Галоўнае на гэты момант
- Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў у Вярхоўнай радзе Ўкраіны – першым з сусьветных лідараў з 24 лютага. «Пасьля Бучы, Барадзянкі, Марыюпалю з Расеяй ня можа быць спраў як «звычайна», спадары прэзыдэнты і прэм'еры», – сказаў Дуда, завочна зьвяртаючыся да сусьветных лідэраў.
- Вярхоўная рада Ўкраіны падоўжыла ваеннае становішча і агульную мабілізацыю на 90 дзён – да 23 жніўня.
- У Энэргадары падарвалі кіраўніка расейскай акупацыйнай адміністрацыі.
- Мядзінскі заявіў аб гатоўнасьці да перамоваў і аб іх замарозцы Ўкраінай.
- Украінскія вайскоўцы паведамляюць аб абстрэлах Чарнігаўскай вобласьці.
- Расея разгарнула ў Белгародзкай вобласьці пускавыя ўстаноўкі апэратыўна-тактычнага ракетнага комплексу «Іскандэр-М», паведамляюць Узброеныя сілы Ўкраіны.
- Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі ракетныя комплесы «Точка-У», «Смерч» і 7 батальёнаў, пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі захоўваецца.
- Паводле апошніх зьвестак ААН, з пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі 3838 мірных жыхароў. Офіс Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека лічыць, што фактычныя лічбы значна вышэйшыя.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.
Што адбываецца 22 траўня
У Кіеў прыбыў прэзыдэнт Польшчы
Анджэй Дуда заклікаў эўрапейскіх калег з трыбуны Вярхоўнай Рады ў Кіеве ня мець ніякіх спрваў з Пуціным, бо злачынствы расейцаў у Марыюпалі і Бучы перакрэсьліваюць увесь сэнс такіх тэлефанаваньняў і перамоў. «Пасьля Бучы, Барадзянкі, Марыюпаля з Расеяй ня можа быць спраў як «звычайна», спадары прэзыдэнты і прэм'еры», – сказаў Дуда, завочна зьвяртаючыся да сусьветных лідэраў. Таксама ён заявіў, што Ўкраіну трэба будзе аднаўляць за кошт рэпарацый ад Расеі.
Мядзінскі заявіў аб гатоўнасьці да перамоваў і аб іх замарозцы Украінай
Расея не адмаўляецца ад перамоваў з Украінай і гатовая іх працягваць, аднак цяпер працэс замарожаны з ініцыятывы Кіева, заявіў памочнік прэзыдэнта Расеі і кіраўнік расейскай перамоўнай дэлегацыі Ўладзімір Мядзінскі ў эфіры беларускага тэлеканалу АНТ.
У Энэргадары падарвалі кіраўніка расейскай акупацыйнай адміністрацыі
Выбух грымнуў, калі Шэўчык заходзіў у пад’езд свайго дома. Здарэньне пацьвярджаюць як украінскія, так і расейскія СМІ, якія са спасылкай на мэра Энэргадару Дзьмітрыя Арлова паведамляюць, што Шэўчык і два ягоныя ахоўнікі шпіталізаваныя з траўмамі рознай ступені цяжкасьці.
У Мікалаеве зь лютага загінулі 97 чалавек
З пачатку поўнамаштабнай вайны ва ўкраінскім Мікалаеве загінулі 97 чалавек, сярод якіх адно дзіця. Таксама вядома пра 436 параненых. Пра гэта ў інтэрвію «Громадському радіо» паведаміў мэр Мікалаева Аляксандар Сянкевіч.
«На сёньня баявых дзеяньняў у Мікалаеве не адбываецца. Найбліжэйшыя баі ў раёне населенага пункту Аляксандраўка — за 20 кілямэтраў ад Мікалаева. Але мы рыхтуемся да любога сцэнару і працягваем працаваць на трох лініях абароны. Рыхтуем, капаем траншэі, усталёўваем блёкі. Штодня акупанты абстрэльваюць горад. Большасьць з іх — касэтныя снарады, галоўная ідэя якіх — забіваць людзей», — сказаў мэр.
Ён таксама адзначыў, што бамбаваньні працягваюцца, таму вяртацца ў горад небясьпечна, і дадаў, што больш за палову насельніцтва пакінулі Мікалаеў.
Вярхоўная Рада прыняла закон аб забароне сымболікі Z і V
Вярхоўная Рада прыняла закон аб забароне сымболікі Z і V з прапановамі прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага.
У законе пашыраецца сьпіс выпадкаў, калі выкарыстаньне ўказанай сымболікі не забароненае, напрыклад, калі гэта адбываецца ў легітымных мэтах і без прыкмет прапаганды. Размова ідзе аб экспазыцыях музэяў, тэматычных выставах і бібліятэчных фондах.
Украінскія вайскоўцы паведамляюць аб абстрэлах Чарнігаўскай вобласьці
Расейскія войскі абстралялі прымежныя раёны Чарнігаўскай вобласьці, паведамляюць у апэратыўным камандаваньні «Поўнач».
«Сёньня каля 15:45 назіральнікі зафіксавалі шэсьць «прыходаў» з тэрыторыі Расеі, верагодна, з АГС у раён населенага пункта Сянькоўка».
У суботу паведамлялася аб абстрэлах памежных раёнаў Сумскай і Чарнігаўскай абласьцей.
Украінская выведка паведамляе пра пахаваньне беларускіх наймітаў, якія ваявалі на баку Расеі
Асобныя беларускія вайскоўцы бяруць удзел у вайне з Украінай у складзе расейскіх ПВК, заяўляе ўкраінская выведка.
У Беларусі пахавалі некалькіх вайскоўцаў, якія бралі ўдзел у вайне супраць Украіны ў складзе расейскіх прыватных вайсковых кампаній і загінулі там, сьцьвярджае Галоўнае ўпраўленьне выведкі Ўзброеных сіл Украіны.
Удар па артылерыйскіх сыстэмах
Дзякуючы ўзгодненым дзеяньням з партызанамі ўкраінскія стралкі зьнішчылі некалькі артылерыйскіх сыстэм расейскага войска, гаворыцца ў паведамленьні Запароскай абласной вайсковай адміністрацыі. Украінскія вайскоўцы працягваюць адціскаць праціўніка на поўдзень.
На гэтыя паразы, як сьцьвярджае ўкраінскі бок, захопнікі адказалі ўзмацненьнем кантролю на блёк-пастах і даглядам ня толькі прыватных аўтамабіляў, але і грамадзкага транспарту ў Мелітопалі.
Што адбываецца ў Расеі
Расея забараніла ўезд Джо Байдэну і яшчэ 962 грамадзянам ЗША
У сьпісе, сярод іншых, апынуліся прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, ягоны сын Хантэр Байдэн, дырэктар ЦРУ Уільям Бэрн, чальцы палаты прадстаўнікоў ад рэспубліканскай і дэмакратычнай партый, дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен, журналісты, палітыкі, прадпрымальнікі, судзьдзі, адвакаты, сілавікі, вайскоўцы і інш. У паведамленьні МЗС РФ гаворыцца, што санкцыі ўведзеныя «ў кантэксьце мераў у адказ на пастаянна ўведзеныя ЗША антырасейскія санкцыі».
У Дзярждуме Расеі прапанавалі адмяніць абмежаваньні па ўзросьце для вайскоўцаў-кантрактнікаў
У Дзярждуму ўнесьлі законапраект аб адмене верхняга ўзроставага парога для заключэньня першага вайсковага кантракту.
Цяпер першы вайсковы кантракт можа заключыць расіянін да 40 гадоў і замежнік да 30 гадоў. Аўтары законапраекту прапануюць адмяніць узроставую мяжу для грамадзян працаздольнага ўзросту. Для мужчын гэта 65 гадоў.
Авіякампанія S7 адмяніла рэйсы на захад і поўдзень Расеі, а таксама ў Крым да чэрвеня і верасьня
На гэта зьвярнула ўвагу агенцтва «РИА Новости». Авіяперавозчык закрыў продажы на рэйсы ў Анапу, Геленджык, Краснадар і Сімферопаль да 23 чэрвеня, а на рэйсы з Масквы ў Белгарад, Бранск, Варонеж і Ліпецк — да канца верасьня.
Расавіяцыя закрыла пералёты ў кожны з названых аэрапортаў 24 лютага, у дзень пачатку вайны Расеі супраць Украіны, а потым падаўжала забарону больш як дзесяць разоў. Цяпер пералёты фармальна закрытыя да 13 траўня.
Удзел Беларусі ў вайне
Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.
Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Сьмерч»
У Беларусі на асобных палігонах разгарнулі два ракетныя дывізіёны тактычнага ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён рэактыўнай сыстэмы залпавага агню «Сьмерч», паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў вечаровай зводцы 20 траўня, пагроза ракетна-бомбавых удараў і артылерыйскіх абстрэлаў з тэрыторыі Беларусі пакуль ня зьнікла.
Беларускае войска ля мяжы з Украінай
Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.
Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.
Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).
Як рэагуе сьвет
Байдэн падпісаў законапраект аб наданьні 40 млрд даляраў дапамогі Ўкраіне
21 траўня прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн падпісаў законапраект аб наданьні Ўкраіне 40 мільярдаў даляраў. Пакет прадугледжвае выдзяленьне дапамогі ў сфэры бясьпекі на 6 млрд даляраў, у тым ліку навучаньне, абсталяваньне, узбраеньне і падтрымку. Яшчэ 8,7 млрд мяркуецца накіраваць на папаўненьне запасаў амэрыканскага абсталяваньня, адпраўленага Ўкраіне, 3,9 млрд — на апэрацыі Эўрапейскага камандаваньня ЗША, 11 млрд Байдэн можа выкарыстаць для перадачы прадметаў і паслуг з амэрыканскіх запасаў без ухваленьня Кангрэсу.
ЗША перададуць Украіне ўзбраеньне яшчэ на 100 мільёнаў даляраў
У гэтым пакеце будуць пастаўкі 18 гаўбіц калібрам 155 мм і 18 тактычных машын для перавозу гэтых гаўбіц — эквівалент артылерыйскага батальёну, паведаміў прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі. Таксама ў пакеце дапамогі будзе 36 антыартылерыйскіх радараў ANTPQ.
Напярэдадні на брыфінгу ў Вашынгтоне неназваны высокі прадстаўнік Пэнтагону расказаў журналістам, што 79 з пастаўленых ЗША раней 90 гаўбіц ужо разьмешчаныя на пазыцыях украінскіх войскаў і выкарыстоўваюцца ў баявых дзеяньнях.
Эўрапарлямэнт: Усе санкцыі ЭЗ супраць Расеі павінны распаўсюджвацца на Беларусь
У чацьвер дэпутаты Эўрапарлямэнту прынялі рэзалюцыю, у якой асуджаюць падтрымку рэжымам Лукашэнкі вайны Расеі супраць Украіны і заклікаюць распаўсюдзіць на Беларусь усе санкцыі супраць Расеі, якія ўжо ўведзеныя і будуць уведзеныя.
Таксама ў рэзалюцыі заклікаюць правесьці расьсьледаваньне злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага народа, заклікаюць краіны ЭЗ актыўна прымяняць прынцып унівэрсальнай юрысдыкцыі і рыхтаваць судовыя справы супраць беларускіх службовых асобаў, у тым ліку Лукашэнкі, адказных за гвалт і рэпрэсіі ў Беларусі.
Эўрапарлямэнт падтрымаў стварэньне трыбуналу, каб судзіць Расею за ваенныя злачынствы
Чальцы Эўрапарлямэнту падтрымалі рэзалюцыю з заклікам да ЭЗ падтрымаць стварэньне спэцыяльнага трыбуналу па злачынстве агрэсіі супраць Украіны і прадаставіць яму неабходныя рэсурсы і падтрымку, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба.
Эўрапарлямэнт прыняў рашэньне адмяніць імпартнае мыта для Ўкраіны на год
У Эўрапарлямэнце выказаліся за ідэю адмены пошлін на імпарт у ЭЗ з Украіны для таго, каб падтрымаць эканоміку краіны. За прагаласавалі 515 дэпутатаў, супраць — 32, устрымаліся — 11. Дзейнічаць гэтая льгота будзе на працягу году. Адмена пошлін датычыцца экспарту прамысловай прадукцыі, садавіны і агародніны, а таксама антыдэмпінгавых пошлін адносна імпарту сталі. Рашэньне Эўрапарлямэнту пачне дзейнічаць пасьля таго, як яго апублікуюць у афіцыйным часопісе ЭЗ, пасьля чаго на наступны дзень яно набудзе моц. Як мяркуецца, гэта можа адбыцца ў чэрвені.
Сэнат ЗША 19 траўня ўхваліў новы пакет дапамогі Ўкраіне ў памеры 40 млрд даляраў
Цяпер яго павінен падпісаць Джо Байдэн. На мінулым тыдні Сэнат ЗША спрабаваў прыняць закон у паскораным фармаце, але галасаваньне заблякаваў рэспубліканец Рэнд Пол.
Значная частка з гэтай сумы пойдзе на зброю, таксама плянуецца накіраваць сродкі на гуманітарныя мэты і падтрымку эканомікі Ўкраіны.
Украіна атрымае гуманітарную дапамогу ад Польшчы ў выглядзе бэнзіну
Пра гэта паведаміла віцэ-прэм'ер, міністар эканомікі Юлія Свірыдзенка. Паводле Свірыдзенкі, Польшча дасьць агулам 25 тысяч тон з уласных запасаў. Як паведамляе прэс-служба Кабінэта міністраў, пастаўкі паліва пачнуцца на наступным тыдні.
Дэфіцыт паліва на АЗС Украіны ўзьнік у канцы красавіка. У канцы сакавіка расейскія вайскоўцы пачалі наносіць авіяўдары па паліўных базах. Разбураныя або пашкоджаны нафтабазы ў Львоўскай, Валынскай, Ровенскай, Палтаўскай, Днепрапятроўскай і Адэскай абласьцях. Таксама ў выніку расейскіх авіяўдараў была разбураная інфраструктура Крэменчугскага НПЗ, найбуйнейшай нафтавай кампаніі Ўкраіны, якая забясьпечвае больш за траціну ўсяго ўкраінскага рынку паліва.