Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэфолт Беларусі ў 2022 годзе не пагражае, — эканаміст Раманчук


Банк у Менску
Банк у Менску

Беларускі эканаміст Яраслаў Раманчук расказвае, як і чым Расея будзе эканамічна падтрымліваць Лукашэнку; прагназуе падзеньне беларускага ВУП на 10 працэнтаў і кажа, калі расейцы найгорш адчуюць вынікі заходніх санкцыяў.

Сьцісла:

  • Куды ні ткні — атрымліваеш эканоміку ваеннага часу.
  • Усё будзе залежаць ад таго, наколькі Лукашэнка дамовіцца з Крамлём аб рэфінансаваньні доўгу.
  • Самастойнай фінансавай палітыкі ў Беларусі ўжо фактычна няма.
  • Лукашэнка разумее, што ўваход беларускіх войскаў у вайну абнуляе і Беларусь, і самога Лукашэнку.
  • Калі не забясьпечаныя базавыя патрэбы людзей — бясьпека, стабільнасьць, абарона права — усё астатняе ня мае значэньня.

— Вельмі розныя прагнозы гучаць наконт таго, што чакае беларускую эканоміку. Натуральна, ніхто ня бачыць нейкіх пазытыўных пэрспэктываў на найбліжэйшы час, але меркаваньні вагаюцца ў дыяпазоне ад падзеньня ВУП на некалькі працэнтаў да падзеньня на 20–30 працэнтаў, як на пачатку 90-х. Як вы бачыце стратэгічныя варыянты? Наколькі, напрыклад, можа ўпасьці беларускі рубель?

— Такога паняцьця, як «ліміт падзеньня», у дадзены момант няма, бо ўсё залежыць ад канкрэтных рашэньняў. Быў шок для рубля, які прывязаны да расейскай валюты, і гэты палёт ад 2,5 да 3,3 ужо адбыўся. 3,5–4 беларускія рублі за даляр — гэта будзе ў тым выпадку, калі не адбудзецца прыняцьця нейкіх няправільных рашэньняў, якія прывядуць да яшчэ большага падзеньня нацыянальнай валюты.

Калі кіраўніцтва Нацбанку зламаецца і пачнуць друкаваць грошы, як у часы Пракаповіча, — тады глыбіні падзеньня не відаць. Цяпер ёсьць абмежаваньні па выкарыстаньні валюты, па плацяжах, па абслугоўваньні доўгу, па інвэстыцыях. Куды ні ткні — атрымліваеш эканоміку ваеннага часу. У такой сытуацыі немагчымыя дакладныя прагнозы, бо няма нейкага аднаго чыньніка, ад якога варта адштурхоўвацца.

Падзеньне ВУП у 2022 годзе можа дасягнуць 10 працэнтаў. ВУП, які ў 2021 годзе быў 68 мільярдаў даляраў, у 2022 годзе будзе 45–47 мільярдаў, у залежнасьці ад курсу. А бюджэт Беларусі, які ў 2021-м склаў 25 мільярдаў, у 2022-м складзе ня больш за 17 мільярдаў даляраў.

— Эканамісты абмяркоўваюць магчымасьць дэфолту Расеі. Ці рэалістычны такі сцэнар у дачыненьні да Беларусі?

— Дэфолт — гэта невыкананьне дзяржавай сваіх абавязкаў у аплаце крэдытаў і іншых фінансавых абавязаньняў. Ён сьведчыць, што краіна ня можа быць платаздольным партнэрам, яна ня мае грошай.

У Беларусі ёсьць грошы, каб плаціць за свае даўгі. 8 мільярдаў даляраў золатавалютных рэзэрваў, у 2021 годзе вырасьлі прыбыткі ад экспарту, таму валютная выручка была.

Большую частку доўгу ў 2022 годзе Беларусь павінна сплаціць Расеі. І тут, я думаю, будуць нейкія ўзаемазалікі, схемы, каб гэты цяжар доўгу зьняць ці аслабіць. Я думаю, будзе рэструктурызацыя гэтага доўгу, то бок Масква дазволіць аддаваць яго пазьней. Так што ў 2022 годзе Беларусі дэфолт пакуль не пагражае.

Але гэта ня значыць, што па аблігацыях асобных прадпрыемстваў гэтага дэфолту ня будзе. Беларусь і Расея цяпер маюць крэдытны рэйтынг С — самы нізкі, вялікая рызыка дэфолту. Гэтыя краіны адарваныя ад фінансавага рынку, і ўсё будзе залежаць ад таго, наколькі Лукашэнка дамовіцца з Крамлём наконт рэфінансаваньня доўгу. Так што самастойнай фінансавай палітыкі ў Беларусі ўжо фактычна няма.

— А што Расея можа прапанаваць Менску, калі яна сама ў цісках санкцыяў і магчымага дэфолту?

— Ну першае, паўтаруся, — рэстуктурызацыя доўгу. «Вы павінны нам выплаціць сёлета 2 мільярды, а заплаціце 200 мільёнаў, астатняе пазьней». Другое — дзяржаўная замова на закуп Расеяй беларускай прадукцыі. Трэцяе — наладзіць ланцугі пастаўкі беларускіх угнаеньняў праз расейскія парты.

Тут можа падключыцца і Кітай, паабяцаўшы закупляць беларускія калійныя ўгнаеньні, а ў адказ папрасіўшы атрымаць акцыі «Беларуськалію». Кітайцы могуць нават пажадаць выкупіць «Слаўкалій» — гэта прадпрыемства Гуцэрыева, які павінен быў свае грошы ўкласьці, але па сутнасьці гэта дзяржаўнае прадпрыемства. Так што ёсьць яшчэ што прадаваць. Кітай, вядома, будзе баяцца нарвацца на заходнія санкцыі, і я думаю, што тут могуць быць падключаныя нейкія падкантрольныя Кітаю структуры Казахстану і Кіргізстану.

— Пасьля пачатку вайны вельмі жорсткія санкцыі абрынуліся на Расею, але не на Беларусь. Зь Беларусі пакуль не сыходзяць самыя багатыя і тэхналягічныя сусьветныя брэнды. Ці можна сказаць, што гэта робіцца наўмысна, каб паказаць, што сусьветная супольнасьць адрозьнівае Расею і Беларусь, якая ўсё ж пакуль не ўступала сваімі войскамі ў ваенныя дзеяньні супраць Украіны? Ці можна сказаць, што тыя санкцыі, якія ўведзеныя супраць Беларусі, блізкія да максымуму і радыкальнага іх узмацненьня ня будзе?

— Я думаю, гэта ўжо фактычна максымальна магчымы ўзровень санкцыяў для цяперашняй сытуацыі, — каб Лукашэнка не ўступаў у вайну. Лукашэнка разумее, што ўваход беларускіх войскаў у вайну абнуляе і Беларусь, і самога Лукашэнку. Таму Лукашэнка як хітры і цынічны палітык будзе спрабаваць балянсаваць, і ня думаю, што ён будзе пасылаць войскі. Будзе торг гэтай казырнай картай, што «я ня ўдзельнічаў у вайне».

— Было паведамленьне, што ўлады Беларусі прапанавалі кампаніям з Парку высокіх тэхналёгій максымальна лібэральныя ўмовы — зьніжэньне падатку, адсутнасьць праверак і гэтак далей. Ці можа гэта спыніць эміграцыю IT-шнікаў зь Беларусі?

— Сёньняшняя Беларусь — гэта турма, у якой некаторыя ствараюць дзіцячую пляцоўку, на якой вы можаце гуляцца, ніхто ня будзе вас кашмарыць і гэтак далей. Але пры гэтым IT-шнікі вылятаюць цэлымі самалётамі з краіны, бо ніхто ня хоча быць гарматным мясам у гэтай вайне. Таму, калі не забясьпечаныя базавыя патрэбы людзей — бясьпека, стабільнасьць, абарона права — усё астатняе ня мае значэньня.

— Украіна да вайны была трэцім гандлёвым партнэрам Беларусі. Што чакае гэты таваразварот, калі ракеты на ўкраінскія гарады ляцяць у тым ліку зь беларускай тэрыторыі?

— Дагэтуль гандаль паміж краінамі быў даволі ўстойлівы, яго не зьмянілі нават падзеі ў Беларусі ў 2020-2021 гадах. Ёсьць прагматычныя эканамічныя інтарэсы, і я, па шчырасьці, ня ведаю, ці ідуць цяпер беларускія нафтапрадукты на ўкраінскую тэрыторыю. Ніякіх заяваў наконт гэтага пакуль не было. Я магу сказаць, што ў 2021 годзе, калі Расея ўжо сьцягвала войскі да ўкраінскіх межаў, гандаль паміж Украінай і Расеяй за год павялічыўся.

— Вы гаварылі пра казахстанскі варыянт, калі казахстанскія і кіргіскія фірмы могуць стаць «пракладкамі», мэтадам пазьбяганьня санкцыяў супраць Расеі.

— Казахстан і Кіргізстан — гэта магутныя дзіркі ў мытнай прасторы ЭўрАзЭС. Кантрабанда там — звычайная справа. Асабліва актыўны там Кітай, які сам ня хоча падстаўляцца пад заходнія санкцыі. Гэта будзе разрастаньне шэрай эканомікі.

— Калі гаварыць пра эканоміку Расеі, то празь які прыблізна час наступяць усе тыя нэгатыўныя зьявы, якія адчуюць грамадзяне Расеі?

— Гэта будзе расьцягнута ў часе. Першы шок ужо адбыўся — зьвязаны з дэвальвацыяй расейскага рубля. Другі шок — калі нельга будзе зьняць грошы з рахункаў. Па сутнасьці, адбудзецца канфіскацыя значнай часткі тых грошай, якія ляжаць на дэпазытах і ў акцыях расейскіх кампаній.

Потым — цэны. Тое, што цяпер на складах, прададуць, і новыя цэны будуць на 100–200 працэнтаў большыя. ЖКГ, транспарт — усё падаражэе. Потым беспрацоўе, закрыцьцё прадпрыемстваў. Асноўны цяжар санкцыяў расейцы адчуюць у верасьні-кастрычніку. Беднасьць, сацыяльная напружанасьць, расчараваньне можа прывесьці да новай рэвалюцыі.

Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне

Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.

Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».

26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.

28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.

Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.

У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.

Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.

Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.

5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.

6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».

8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».

Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.

Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.

Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.

Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.

9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.

16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.

22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.

28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.

20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG