«Я застрэліў твайго мужа, бо ён нацыст». Украінка, якую згвалтавалі расейскія салдаты, расказала сваю гісторыю
Брытанская штодзённая газэта The Times апублікавала інтэрвію з украінкай, зь якой зьдзекаваліся і якую гвалтавалі расейскія салдаты пасьля забойства ейнага мужа. Расказваючы сваю гісторыю, украінка папрасіла журналіста зьмяніць імёны яе і яе сына. Яна пагадзілася на інтэрвію, каб разьвеяць міт, нібыта паведамленьні аб згвалтаваньнях расейскімі салдатамі занадта шокавыя, каб быць праўдай.
33-гадовая Натальля і яе муж 35-гадовы Андрэй жылі на невялікім хутары недалёка ад вёскі Шаўчэнкава Браварскога раёну пад Кіевам, дзе пара вырашыла пабудаваць свой першы дом побач з густым сасновым лесам.
«Спачатку салдаты казалі, што ня хочуць зла»
Натальля (такое імя пацярпелая выбрала для публікацыі сама, а сына папрасіла называць Аляксеем. — РС) расказала, што іхная сям’я жыла на невялікім хутары недалёка ад вёскі Шаўчэнкава Браварскога раёну пад Кіевам. Там, побач з густым сасновым лесам, яны разам з мужам пабудавалі свой першы дом.
«Мы плянавалі дзіця і марылі пра свой першы дом. Хацелі быць бліжэй да прыроды, таму жылі ня ў горадзе. Мой муж уклаў душу і сэрца ў будаўніцтва дому, усё было з натуральнага дрэва і каменю. Мы нават хадзілі ў лес зьбіраць сьмецьце, якое пакінулі іншыя людзі», — расказала Натальля журналісту праз тэлефон зь Цярнопалю, куды яна разам з сынам змагла ўцячы.
Гэты кірунак стаў адным зь першых палёў бою пад Кіевам. 8 сакавіка, калі яны даведаліся, што ў вёску ўвайшлі расейцы, пара павесіла на браму белую прасьціну, каб паказаць, што ў доме — цывільныя грамадзяне.
На наступную раніцу яны пачулі адзіночны стрэл за межамі дому і гук зламаных варот. Яны выйшлі з дому і паднялі рукі ўверх, калі ўбачылі групу салдатаў, адзін зь якіх яшчэ трымаў зброю над толькі што забітым іхным сабакам. «Яны сказалі, што ня ведалі, што тут ёсьць людзі і што ня хочуць зла», — сказала Натальля.
Потым салдаты пайшлі шукаць бэнзін для квадрацыкла, які скралі ў суседзяў. Расейскі камандзір зірнуў на яе і, назваўшыся Міхаілам Раманавым, сказаў, што калі б не вайна, у іх абавязкова быў бы раман.
«Міхаіл у той момант выглядаў крыху п’яным. Я папрасіла іх сысьці, бо мой сын спалохаўся, яму ўсяго чатыры гады. Быў яшчэ адзін хлопец па імені Віталь, які прасіў прабачэньня за сабаку. Ён сказаў, што ў родным горадзе яны з жонкай былі сабакаводамі», — сказала Натальля.
«Лепш маўчы, а то пакажу твайму сыну, як мазгі ягонай маці разьляцеліся па хаце»
Натальля паведаміла, што камандзір, які назваўся Міхаілам Раманавым, стаў раптам агрэсіўным, калі пабачыў у іхнай машыне камуфляжную куртку яе мужа. Ён пачаў расстрэльваць куртку, а потым завёў машыну і ўрэзаўся на ёй у паваленае дрэва. Пасьля гэтага расейцы сышлі, але вярнуліся адразу, як сьцямнела.
Муж адразу выйшаў на вуліцу, каб паглядзець, што там адбываецца, пакінуўшы дзьверы адчыненымі.
«Я пачула адзіночны стрэл, гукі адкрыцьця варот, а потым крокі ў доме», — сказала Натальля. Гэта быў Раманаў, які вярнуўся зь іншым чалавекам гадоў дваццаці, у чорнай форме. Я закрычала «Дзе мой муж?», потым выглянула на вуліцу і ўбачыла яго на зямлі ля варот. Гэты маладзейшы хлопец прыставіў пісталет да маёй галавы і сказаў: «Я застрэліў твайго мужа, бо ён нацыст».
Натальля папрасіла сына застацца ў кацельні, дзе яны хаваліся ад абстрэлаў, калі расейскі салдат сказаў: «Ты лепш маўчы, а то я вазьму тваё дзіця і пакажу яму, што мазгі ягонай маці разьляцеліся па хаце».
«Ён сказаў мне зьняць адзеньне. Потым яны абодва згвалцілі мяне адзін за адным. Ім было абыякава, што мой сын у кацельні плача. Яны сказалі мне заткнуць яго і вярнуцца. Яны ўвесь час трымалі пісталет каля галавы і зьдзекаваліся зь мяне, гаворачы: «Забіць яе ці пакінуць у жывых?»
Калі расейцы сышлі, яна пабачыла, што яе сын сьцяўся ад страху і ня мог рухацца. Прыкладна праз 20 хвілін яны вярнуліся і зноў згвалцілі яе.
«Калі яны вярнуліся ў трэці раз, то былі такія пʼяныя, што ледзь стаялі. Урэшце абодва заснулі ў крэслах. Я прабралася ў кацельню і сказала сыну, што мусім вельмі хутка ўцякаць, інакш нас застрэляць». І ён маўкліва пайшоў за ёю на двор.
«Пакуль я адчыняла браму, мой сын стаяў побач з целам бацькі, але было цёмна, і ён не разумеў, што гэта ягоны бацька. Ён сказаў: «Нас застрэляць гэтак жа, як гэтага чалавека тут?»
Натальля кажа, што сын дагэтуль ня ведае, што бацьку застрэлілі. У Цярнопалі, калі яна вядзе Аляксея на пляцоўку, ён расказвае іншым дзецям, як забілі ягонага любімага сабаку.
«Ён шмат чаго не разумее. Тут на дзіцячай пляцоўцы ён падыходзіць да людзей і кажа, што мы вымушаныя пакінуць свой дом, бо была вайна і ў хаце былі бандыты, а тата застаўся. Ён ня ведае, што яго бацька загінуў».
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.