«Цяпер ёсьць адміністрацыйныя задачы — мы арганізуем офіс прадстаўніцтва, шукаем памяшканьне, і апроч гэтага пачынаем працу над тым, каб лепш зразумець, што адбываецца ў беларускай супольнасьці, у беларускай дыяспары, якія праблемы, і што мы можам зрабіць зараз для вырашэньня тых праблем, якія стаяць цяпер перад беларусамі», — паведаміў Свабодзе Валер Кавалеўскі.
Найперш, паводле яго, ідзецца аб заблякаваных банкаўскіх рахунках беларусаў, аб міграцыйных пытаньнях, аб зьмене адукацыйных праграм у школах Украіны і выключэньня зь іх твораў беларускіх пісьменьнікаў, а таксама аб перайменаваньні беларускай тапанімікі.
«Мусім зразумець, які ў нас фронт працы і пачынаць займацца гэтым праз сустрэчы з прадстаўнікамі афіцыйных ведамстваў, з грамадзянскай супольнасьцю, з экспэртамі, мэдыя. Ужо першыя крокі былі зробленыя. Пакуль мы гаворым аб працоўным узроўні, аб усталяваньні дачыненьняў, аб тым, што мы выходзім на інстытуты, на агенцыі, на пэўныя ўстановы і завязваем зь імі кантакты, каб пачынаць распрацоўваць рашэньні да існуючых праблем», — удакладніў ён.
Адначасова, сказаў Валер Кавалеўскі, у парадку дня прадстаўніцтва Сьвятланы Ціханоўскай будуць і больш складаныя пытаньні міжнароднага характару.
«Мы гаворым аб інфармацыйным абмене і абмене пазыцыямі ў разуменьні таго, што прасоўвае кожны з бакоў — беларускі і ўкраінскі — на міжнароднай арэне, нейкае спалучэньне нашых намаганьняў там, дзе гэта магчыма, каардынацыя, магчыма нават супольныя дзеяньні па парадку дня сёньняшняга».
Найперш, паводле яго, мова ідзе аб супрацы ў пытаньні санкцый.
«Вось, напрыклад, гэтая ідэя, агучаная генэральным сакратаром ААН, зьняць санкцыі зь Беларусі і з Лукашэнкі-Пуціна, я б так сказаў, — гэта тая тэма, па якой мы можам разам папрацаваць. Бо ні Беларусі, ні Ўкраіне нецікава бачыць, як два дыктатары — Пуцін і Лукашэнка — атрымліваюць перадышку і дадатковыя рэсурсы. Першы для таго, каб узмацняць агрэсію супроць Украіны, а другі, каб узмацняць рэпрэсіі супраць беларусаў. Таму мы, вядома, будзем гэтаму супрацьстаяць, і правільна было б гэта рабіць разам з Украінай, якая таксама зацікаўленая ў зьняцьці блякады з чарнаморскіх партоў, каб больш эфэктыўна пастаўляць збожжа на сусьветныя рынкі», — патлумачыў Валер Кавалеўскі.
Кіраўнік Кабінэту прадстаўнікоў Сьвятланы Ціханоўскай падкрэсьліў, што яе прадстаўніцтва працуе толькі трэці дзень, але «будзе спрабаваць рухацца як мага хутчэй».
«Для нас важна зразумець, якія праблемы ў беларусаў тут ва Ўкраіне і што мы павінны зрабіць, каб вырашыць гэтыя праблемы. Бо дакладна, калі б лукашэнкаўская амбасада тут была ці калі яна вернецца сюды, то яна гэтымі праблемамі займацца ня будзе. Ёй важна прасоўваць прапаганду пра рэжым і сьветлую будучыню пры Лукашэнку, што ён міратворац і гэтак далей. Таму гэта вельмі важныя пытаньні. Інтарэсы беларусаў ва Ўкраіне — адно з нашых прыярытэтных пытаньняў. Лукашэнкаўская амбасада выехала, таму наша праца на сёньняшні дзень — гэта адзіная афіцыйная беларуская прысутнасьць», — патлумачыў Валер Кавалеўскі.
24 траўня дэлегацыя Офіса Ціханоўскай на чале з Валерам Кавалеўскім перадала беларускім добраахвотнікам з палка Каліноўскага і палка «Пагоня» аўтатранспарт, а таксама медыкаменты, турнікеты і прадукты. Гэтую дапамогу сабралі беларусы і мэрыя Вільнюса, пра што дамовілася Святлана Ціханоўская з мэрам Вільнюса Рамігіюсам Шымашусам у красавіку 2022.