Пракуратура перадала ў суд першую справу аб згвалтаваньні з боку расейскіх вайскоўцаў, паведаміла генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава.
«За забойства цывільнага і сэксуальны гвалт над ягонай жонкай будуць судзіць Міхаіла Раманава, вайскоўца 239-га палку 90-й гвардзейскай танкавай Віцебска-Наўгародзкай дывізіі Ўзброеных сіл РФ», – напісала Венядзіктава ў Facebook 30 траўня.
Паводле яе, Кіеўская абласная пракуратура і СБУ ўстанавілі, што ў сакавіку падчас акупацыі Браварскага раёну «нелюдзь уварваўся ў дом у адным зь сёлаў і застрэліў яго гаспадара. П'яны вайсковец разам зь іншым акупантам адразу ж пасьля забойства некалькі разоў згвалтавалі ягоную жонку. Яны пагражалі жанчыне зброяй і гвалтам нават у дачыненьні да ейнага дзіцяці, якое было ў гэты час побач».
Гісторыя злачынства
33-гадовая Натальля і яе муж, 35-гадовы Андрэй, жылі на невялікім хутары недалёка ад вёскі Шаўчэнкава Браварскага раёну пад Кіевам. Там вырашылі пабудаваць свой першы дом побач з густым сасновым лесам.
Брытанская штодзённая газэта The Times раней апублікавала інтэрвію з украінкай, зь якой зьдзекаваліся і якую гвалтавалі расейскія салдаты пасьля забойства мужа. Расказваючы сваю гісторыю, украінка папрасіла журналіста зьмяніць імёны яе і яе сына. Яна пагадзілася на інтэрвію, каб разьвеяць міт, нібыта паведамленьні аб згвалтаваньнях расейскімі салдатамі занадта шокавыя, каб быць праўдай.
«Спачатку салдаты казалі, што ня хочуць зла»
Натальля (такое імя пацярпелая выбрала для публікацыі сама, а сына папрасіла называць Аляксеем. — РС) расказала, што іхная сям’я жыла на невялікім хутары недалёка ад вёскі Шаўчэнкава Браварскага раёну пад Кіевам. Там, побач з густым сасновым лесам, яны разам з мужам пабудавалі свой першы дом.
«Мы плянавалі дзіця і марылі пра свой першы дом. Хацелі быць бліжэй да прыроды, таму жылі ня ў горадзе. Мой муж уклаў душу і сэрца ў будаўніцтва дому, усё было з натуральнага дрэва і каменю. Мы нават хадзілі ў лес зьбіраць сьмецьце, якое пакінулі іншыя людзі», — расказала Натальля журналісту праз тэлефон зь Цярнопалю, куды яна ўцякла разам з сынам.
Гэты кірунак стаў адным зь першых палёў бою пад Кіевам. 8 сакавіка, калі яны даведаліся, што ў вёску ўвайшлі расейцы, пара павесіла на браму белую прасьціну, каб паказаць, што ў доме — цывільныя грамадзяне.
На наступную раніцу яны пачулі адзіночны стрэл за межамі дому і гук зламаных варот. Яны выйшлі з дому і паднялі рукі ўверх, калі ўбачылі групу салдатаў, адзін зь якіх яшчэ трымаў зброю над толькі што забітым іхным сабакам. «Яны сказалі, што ня ведалі, што тут ёсьць людзі, і што ня хочуць зла», — сказала Натальля.
Потым салдаты пайшлі шукаць бэнзін для квадрацыкла, які скралі ў суседзяў. Расейскі камандзір зірнуў на яе і, назваўшыся Міхаілам Раманавым, сказаў, што калі б не вайна, у іх абавязкова быў бы раман.
«Міхаіл у той момант выглядаў крыху п’яным. Я папрасіла іх сысьці, бо мой сын спалохаўся, яму ўсяго чатыры гады. Быў яшчэ адзін хлопец па імені Віталь, які прасіў прабачэньня за сабаку. Ён сказаў, што ў родным горадзе яны з жонкай былі сабакаводамі», — сказала Натальля.
«Лепш маўчы, а то пакажу твайму сыну, як мазгі ягонай маці разьляцеліся па хаце»
Натальля паведаміла, што камандзір, які назваўся Міхаілам Раманавым, зрабіўся раптам агрэсіўны, калі пабачыў у іхнай машыне камуфляжную куртку яе мужа. Ён пачаў расстрэльваць куртку, а потым завёў машыну і ўрэзаўся на ёй у паваленае дрэва. Пасьля гэтага расейцы сышлі, але вярнуліся адразу, як сьцямнела.
Муж адразу выйшаў на вуліцу, каб паглядзець, што там адбываецца, пакінуўшы дзьверы адчыненымі.
«Я пачула адзіночны стрэл, гукі, што адчыняюцца вароты, а потым крокі ў доме», — сказала Натальля. Гэта быў Раманаў, які вярнуўся зь іншым чалавекам гадоў дваццаці, у чорнай форме. Я закрычала «Дзе мой муж?», потым выглянула на вуліцу і ўбачыла яго на зямлі ля варот. Гэты маладзейшы хлопец прыставіў пісталет да маёй галавы і сказаў: «Я застрэліў твайго мужа, бо ён нацыст».
Натальля папрасіла сына застацца ў кацельні, дзе яны хаваліся ад абстрэлаў, калі расейскі салдат сказаў: «Ты лепш маўчы, а то я вазьму тваё дзіця і пакажу яму, што мазгі ягонай маці разьляцеліся па хаце».
«Ён сказаў мне зьняць адзеньне. Потым яны абодва згвалцілі мяне адзін за адным. Ім было абыякава, што мой сын у кацельні плача. Яны сказалі мне заткнуць яго і вярнуцца. Яны ўвесь час трымалі пісталет каля галавы і зьдзекаваліся зь мяне, гаворачы: «Забіць яе ці пакінуць у жывых?»
Калі расейцы сышлі, яна пабачыла, што сын сьцяўся ад страху і ня мог рухацца. Прыкладна праз 20 хвілін яны вярнуліся і зноў згвалцілі яе.
«Калі яны вярнуліся трэці раз, то былі такія пʼяныя, што ледзь стаялі. Урэшце абодва заснулі ў крэслах. Я прабралася ў кацельню і сказала сыну, што мусім вельмі хутка ўцякаць, інакш нас застрэляць». І ён маўкліва пайшоў за ёю на двор.
«Пакуль я адчыняла браму, мой сын стаяў побач зь целам бацькі, але было цёмна, і ён не разумеў, што гэта ягоны бацька. Ён сказаў: «Нас застрэляць гэтак жа, як гэтага чалавека тут?»
Натальля кажа, што сын дагэтуль ня ведае, што бацьку застрэлілі. У Цярнопалі, калі яна вядзе Аляксея на пляцоўку, ён расказвае іншым дзецям, як забілі ягонага любімага сабаку.
«Ён шмат чаго не разумее. Тут на дзіцячай пляцоўцы ён падыходзіць да людзей і кажа, што мы вымушаныя пакінуць свой дом, бо была вайна і ў хаце былі бандыты, а тата застаўся. Ён ня ведае, што яго бацька загінуў».
- Па стане на 13 траўня ў АДПУ адзначалі, што 41 расейскі вайсковец, які падазраецца ў ваенных злачынствах, будзе адказваць перад украінскім судом.
- У траўні міністар унутраных спраў Украіны Дзяніс Манастырскі паведаміў, што з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі 24 лютага ва Ўкраіне зарэгістравалі каля 20 тысяч ваенных злачынстваў, учыненых расейскімі войскамі.
- Крэмль катэгарычна абвяргае якія-небудзь абвінавачваньні ў злачынствах супраць цывільных грамадзян Украіны, нават нягледзячы на тое, што факты забойстваў мірных жыхароў у пэрыяд расейскай акупацыі былі пацьверджаныя спадарожнікавымі здымкамі і паказаньнямі відавочцаў.