«Дом быў разгромлены. Выбітыя вонкавыя і міжпакаёвыя дзьверы, пабітыя вокны, зьнішчаная мэбля, пашкоджаныя трубы, у выніку чаго цокаль затоплены і вада працягвае паступаць. Зламаныя таксама ложкі, у тым ліку два дзіцячыя, фіранкі разам з карнізамі садраныя, посуд пабіты, выдраныя разэткі, пабітая сантэхніка і плітка», — апісаў дэталі здарэньня Валер Цапкала.
Гэта ня першы ператрус з пагромам, які сілавікі праводзяць у апанэнтаў рэжыму. Нядаўна супрацоўнікі сілавых структур прыйшлі ў кватэру ў пасёлку Акцябрскі Гомельскай вобласьці, дзе зарэгістраваны Андрэй Павук, партнэр Маргарыты Ляўчук па дуэце «Красная зелень». Па ягоных словах, кватэру разграмілі.
Раней супрацоўнікі ГУБАЗіКа апублікавалі «справаздачу» аб разгроме маёмасьці грамадзкага дзеяча Вадзіма Пракоп’ева. Як расказаў сам Пракоп’еў, сілавікі пабілі ў ягонай кватэры шкло, забрудзілі ўнітаз, разламалі мэблю, адарвалі выцяжку.