Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Праграмісту працы няма, але ў міліцыі і турме прапануюць добры заробак». Што зьмянілася ў штодзённым жыцьці беларусаў праз вайну і санкцыі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

«Паляндвіца была 11 рублёў, цяпер — 17». «На 115.бел заяўкі проста адхіляюць». «У горадзе ўжо не відаць таго мінімальнага парадку, якім заўсёды хваліліся ўлады». «Культурнае жыцьцё зьбяднела і фактычна ў заняпадзе».

Свабода пагутарыла зь беларусамі пра зьмены ў іхным штодзённым жыцьці ад вайны і санкцый.

«Да 9 траўня яшчэ нешта ў горадзе рабілі, пасьля — нуль»

Андрэй жыве ў Гомлі. Ён заўважае, што ў горшы бок зьмянілася інфраструктура гораду.

«Няма таго нават мінімальнага парадку, якім раней хваліліся ўлады. Яміны на дарогах, нават на галоўных, цяпер ня кідаюцца латаць. Калі і робяць, то вельмі кепка. Паставяць латкі ў стылі 90-х, і ўсё», — кажа ён.

Да Дня Перамогі 9 траўня ў горадзе, па словах Андрэя, яшчэ «нешта рабілася» ў пляне добраўпарадкаваньня. Калі сьвята мінула — скончылася і «навядзеньне парадку».

«Звароты ў камунальную службу на 115.бел людзі пішуць. Вынік такі, што пытаньне, скажам, з рамонтам дарогі ці банальна паправіць бардзюрны камень або „ставяць на кантроль“ з тэрмінам на пачатак наступнага году, або адхіляюць, просяць паўтарыць у наступным годзе. Відаць, грошай проста няма», — разважае Андрэй.

Ён кажа, што многія масты гораду ў неадпаведным стане, але рамантаваць іх ніхто не сьпяшаецца.

Ён зазначае, што ўлады гораду не заяўлялі пра новыя інвэстыцыйныя буйныя праекты. «Дабудоўваюць тое, што з горам напалам пачалі, напрыклад корпус шпіталя хуткай дапамогі. Нейкіх грандыёзных плянаў не абвяшчаюць», — кажа жыхар гораду.

«Стала больш расейскіх тавараў у крамах»

З пачаткам вясны ў крамах ён заўважыў рост цэнаў на многія тавары. Цяпер жа, кажа, некаторыя цэны «адкаціліся назад». «Напрыклад, на памідоры і перцы. У сакавіку памідоры былі па 11 рублёў, цяпер можна і за 7 рублёў знайсьці. Патаньнелі і перцы, якія ў сакавіку скокнулі да 19 рублёў. Заўважыў, што ў гіпэрмаркетах стала больш расейскіх тавараў, той жа локшыны і сокаў. Можа быць, праз санкцыі ці празь нейкія ўнутраныя дамоўленасьці», — кажа Андрэй.

Ён лічыць, што гіпэрмаркеты пачалі ашчаджаць на пэрсанале.

«У гіпэрмаркеце дзесяць касаў, але нават у час пік зь іх толькі тры працуюць. Раней шэсьць зь дзесяці працавалі», — дзеліцца ён назіраньнямі.

Культурнае жыцьцё ў горадзе, па ягоных словах, зьбяднела. «Мае знаёмыя, якія працуюць ва ўстановах культуры, наракаюць, што цяпер не даюць нават таго мінімуму, што давалі раней. Нават надрукаваць нешта для мерапрыемстваў людзі мусяць за свае грошы. Ва ўстановах культуры скарачаюць розныя пасады пад маркай аптымізацыі кадраў. Разам з тым ёсьць і дэфіцыт кадраў. Начальства і хацела б звольніць некаторых людзей, якія „недзе побач стаялі з пратэстамі“ ў 2020 годзе, але ня могуць — ім проста няма альтэрнатывы», — кажа Андрэй.

Ён дадаў, што ў апошнія гады традыцыйная «Ноч музэяў» стала платнай і «няма таго размаху, як раней».

«У мастацкай галерэі Гаўрылы Вашчанкі раней дарогу перакрывалі, ставілі сцэну, ігралі гурты. Сёлета проста бясплатны паказ быў таго, што ў іх і так вісіць, і экскурсія. Але ў іх гэта было бясплатна. У Паляўнічым дамку і ў Палацы — за грошы», — зазначыў ён.

«Сын-праграміст ня можа знайсьці працу, але службу ў міліцыі ці турме яму прапануюць часта»

Алеся жыве ў невялікім мястэчку. Яе сын адслужыў у войску і шукае працу. Ён адукацыяй праграміст.

«Пакуль безвынікова. Можа, таму што кампаніі выяжджаюць зь Беларусі. Затое яго закідалі прапановамі пра службу ў міліцыі, Дэпартамэнце аховы ці турме. Там абяцаюць і добры заробак, і сацыяльны пакет», — кажа Алеся.

Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, яе землякі кінуліся ў крамы і скупілі соль, цукар, алей і запалкі.

«Я езьдзіла па крамах і нідзе не магла солі знайсьці. Цяпер усё ў крамах ёсьць. Але цэны значна вырасьлі. Вядома, цукар падаражэў, алей, кава. Паляндвіца ў мясной краме каштавала 11 рублёў, цяпер 17 каштуе. Мяса катлетнае было 7 рублёў, цяпер — амаль 10», — расказала яна.

Жанчына праходзіла нядаўна курс кропельніц, купляла лізін у ампулах.

«У адзін дзень купіла яго за 3,70. Назаўтра — за 4,80! З восені былі складанасьці з такімі прэпаратамі, як піральгін і сэдальгін. Мне лекар іх выпісаў, але не было ў аптэках. Мне патлумачылі, што ў прэпаратах ёсьць замежны складнік, таму ён зьнік. Нядаўна зьявіўся, праўда. Сваячка ад ціску прымала ўкраінскія лекі, цяпер іх няма ў продажы», — кажа Алеся.

«Ехаць адсюль — для мяне аксіёма. Толькі пакуль ня ведаю, як»

Марына мае перадпэнсійны ўзрост. Нядаўна яна страціла працу, таму цяпер думае пра пераезд у іншую краіну.

«Ехаць адсюль — для мяне аксіёма. Толькі пакуль ня ведаю, як. Бо на візу ні падацца немагчыма, ні запісацца на прыём. Праз пасярэднікаў гэта каштуе вялікіх грошай. Іх у мяне цяпер няма», — кажа Марына.

Яна, у дадатак да асноўнай працы (якой цяпер няма) зарабляла як швачка. «Шыю ўсё, літаральна. Спартовыя гарнітуры, фіранкі — усё што магчыма. Цяпер жа заказаў усё менш і менш. У мяне такое адчуваньне, што людзі сталі моцна ашчаджаць грошы. Падчас панікі яны скупілі даляры, цяпер даляр упаў, і яны ня ведаюць, што рабіць далей», — разважае яна.

Яшчэ адна прычына для пераезду, якую называе Марына, — рэзка сапсаваліся адносіны як са сваякамі, так і сябрамі і аднаклясьнікамі. «Сваякі, блізкія людзі — дзьвюма рукамі за вайну і супраць Украіны. Я нават не магу зь імі цяпер размаўляць праз гэта. Мне крыўдна, што яны адукаваныя людзі, пры нармальных пасадах, з жыцьцёвым досьведам, а кормяцца з тэлевізара. Людзі з вышэйшай адукацыяй кажуць, што „нас і Расею Амэрыка хацела захапіць“, і апраўдваюць вайну. Я са многімі проста спыніла камунікацыю», — кажа Марына.

Ёй не падабаецца, што ў некаторых дзіцячых садках раніца пачынаецца са сьпеваў дзяржаўнага гімна.

«Гэта ўсё такі „патрыятызм“. Сумна, папраўдзе. У школах з гэтай ідэалёгіяй таксама сумна», — лічыць яна.

Раней Марына часта выказвала свае погляды на старонцы ў Facebook.

«Але мне пачалі тэлефанаваць знаёмыя і проста на прамілы Бог прасіць нічога не пісаць, бо „па цябе прыйдуць“. Я бачу, што і цяпер людзей хапаюць адвольна. Таму пакуль нічога нідзе не пішу, сяджу як мыш пад венікам», — кажа яна.

Марына лічыць, што «тут ужо нічога добрага ня будзе», і шукае варыянты, каб зрабіць візу. «Хоць куды», — кажа яна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG