Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сілавікі разграмілі кватэру прэс-сакратаркі «Кібэрпартызанаў». Гэта ня першы выпадак, але ці законна такое пры ператрусе?


 Разгромленая сілавікамі кватэра прэс-сакратаркі «Кібэрпартызанаў» Юльяны Шаметавец. 8 чэрвеня 2022
Разгромленая сілавікамі кватэра прэс-сакратаркі «Кібэрпартызанаў» Юльяны Шаметавец. 8 чэрвеня 2022

Відэа наступстваў свайго візыту і ператрусу ў кватэры прэс-сакратаркі «Кібэрпартызанаў» Юльяны Шаметавец сілавікі апублікавалі ў праўладным тэлеграм-канале.

Публікацыя ў стылі «да» і «пасьля», на якой паказаны стан кватэры прадстаўніцы «Кібэрпартызанаў» Юльяны Шаметавец, суправаджалася музыкай зь расейскай тэлеперадачы «Кватэрнае пытаньне».

Разгромленая сілавікамі кватэра прэс-сакратаркі «Кібэрпартызанаў» Юльяны Шаметавец
Разгромленая сілавікамі кватэра прэс-сакратаркі «Кібэрпартызанаў» Юльяны Шаметавец

Гэта ня першы ператрус з пагромам, які сілавікі праводзяць у апанэнтаў рэжыму. Толькі на гэтым тыдні сілавікі разграмілі менскі дом Валера і Веранікі Цапкалаў —пабілі вокны, зьнішчылі мэблю, пашкодзілі трубы.

Нядаўна супрацоўнікі сілавых структур прыйшлі ў кватэру ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласьці, дзе зарэгістраваны Андрэй Павук, партнэр Маргарыты Ляўчук па дуэце «Красная зелень». Па ягоных словах, кватэру таксама разграмілі.

Раней супрацоўнікі ГУБАЗіКу публікавалі «справаздачу» аб разгроме маёмасьці грамадзкага дзеяча Вадзіма Пракоп’ева. Як расказаў сам Пракоп’еў, сілавікі пабілі ў ягонай кватэры шкло, забрудзілі ўнітаз, разламалі мэблю, адарвалі выцяжку.

Ці можа ператрус нагадваць пагром? Тлумачыць юрыст

Праводзіцца ператрус можа па-рознаму: часам апэратыўнікі могуць зайсьці і проста паглядзець, што дзе ляжыць, прыадчыніць шафкі, а часам зь іх сапраўды ўсё дастаецца, расказала выданьню Zerkalo юрыстка, былая адвакатка Альвіна Мінгазава.

«Рэчы, якія валяюцца пасярод пакоя, адчыненыя дзьверцы шафаў, шуфлядкі — гэта нармальны стан пры ператрусе. Проста ён можа праводзіцца больш ці менш старанна. Калі супрацоўнікі падазраюць, што, да прыкладу, у мэблі можа быць схавана нешта, яны маюць права яе разабраць і праверыць здагадку. Калі аб’ектыўна ня могуць дабрацца да патрэбных ім прадметаў, напрыклад у сэйфе, маюць права ўзламаць яго. Могуць ускрывацца замкнутыя памяшканьні і сховішчы, калі ўладальнік адмаўляецца адамкнуць іх добраахвотна. Адпаведна, калі ўладальніка няма і яны замкнутыя, таксама могуць ускрывацца. Але тут тонкая грань — ці ёсьць у гэтым неабходнасьць? Безумоўна, нельга проста ламаць нешта. І вось гэты момант — ці была гэтая неабходнасьць — даказаць складана», — адзначыла Мінгазава.

Паводле яе, адзіны крытэрый, паводле якога можна адрозьніваць ператрус ад пагрому, — прыкметы відавочнага зьнішчэньня рэчаў, калі гэта не было мэтазгодна адпаведна КПК.

«Гэта пазначана ў ч. 7 арт. 210 КПК (Парадак правядзеньня вобшуку і забраньня) — што не павінны дапускацца ня выкліканыя неабходнасьцю пашкоджаньні запораў дзьвярэй і іншых прадметаў.

Умоўна: ёсьць шуфляда, яна замкнутая; людзям, якія праводзяць ператрус, трэба праверыць, раптам там нешта захоўваецца ўсярэдзіне. Але на фота зь ператрусаў у Павука і Цапкалы я бачу сарваныя накіравальныя — гэтыя шуфляды выламаныя „з коранем“. Відаць, што была магчымасьць выцягнуць і дастаць гэтыя шуфляды, зазірнуць унутр — вырываць навошта? На мой погляд, гэта ўжо парушэньне нормаў крымінальна-працэсуальнага заканадаўства і прычыненьне шкоды. Вядома, па фота складана вызначыць, не пабываўшы ўсярэдзіне кватэры, але ня бачу сэнсу псаваць мэблю, калі можна выняць рэч, не пашкодзіўшы яе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG