскім Куйбышаве (цяпер Самара). Пасьля службы ў войску працаваў у «Волжском комсомольце» і «Комсомольской правде». Адзін з заснавальнікаў у 1993 годзе «Новой ежедневной газеты». У 1995 годзе выданьне было перайменавана ў «Новую газету». Тады ж Муратаў стаў галоўным рэдактарам выданьня.
Пасьля пачатку вайны Расеі з Украінай выданьне доўгі час было адзінай буйной газэтай у РФ, якая крытыкуе прэзыдэнта Пуціна і яго дзеяньні ўнутры краіны і за яе межамі.
У сакавіку «Новая газэта» прыпыніла сваю дзейнасьць у Расеі пасьля таго, як у краіне быў прыняты закон, які прадугледжвае жорсткія тэрміны турэмнага зьняволеньня для ўсіх, хто крытыкуе ваенную кампанію Крамля.
У красавіку на Муратава напалі невядомыя ў цягніку Масква — Самара, яго аблілі сумесьсю алейнай фарбы з ацэтонам.
З 2000 году пяць журналістаў выданьня забілі, як лічаць у НГ, за прафэсійную дзейнасьць.