У прыватнасьці, у яго ўключылі дзевяць лякальных тэлеграм-чатаў, тры youtube-каналы, зьвязаныя з праектам Nexta, іх старонкі і матэрыялы ў Telegram, Facebook, УКантакце, Instagram.
Таксама «экстрэмісцкімі» прызнаныя сайты ініцыятыў By_help, Media Solidarity Belarus, BYSOL, voicesfrombelarus. com, іх матэрыялы ў сацыяльных сетках (Telegram, Facebook, УКантакце, Instagram).
У пералік уключылі сайт «плятформы фінансаваньня перамен» digitalsolidarity. io, старонкі ініцыятывы ў Instagram і Facebook, мабільная аплікацыя ў крамах AppStore і GooglePlay.
Акрамя таго, сьпіс дапоўнены асабістымі старонкамі ў сацыяльных сетках актывістаў Андрэя Стрыжака, Аляксея Лявончыка, Яраслава Ліхачэўскага і Аляксея Кузьмянкова (Alexis Kendoo). Ідзецца пра Facebook.
«Экстрэмісцкімі» таксама прызнаныя telegram- і youtube-каналы Стрыжака (сузаснавальнік By_help, BYSOL і іншых роднасных ініцыятыў).
Суд прысвоіў аналягічны статус пэрсанальным старонкам у Instagram актывістак Марыі Забары і Аляксандры Зьверавай.
Усе людзі, чые асабістыя старонкі патрапілі ў сьпіс, знаходзяцца за мяжой.
Паводле праваабаронцаў, з пачатку 2022 году за распаўсюджваньне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» асуджаныя да 450 чалавек. 16 траўня МУС паведаміла, што за падобныя дзеяньні са студзеня затрыманыя 237 чалавек.
За распаўсюджваньне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць: штраф да 200 базавых велічыняў (6.400 рублёў) з канфіскацыяй «прадметаў правапарушэньня» (арт. 17.11 КаАП).