Украінкі зьбіраюць сродкі для вайскоўцаў, даглядаюць параненых, гатуюць ежу ў лякарнях, вучаць дзяцей пад абстрэламі. Яны служаць ва Ўзброеных сілах краіны і ў тэраабароне. Сярод іх і вядомая музыка Ўкраіны Вольга Рукавішнікава, якая зьмяніла скрыпку на зброю. Аб усім гэтым на онлайн-дыскусіі Джорджтаўнскага ўнівэрсітэту (Georgetown Institute for Women, Peace and Security) нагадала амбасадарка Ўкраіны ў ЗША Аксана Маркарава, піша Голас Амэрыкі.
«Элеанора Рузвэльт казала: „Жанчыны як чайныя пакецікі. Вы ніколі ня ведаеце, наколькі яны моцныя, пакуль не пакладзяце іх у гарачую ваду“. Я думаю, што ўкраінскія жанчыны паказалі, што ўсё роўна, наколькі вада гарачая, мы вельмі моцныя і ўстойлівыя. 15 адсоткаў службоўцаў ва УСУ — жанчыны. Гэта высокі паказчык, нават калі параўноўваць зь некаторымі эўрапейскімі краінамі», — сказала Маркарава.Самым абуральным і ў той жа час замоўчваным злачынствам супраць жанчын экспэрты назвалі сэксуальны гвалт. Толькі нямногія вырашаюцца расказаць пра тое, што адбылося, і маштабы гэтага ваеннага злачынства яшчэ доўга будуць расьсьледавацца. Але праваабаронцы працягваюць фіксаваць выпадкі і прапаноўваць мэдыцынскую і псыхалягічную дапамогу ахвярам. Усе ўдзельніцы дыскусіі — а гэта жанчыны, якія прадстаўляюць міжнародныя арганізацыі, Вярхоўную Раду і праваабарончыя арганізацыі Ўкраіны — паабяцалі, што вінаватыя панясуць пакараньне.
«Мы ведаем пра многія выпадкі, калі расейскія салдаты гвалтавалі пажылых жанчын. Мне паведамілі аб згвалтаваньні 78-гадовай жанчыны. Ня ўсе яны гатовыя гаварыць пра тое, што здарылася зь імі — ня толькі публічна, але і з уладамі, праваахоўнымі органамі, пракурорамі і юрыстамі», — расказала праваабаронца грамадзянскай сеткі «Апора» (Civil Network OPORA) Вольга Айвазоўская.
Кацярына Чарапаха, прэзыдэнтка праваабарончай арганізацыі La Strada Ukraine, якая дапамагае ахвярам гандлю людзьмі, падкрэсьліла, што сэксуальны гвалт — ня новы інструмэнт вайны ва Ўкраіне.
«У 2014-2015 гадах былі выпадкі сэксуальнага гвалту акупантамі. Вядома, цяпер, ва ўмовах поўнамаштабнай вайны, гэта стала вельмі распаўсюджаным злачынствам... Мы атрымалі першыя паведамленьні аб сэксуальным гвалце яшчэ ў першыя тыдні вайны. Па нашай гарачай лініі з намі зьвязалася жанчына з Херсонскай вобласьці: маці і яе непаўналетняя дачка былі згвалтаваныя. На гэты момант да нас па дапамогу зьвярнуліся 16 чалавек: 15 зь іх жанчыны і дзяўчаткі, адзін — малады чалавек. І гэта толькі нашыя дадзеныя», — сказала Чарапаха.
Згвалтаваньні і забойствы мірных жыхароў былі магчымыя, таму што міжнародная архітэктура бясьпекі не спрацавала і не змагла спыніць агрэсара: такую думку выказала народная дэпутатка Ўкраіны Яўгенія Краўчук. Украінцы працуюць над новым нацыянальным плянам дзеяньняў па выкананьні рэзалюцыі Рады Бясьпекі ААН 1325 «Аб жанчынах, міры і бясьпецы», мэта якой — адрасаваць праблемы, зь якімі жанчыны сутыкаюцца падчас вайны, і ўключыць іх у працэс урэгуляваньня канфлікту.
«Трэба разумець, што без правасудзьдзя ня будзе доўгатэрміновага міру. Нам трэба дабіцца таго, каб тыя, хто рабіў злачынствы, панесьлі пакараньне. Неабходна стварыць міжнародны трыбунал для расьсьледаваньня гэтых ваенных злачынстваў супраць украінцаў. Усяго ўжо 9 тысяч выпадкаў — гаворка ідзе толькі аб сэксуальным гвалце. Мы ня можам пакінуць гэтыя злачынствы толькі на паперы. Гэтыя жанчыны павінны ўбачыць, што злачынцы за кратамі і панясуць пакараньне. Мы гаворым аб АБСЭ, ААН, аб супрацоўніцтве і бясьпецы — сёньня ў Эўропе няма ні супрацоўніцтва, ні бясьпекі. Нам патрэбна сыстэма бясьпекі, пры якой кожная жанчына будзе ўпэўненая, што яе правы ня будуць парушаныя», — падкрэсьліла Краўчук.
Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе абвясьціла аб спыненьні сваёй назіральнай місіі ва Ўкраіне пасьля таго, як Расея адмовілася падоўжыць тэрмін яе мандата. Выступаючы на онлайн-дыскусіі, генэральны сакратар арганізацыі Хельга Шмід выказала сваё шкадаваньне, але пры гэтым падкрэсьліла, што АБСЭ працягне аказваць гуманітарную дапамогу Ўкраіне.
«Мы даём практычныя рэкамэндацыі дзяржавам – сябрам АБСЭ, каб яны змаглі прадухіліць гандаль людзьмі. Гэта адно з галоўных пытаньняў... Мы таксама працуем з нашымі партнэрамі ў краіне, каб даць ім мэтадычную дапамогу па працы з ахвярамі гендэрнага гвалту. На працягу наступных тыдняў я таксама арганізую спэцыяльную сустрэчу ў рамках плятформы для жанчын-лідэраў, у тым ліку міратворцаў», — расказала Шмід.
Тым часам удзельніцы дыскусіі з Украіны падкрэсьлілі, што ў цяперашні час жыцьцё кожнага чалавека, які знаходзіцца ў краіне, у небясьпецы і пастаўка ўзбраеньня зьяўляецца галоўным спосабам абароны.