Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лекарка сказала, што неўзабаве ня будзе чым плямбаваць зубы». Як вайна і санкцыі паўплывалі на штодзённае жыцьцё беларусаў


Графіці ў Менску, люты 2022 году
Графіці ў Менску, люты 2022 году

Свабода пагутарыла зь беларусамі зь Менску, абласных і раённых цэнтраў пра тое, як на іхны побыт паўплывала вайна ва Ўкраіне і санкцыі Эўразьвязу.

«Каб не дапамога ад дачкі, я б на пэнсію не працягнула»

Пэнсіянэрка Ганна жыве ў Гомлі. Адна з праблемаў, якая яе найбольш цяпер хвалюе, — адсутнасьць у аптэках прэпарату L-тыраксін.

«У мяне, як і многіх жыхароў Гомля і вобласьці, выдаленая шчытападобная залоза. Я мушу штодзень прымаць L-тыраксін. Але ён зьнік з аптэк. Няма ані ў Гомлі, ані ў Менску — там жыве мой сын, сочыць за сытуацыяй.

Па гомельскай тэлевізіі паказалі сюжэт, што нібыта лекі ў аптэках ёсьць. Але гэта брахня. Іх няма. Цяпер сыстэма такая, што я мушу ісьці ў аптэкі і замовіць яго. Замовіла. У трох аптэках. Толькі з адной патэлефанавалі і сказалі, што будзе L-тыраксін. Але ня той дозы, якая мне трэба. Добра, што я зрабіла запас. Што будзе далей — невядома», — падзялілася Ганна.

Зьніклі з аптэк і ўкраінскія лекі.

«Мяне прасілі знаёмай купіць сардэчныя лекі. Раней яны былі ўкраінскія, цяпер — з краін Балтыі. І даражэйшыя ўдвая», — зазначыла пэнсіянэрка.

Яе пэнсія — 540 рублёў. «Добра, што мне дапамагае фінансава дачка штомесяц. Я б сама ня выцягнула на сваю пэнсію. Прадукты падаражэлі. Толькі алей у два разы! Цяпер каштуе 7 рублёў», — кажа Ганна.

Да пэнсіі яна працавала настаўніцай у школе. Падтрымлівае сувязі з былымі вучнямі. Цяпер, кажа Ганна, і яе сваякі, пляменьнікі, і былыя вучні выяжджаюць зь Беларусі.

«Я не магу сказаць, што „нехта зьехаў“, бо большасьць ужо выехала, гэтак і з маіх былых вучняў. Засталіся адзінкі», — заўважыла пэнсіянэрка.

«Усе сьвяты носяць мілітарызаваную накіраванасьць»

Зьмяніўся і фармат правядзеньня розных сьвятаў у Гомлі. Раней Ганна ахвотна наведвала культурныя і спартовыя падзеі.

«Цяпер яны ўсе мілітарызаванай накіраванасьці, што, безумоўна, засмучае. Было нядаўна адкрыцьцё сэзону ровараў. Адкрываў сэзон наш адыёзны ваенкам Крываносаў. І пад адкрыцьцё сэзону яны зладзілі на фінішы „Адкрыты дзень сілавых структур“. Дзецям прапаноўвалі сабраць і разабраць аўтаматы. Удзельнікаў запрасілі „пачаставацца салдацкай кашай“ на пляцоўцы Сьледчага камітэту.

Я калі бачу дзяцей у форме і пілётках — мяне гэта проста раніць у сэрца. Цяперашні Дзень Перамогі ўспрымаўся балюча як ніколі. Бо памяць дзядоў проста спаганілі, здрадзілі тым, хто змагаўся за перамогу. Жахліва і балюча, што з нашай тэрыторыі ляцелі ракеты забіваць украінцаў», — лічыць Ганна.

Яна мае лецішча ў вёсцы. «Я ніякім чынам не агародніца. Мне лецішча трэба больш для адпачынку. Мы не зьбіраліся садзіць бульбу сёлета. Але муж вырашыў, што варта — у сувязі з такой сытуацыяй і цэнамі. І бульбу садзіць, і нарыхтоўкі рабіць будзем. Так і большасьць нашых знаёмых кажуць», — дадала жанчына.

Яна таксама зьвярнула ўвагу, што ўлады ў Гомлі цяпер мала клапоцяцца пра стан дарог. «І раней пасьля зімы дарогі былі разьбітыя. Але цяпер гэта нейкі жах — паўсюды калдобіны, і ніхто нічога не рамантуе», — кажа Ганна.

«Страціла кліентаў — яны пакінулі Беларусь»

Кацярына шмат гадоў прафэсійна займаецца масажам. Паслугі яе нятанныя, імі карысталіся звычайна людзі дастаткова заможныя.

«Цяпер я сутыкнулася са стратай сталых кліентаў. Людзі прыходзяць на сэанс, дзякуюць сардэчна і разьвітваюцца. Бо зьяжджаюць у Ізраіль, Польшчу, Грузію — хто куды. Яны не прадаюць кватэр пакуль, проста пакідаюць, але самі едуць за мяжу жыць. Тлумачаць, што цяпер немагчыма весьці бізнэс. І робіцца ўсё горш і горш. Сумна ад гэтага», — кажа Кацярына.

Апроч масажу, яна таксама мае невялікую краму адзеньня. «Але гэтая вясна была правалам для нас. Закупілі вясновы асартымэнт, але продажу нармальнага не было. Проста ніхто нічога не купляе», — кажа яна.

Яе дзеці пераехалі ў Грузію. Кацярына паехаць ня можа — даглядае хворую маці. «Але я кажу і сабе, і іншым так: „Я ня дрэва, магу адысьці“, таму пытаньне з магчымым пераездам пакуль у мяне адкрытае», — дадала яна.

«Балюча, што шмат сяброў выехалі зь Беларусі»

Марына працуе настаўніцай у школе, яе муж — у дзяржаўнай структуры.

«Мне здаецца, што нам цяпер прасьцей, чым тым, хто працуе ў прыватных фірмах. Там нашмат горшая сытуацыя з працай. Праўда, яшчэ летась мы маглі нашмат больш купіць на свае заробкі, але пакуль цярпіма. Цэны вырасьлі на ўсё, значна. Добра, што мы пасьпелі дабудаваць дом. Цяпер хоць на будоўлю ня трэба выдаткоўваць грошы», — кажа Марына.

«Болем» яна называе страту сяброў, шмат зь іх выехалі нядаўна за мяжу.

«Кожны дзень думаю пра сяброў, якія зьехалі. Мне было зь імі цікава і добра. Але цяпер мы ня побач. Гэта не дае мне жыць шчасьліва. Мне не хапае разумных, дарагіх людзей. Не хапае сустрэч зь імі, паездак да іх. Разумею, што хутка я іх ня ўбачу. Ня ўбачу, як растуць іхныя дзеці, не пражыву многія моманты разам, не разьдзялю іх», — з сумам кажа настаўніца.

У яе сына — астма. Таму яна хвалюецца, што могуць зьнікнуць лекі. «Для мяне гэта страшнае пытаньне, бязь лекаў сын ня дасьць рады», — турбуецца яна. Марына зрабіла запас лекаў на ўсялякі выпадак. «Быў пэрыяд, калі гэтыя лекі прапалі, было вельмі трывожна», — патлумачыла жанчына.

Яна кажа, што і родны горад, і Беларусь сталі «не такімі ўжо любімымі, як раней». «Усё нібыта атручанае, асабліва калі ідзе вайна, калі нашы людзі пакутуюць у турмах, калі блізкіх людзей няма побач», — дадала настаўніца.

«Лячыла зубы з айчыннай анэстэзіяй і шпрыцамі — вельмі балюча»

Дзіяна жыве ў райцэнтры. Яна нядаўна лячыла зубы ў платным кабінэце дзяржаўнай стаматалёгіі. «Першы раз лячыла зубы зь беларускай анэстэзіяй і калолі беларускім шпрыцам. Сказалі — няма імпартнага. Было вельмі балюча, і чакаць давялося доўга, каб абязболіла. Лекарка сказала, што неўзабаве ня будзе чым плямбаваць зубы», — расказала Дзіяна.

Яна заўважыла, што цэны на прадукты вырасьлі «адчувальна», яшчэ і скараціўся асартымэнт.

«Моцна падаражэлі кава, алей, макарона добрая — гэта проста ў два разы. А так усё патроху, працэнтаў на 20-50: і малако, і батон, паўсядзённае ўсё. Менш стала выбару. Напрыклад, выбар гарбаты малы. Яшчэ неўзабаве пачнецца сэзон нарыхтовак, а солі буйной няма ў продажы. Толькі дробная. Яна для закрутак ня надта. „Беларуськалій“ абяцаў „даць“ буйную, буду чакаць. Я ўжо набыла такую экспэрымэнтальную каробачку іхнай буйной солі», — кажа Дзіяна.

Яна спадзяецца на свой гарод, на нарыхтоўкі.

«Мы вырашылі летась, што сёлета дамо зямлі адпачынак, і ўсё засеялі пад зіму аўсом. Але цяпер проста па аўсе аралі і садзілі бульбу. Буду два полі сёлета даглядаць — і сваё, і сяброў», — кажа Дзіяна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG