Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэжым Лукашэнкі, як крэсла з трыма ножкамі: рэпрэсіі, грошы і Крэмль», — Ціханоўская выступіла ў Сэйме Літвы


Сьвятлана Ціханоўская ў Сэйме 24 траўня 2022
Сьвятлана Ціханоўская ў Сэйме 24 траўня 2022

24 траўня апазыцыйны лідэр Беларусі Сьвятлана Ціханоўская выступіла перад літоўскімі дэпутатамі. Сярод іншага, яна папрасіла накласьці санкцыі на чальцоў Палаты прадстаўнікоў Беларусі за саўдзел у расейскай ваеннай агрэсіі і злачынствы супраць беларускага народу.

Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да дэпутатаў з просьбай не забываць пра падзеі ў Беларусі і далей спрыяць дэмакратызацыі суседняй краіны.

«Прашу разгледзець таксама санкцыі супраць так званых „дэпутатаў“ парлямэнту Лукашэнкі, якія зьяўляюцца саўдзельнікамі як агрэсіі супраць Украіны, так і злачынстваў супраць беларускага народу. Яны аднагалосна падтрымалі закон, паводле якога сьмяротнае пакараньне можа быць ужытае за „замах на зьдзяйсьненьне акту тэрарызму“. Паводле беларускай праваабарончай арганізацыі „Вясна“, абвінавачаньні ў „замаху на тэрарызм“ прызначаныя ўжо дзясяткам актывістаў, у тым ліку мне асабіста. Фактычна кожны беларус ці беларуска, якія выказваюцца супраць існай нелегітымнай улады, сутыкаюцца з рызыкай быць забітымі».

Сьвятлана Ціханоўская ў Сэйме Літвы 24 траўня 2022
Сьвятлана Ціханоўская ў Сэйме Літвы 24 траўня 2022

Ціханоўская адзначыла, што беларускі народ не падтрымлівае дзеяньняў Масквы, а наадварот, масава выступае на баку Ўкраіны. Самым яскравым з доказаў зьяўляецца ўдзел беларусаў у абароне Ўкраіны ад расейскіх захопнікаў: паводле яе словаў, каля 1,5 тысячы чалавек далучылася да беларускіх батальёнаў ва ўкраінскай арміі. Таксама яна ўспомніла дзясяткі дывэрсій на беларускай чыгунцы, якія спынялі прасоўваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну.

Таксама Ціханоўская прызнала, што раней не цікавілася палітыкай і гісторыяй Беларусі, як было варта рабіць.

«Як і многія беларусы, да 2020 году я мала цікавілася палітыкай ці гісторыяй. І многае для мяне было адкрыцьцём. Адкрыцьцём для мяне стала і наша супольная гісторыя. Прагульваючыся па Вільні, моцна адчуваеш гэтую сувязь: вось у гэтым будынку працавала адна зь першых беларускіх газэт „Наша ніва“, а вось тут наш зямляк Францішак Скарына 500 гадоў таму выдаў першую друкаваную кнігу ва Ўсходняй Эўропе. Дарэчы, хачу таксама падзякаваць Сэйму за тое, што ён абвясьціў гэты год Годам Скарыны. На жаль, у маёй краіне на гэты момант няма парлямэнту, у якога была б легітымнасьць або маральная сьмеласьць прыняць такое ж рашэньне».

Яна падзякавала літоўскім дзяржаўным установам і народу за вялікую дапамогу беларускім дзеячам культуры, журналістам, палітыкам. За гуманітарныя візы для беларусаў.

У сваёй прамове Сьвятлана Ціханоўская згадала палітвязьняў, якія цярпяць за свае погляды, у тым ліку свайго мужа Сяргея, асуджанага на 18 гадоў турмы, і Вітольда Ашурка, які памёр за кратамі пры нявысьветленых абставінах год таму.

Яна падкрэсьліла, што ў 2020 годзе рэжым Лукашэнкі застаўся і прадоўжыў панаваць у Беларусі дзякуючы падтрымцы Расеі.

Ціханоўская выказалася рэзка супраць намераў зьняць ці паслабіць санкцыі супраць рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна. Раней гэта прапанаваў генэральны сакратар ААН Антонію Гутэрыш.

«Сёньня дыктатары спрабуюць раскалоць адзінства паміж ЗША і Эўразьвязам, убіць клін паміж асобнымі краінамі ЭЗ. Цяпер яны ўзялі на ўзбраеньне тэму харчовай бясьпекі, маўляў, калі ня здымеце санкцыі — будзе голад. Мы падтрымліваем заклікі Літвы правесьці дэблякаду ўкраінскіх партоў. Мы катэгарычна супраць любых угод, якія прадугледжваюць транзыт празь Беларусь. Нельга дапусьціць зьняцьця санкцыяў з рэжыму. Давайце не забываць, за што яны ўведзеныя. Пакуль ня вызваленыя палітвязьні, а на тэрыторыі нашай Беларусі прысутнічаюць расейскія войскі, зьняцьце санкцый прывядзе да яшчэ большай беспакаранасьці рэжыму».

Яна выступіла за тое, каб да літоўскай бізнэс-супольнасьці даносілі інфармацыю аб тым, што гандляваць зь беларускімі дзяржаўнымі прадпрыемствамі ня трэба, каб не сілкаваць эканоміку рэжыму.

«Рэжым Лукашэнкі — гэта як крэсла з трыма ножкамі, на якіх яно трымаецца: рэпрэсіі, грошы і Крэмль. Калі хоць адная з гэтых ножак абваліцца — абваліцца і ўвесь рэжым».

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG