Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памілавалі яшчэ 20 палітвязьняў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Аляксандар Лукашэнка падпісаў чарговы ўказ аб памілаваньні 20 чалавек, асуджаных за «экстрэмісцкія» злачынствы, паведаміла 28 сьнежня ягоная прэс-служба.

З памілаваных 11 — жанчыны, 14 чалавек маюць хранічныя захворваньні, у 10 асуджаных ёсьць дзеці, адна жанчына мае 4 дзяцей.

Як сьцьвярджае прэс-служба Лукашэнкі, усе яны нібыта «хадайнічалі аб памілаваньні, раскаяліся ў зробленым». Міністэрства ўнутраных спраў будзе «кантраляваць іх паводзіны пасьля вызваленьня».

Гэта ўжо восьмая хваля памілаваньняў палітвязьняў зь лета 2024 году. Да гэтага Лукашэнка агулам памілаваў 207 палітвязьняў:

  • 9 сьнежня Аляксандар Лукашэнка памілаваў яшчэ 29 чалавек, асуджаных паводле так званых «экстрэмісцкіх» артыкулаў. Сярод памілаваных 11 жанчын і 18 мужчын.
  • 20 лістапада памілавалі яшчэ 32 палітвязьняў: 8 жанчын і 24 мужчыны.
  • 7 лістапада Лукашэнка памілаваў 31 палітвязьня: 2 жанчын і 29 мужчын.
  • 16 верасьня, напярэдадні так званага Дня народнага адзінства 17 верасьня Лукашэнка падпісаў указ аб памілаваньні 37 палітвязьняў.
  • 4 верасьня стала вядома пра выхад на волю 30 асуджаных паводле «палітычных» артыкулаў. Сярод іх 7 жанчын і 23 мужчыны. Большасьць зь іх — бацькі непаўналетніх дзяцей.
  • 16 жніўня Лукашэнка памілаваў 30 палітвязьняў, у іх ліку 14 жанчын і 16 мужчын. Некаторыя маюць сур’ёзныя захворваньні.
  • 3 ліпеня на волю выйшлі 18 палітвязьняў. Гэта былі 4 жанчыны і 14 мужчын, у тым ліку хворы на рак экс-старшыня партыі БНФ Рыгор Кастусёў.

Разам з тым беларуская праваабарончая супольнасьць 28 сьнежня прызнала палітычнымі зьняволенымі яшчэ 12 чалавек. За кратамі ў Беларусі застаюцца 1265 палітвязьні, прызнаныя такімі праваабарончай супольнасьцю. Рэальная колькасьць зьняволеных з палітычных матываў у Беларусі можа быць большай.

Зь лета 2020 году па канец лістапада 2024 году праваабарончая супольнасьць прызнала палітвязьнямі 3638 чалавек, зь іх 669 жанчын. Многія зь іх ужо выйшлі на волю, цалкам адбыўшы пакараньне. Пры гэтым у Беларусі па-ранейшаму працягваюцца затрыманьні, арышты і суды паводле палітычна матываваных абвінавачаньняў; людзей судзяць як паводле адміністрацыйных спраў, так і паводле крымінальных абвінавачаньняў, сярод іншага, прысуджаючы ім тэрміны ў калёніі.

Пасьля абвяшчэньня даты новых прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі рэпрэсіі ў краіне ўзмацніліся: з канца кастрычніка беларускія праваабаронцы фіксуюць масавыя затрыманьні па ўсёй краіне.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG