Офіс Сьвятланы Ціханоўскай пры Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбургу можа зьявіцца ў наступныя месяцы. Пра гэта ў інтэрвію «Голасу Амэрыкі» заявіў прадстаўнік Святланы Ціханоўскай у канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька.
У сакавіку ПАРЭ прыпыніла кантакты з афіцыйным Менскам і цяпер наладжвае адносіны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі. Каманда Ціханоўскай на мінулым тыдні наведала Страсбур для абмеркаваньня далейшай працы, а затым накіравалася ў Брусэль.
«Беларуская нелегітымная ўлада — гэта адрэзаная луста для Рады Эўропы, для Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Іх там ужо няма, але значыць, павінна быць новая Беларусь, павінны быць мы, — кажа Лябедзька. — Офіс Лукашэнкі ўжо закрыты, там было прадстаўніцтва Міністэрства замежных справаў Беларусі. Цяпер яго трэба адкрыць іншым ключом. Я думаю, што да чэрвеньскай сэсіі мы наблізімся да рашэньня гэтага пытаньня. Мы прагаворвалі магчымасьць прыезду Святланы Ціханоўскай у Страсбург і выступы на пленарным паседжаньні з удзелам усіх дэпутатаў. Зразумела, што такія паездкі прадугледжваюцца для лідэраў краін, таму для нас гэта яшчэ і палітычны момант, гэта знак, што Святлану Ціханоўскую прызнаюць як кіраўніка новай Беларусі».
Таксама Лябедзька расказаў пра работу над папраўкамі да рэзалюцыі ПАРЭ аб агрэсіі Расеі ва Ўкраіне. Паводле яго, у дакумэнце «знайшлі месца і для Беларусі».
«Мы вельмі выразна падзяляем, мы гаворым, што нелегітымная ўлада — гэта таксама агрэсар, бо было прынятае палітычнае рашэньне даць тэрыторыю Беларусі для нападу на Ўкраіну. Нехта пытаўся ў беларусаў? Ніхто не пытаўся. Хаця 97 працэнтаў заяўляюць, што яны катэгарычна супраць таго, каб беларускія вайскоўцы ўдзельнічалі або саўдзельнічалі ў гэтай агрэсіі. Пераважная большасьць людзей супраць вайны, а кіраўнік, які ўзурпаваў уладу, дае аэрадромы і тэрыторыю для таго, каб ехалі танкі, каб паднімаліся самалёты, і, вядома, гэта жахліва. Таму для нас вельмі важна фіксаваць: Лукашэнка — гэта саўдзельнік, беларусы супраць вайны», — кажа Лябедзька.
Па словах прадстаўніка Ціханоўскай, менавіта непрыняцьце расейскай агрэсіі беларускім народам стала адной з прычын, чаму Лукашэнка не аддаў загаду сваім войскам наступаць на Ўкраіну. Як кажа Лябедзька, супраць ня толькі шараговыя грамадзяне, але і вайскоўцы.
«Я думаю, што гэты момант Лукашэнка выкарыстоўваў у размове са сваім ідэалягічным братам Уладзімірам Пуціным. Прыкладна так гэта магло ісьці: „Уладзімір, я магу аддаць загад, але што будзе з гэтай арміяй, якая дэматываваная, якая ня хоча ваяваць, яны проста разьбягуцца па валынскіх, па жытомірскіх лясах, а частка зь іх проста пяройдзе на той бок і стане часткай батальёна Каліноўскага“. Я думаю, што ўсё гэта адыграла вырашальную ролю ў тым, што Лукашэнка і Пуцін адмовіліся ад ідэі ўцягнуць Беларусь у непасрэдную вайну з Украінай, хаця ў Пуціна, вядома ж, былі такія пажаданьні — заляпаць Беларусь і беларусаў максымальна ў кроў», — кажа Лябедзька.
У сераду 4 траўня беларускія вайскоўцы прыступілі да раптоўных маштабных вучэньняў для праверкі сваёй боегатоўнасьці. Воінскія часткі адпрацоўваюць выкананьне задач «на незнаёмых участках мясцовасьці ў хутка зьменлівых умовах».
Як паведамляе Міністэрства абароны Беларусі, колькасьць вайскоўцаў, якія прыцягваюцца да праверкі, будзе паступова павялічвацца, пры гэтым, па заявах ведамства, «мерапрыемствы не нясуць ніякай пагрозы для эўрапейскай супольнасьці і суседніх краін».