Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пекла на Данбасе», захоп расейцамі «Азоўсталі». 86-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны


Апэрацыя па разборы завалаў у горадзе Бахмут, Украіна
Апэрацыя па разборы завалаў у горадзе Бахмут, Украіна

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 5,5 мільёна чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Мінабароны Расеі абвясьціла, што завод «Азоўсталь» захоплены і што агулам «здаліся» 2439 украінскіх вайскоўцаў, якія знаходзіліся на яго тэрыторыі. У Кіеве пакуль не камэнтуюць.
  • Расейскія войскі вядуць наступ пад Лісічанскам і Севераданецкам, паведамляе Генштаб Узброеных сіл Украіны ў ранішняй зводцы 20 траўня.
  • У зводцы таксама гаворыцца, што захоўваецца пагроза ракетна-бомбавых удараў з тэрыторыі Беларусі.
  • Сэнат ЗША ўхваліў пакет дапамогі Ўкраіне амаль на 40 млрд даляраў. Цяпер дакумэнт мае падпісаць прэзыдэнт Джо Байдэн.
  • Паводле зьвестак ААН, ад пачатку вайны ва Ўкраіне загінулі 3811 мірных жыхароў. Офіс Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека лічыць, што фактычныя лічбы значна вышэйшыя.
  • Расейскі сяржант Вадзім Шышымарын на судзе ў Кіеве прызнаў віну ў забойстве мірнага жыхара. Пракуратура Ўкраіны просіць для яго пажыцьцёвы тэрмін. Прысуд прагучыць 23 траўня.
  • Ва Ўкраіне судзяць яшчэ двух расейскіх вайскоўцаў. Іх абвінавачваюць у артылерыйскім абстрэле Харкаўскай вобласьці.
Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022
Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 20 траўня

Мінабароны Расеі заявіла, што завод «Азоўсталь» у Марыюпалі перайшоў пад кантроль расейскіх войскаў

Расейскае ведамства сьцьвярджае, што агулам «здаліся» 2439 украінскіх вайскоўцаў, якія знаходзіліся на тэрыторыі заводу. Паводле паведамленьня, міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу далажыў Уладзіміру Пуціну аб захопе заводу.

Украінскія ўлады пакуль не камэнтуюць гэтае паведамленьне. Але раней прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што абаронцы «Азоўсталі» атрымалі дакладны сыгнал ад ваеннага камандаваньня, што яны могуць выйсьці і ўратаваць сваё жыцьцё.

Ракетны ўдар па Жытоміры: дзясяткі пашкоджаных дамоў і трое параненых

Раніцай расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па горадзе Малін на Жытоміршчыне. Тры чалавекі атрымалі раненьні. Пашкоджаная чыгуначная інфраструктура і дзясяткі дамоў, заявіў кіраўнік Жытомірскай абласной вайсковай адміністрацыі Віталь Бунэчка.

Расейская ракета трапіла ў адзін з аб'ектаў інфраструктуры Адэскай вобласьці

Як паведаміла кіраўніца прэс-цэнтру сіл абароны поўдня Ўкраіны Натальля Гумянюк, на месцы ўзьнік пажар, там працуюць ратавальнікі. Пагрозы жыцьцю і здароўю мірнага насельніцтва ў бліжэйшых населеных пунктах няма.

У Харкаўскай вобласьці зьнішчылі палац культуры. Ёсьць пацярпелыя

У горадзе Лазавая Харкаўскай вобласьці расейскія вайскоўцы нанесьлі ўдар па палацы культуры. «Суспільне Харків» са спасылкай на дырэктара Цэнтру экстранай мэдычнай дапамогі Віктара Забашту паведамляе, што ў выніку ўдару па ДК у Лазавой раненьні атрымалі як мінімум сем чалавек. Сярод пацярпелых 11-гадовае дзіця. Супрацоўнікі Дзяржаўнай службы Ўкраіны па надзвычайных сытуацыях тушаць пажар і пачынаюць разбор завалаў.

У Севераданецку абстралялі школу, дзе хаваліся людзі

Раніцай 20 траўня расейскія войскі абстралялі школу ў Севераданецку, у якой знаходзіліся каля 200 чалавек, у тым ліку дзеці. Трое дарослых загінулі на месцы, паведаміў кіраўнік Луганскай абласной адміністрацыі Сяргей Гайдай. Паліцыя спрабуе пераправіць тых, хто выжыў, у іншае сховішча. Расейскія войскі ўжо больш за суткі атакуюць Севераданецк. 19 мая ў выніку абстрэлу загінулі 12 чалавек, каля 40 атрымалі раненьні.

Расейскія войскі вядуць наступ пад Лісічанскам і Севераданецкам

Расейскія войскі вядуць наступальную апэрацыю ў раёнах Лісічанску і Севераданецку, паведаміў Генштаб Узброеных сіл Украіны ў ранішняй зводцы 20 траўня.

  • Экспэрты Амэрыканскага інстытуту ваенных дасьледаваньняў (ISW) 15 траўня заявілі, што расейскае камандаваньне, праўдападобна, адмовілася ад плянаў маштабнага атачэньня ўкраінскіх вайскоўцаў у Данецкай вобласьці і цяпер засяродзілася на ўзяцьці пад кантроль Луганскай вобласьці.​

Украінскі Генштаб: у Беларусі разгарнулі комплексы «Точка-У» і «Смерч»

Галоўнае зь вечаровай зводкі ўкраінскага Генштабу за 20 траўня:

  • На тэрыторыі Беларусі разгорнутыя два ракетныя дывізіёны ракетнага комплексу «Точка-У» і дывізіён сыстэмы залпавага агню «Смерч».
  • Паводле наяўнай інфармацыі, у раёне населенага пункту Ярамаўка праціўнік спрабуе навесьці пантонную пераправу праз раку Северскі Данец.
  • На занятых тэрыторыях Харкаўскай вобласьці расейскія сілы блякуюць працу ўкраінскіх апэратараў сувязі і спрабуюць наладзіць трансьляцыю расейскіх тэле- і радыёканалаў.
  • Расейскія сілы абстрэльвалі пазыцыі ўкраінскіх падразьдзяленьняў у раёнах Лімана, Северску (Данецкая вобласьць), а таксама Лісічанску і Севераданецку (Луганская вобласьць).
  • Таксама ў Луганскай вобласьці расейскія войскі вядуць наступы ў раёне Папаснай.

Зяленскі пра Данбас: «Там пекла, безь перабольшваньня»

Расейскія войскі цалкам разбурылі Данбас, сказаў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў чацьвер у вячэрнім відэазвароце.

Паводле яго, Расея, спрабуючы актывізаваць наступ у рэгіёне, праводзіць бессэнсоўныя бамбаваньні.

«Там пекла, і гэта не перабольшваньне», – сказаў Зяленскі.

Расея заяўляе пра мінамётныя абстрэлы пасёлкаў Аляксееўка і Дронаўка Курскай вобласьці

Губэрнатар Курскай вобласьці Раман Старавойт, якога цытуюць расейскія СМІ, позна ўвечары 19 траўня заявіў, што ахвяр і разбурэньняў няма, а «агнём у адказ агрэсія праціўніка падаўленая».

Курская вобласьць мяжуе з украінскай Сумскай вобласьцю.

Генштаб Узброеных сіл Украіны паведаміў, што расейскія войскі абстралялі з артылерыі і мінамётаў памежныя населеныя пункты Сумскай вобласьці: Есьман, Сопыч і Сярэдню-Буду.

Акрамя таго, паводле Генштабу Ўзброеных сіл, расейскія войскі абсталёўваюць дадатковыя агнявыя пазыцыі і абарончыя збудаваньні ў памежных раёнах Бранскай і Курскай абласьцей.

Чарговы авіяўдар па Адэскай вобласьці

Расейскія войскі 20 траўня нанесьлі чарговы авіяўдар па Адэскай вобласьці, расказалі ў Апэратыўным камандаваньні «Поўдзень». Пацярпелых няма, разбураная прыбіральня на пляжы, пра іншыя разбурэньні не паведамляецца.

Ва Ўкраіну прыбылі прадстаўнікі Ірляндыі

Кіраўнік верхняй палаты парлямэнту Марк Дэйлі і кіраўнік ніжняй палаты Шон О'Фарэл сустрэліся ў Кіеве з Уладзімірам Зяленскім.

«Ірляндыя дапамагае Ўкраіне зь першых дзён вайны. Важна заставацца адзінымі і працягваць разам змагацца супраць тыраніі», — падкрэсьліў Зяленскі падчас сустрэчы.

Шайгу: «вызваленьне» ЛНР набліжаецца да завяршэньня, ля заходніх межаў Расеі ўзьніклі пагрозы

Кіраўнік Міністэрства абароны Расеі Сяргей Шайгу выступіў з заявамі пра ход вайны з Украінай і пашырэньне NATO:

  • Расейскае войска разам з фармаваньнямі самаабвешчаных ЛНР і ДНР працягвае пашыраць кантроль над тэрыторыямі Данбасу. «Набліжаецца да завяршэньня вызваленьне „Луганскай народнай рэспублікі“». (Улады Расеі лічаць «ЛНР» усе тэрыторыі, якія ўваходзяць у межы Луганскай вобласьці. — РС)
  • ​На «Азоўсталі» здаліся ў палон больш за 1900 украінскіх вайскоўцаў.
  • На тле плянаў Фінляндыі і Швэцыі ўступіць у NATO Расея створыць у Заходняй вайсковай акрузе 12 воінскіх частак і падразьдзяленьняў.
  • Ля заходніх межаў Расеі нарастаюць «ваенныя пагрозы».

Справаздача Мінабароны Ўкраіны з Данецкага і Луганскага напрамкаў

У штабе Ўзброеных сіл Украіны паведамілі, што на Данецкім і Луганскім напрамках украінскія вайскоўцы на працягу мінулых сутак:

  • Адбілі 14 нападаў расейскіх вайскоўцаў, на 2 лякацыях працягваюцца баі.
  • Зьнішчылі 8 танкаў і 14 адзінак бранятэхнікі.
  • Зьбілі 1 бесьпілётнік.

Расейская артылерыя і ракеты за гэтыя суткі абстралялі 54 населеныя пункты.

Камандаваньне палку «Азоў» застаецца на тэрыторыі заводу «Азоўсталь»

Пра гэта заявіў у відэазвароце намесьнік камандзіра палку.

«Мы з камандаваньнем знаходзімся на тэрыторыі заводу „Азоўсталь“. Праводзіцца апэрацыя, падрабязнасьці якой раскрываць ня буду. Дзякуй усяму сьвету і дзякуй Украіне за падтрымку. Да сустрэчы», — сказаў Паламар.

20 траўня зьявіўся відэазварот камандзіра «Азова» Дзяніса Пракапенкі. Ён кажа, што «азоўцы» настойвалі на вырашэньні трох задач: вываз цывільных, параненых і загінулых. Пытаньне пра вываз целаў тых, хто загінуў, усё яшчэ вырашаецца.

Пракапенка падкрэсьліў, што вайсковае кіраўніцтва Ўкраіны загадала абаронцам Марыюпалю спыніць абарону гораду і захаваць сваё жыцьцё і здароўе.

Міжнародны камітэт Чырвонага Крыжа зарэгістраваў удзельнікаў баявых дзеяньняў, якія пакінулі «Азоўсталь», і назваў іх «ваеннапалоннымі»

Статус ваеннапалоннага азначае, што салдатам гарантуецца абарона і правы, прадугледжаныя Жэнэўскай канвэнцыяй. У прыватнасьці, паводле МКЧК, гэта азначае неадкладны доступ прадстаўнікоў Чырвонага Крыжа да іх.

Сэнат ЗША ўхваліў амаль 40 млрд даляраў фінансавай дапамогі Ўкраіне.

Сэнат ЗША ў чацьвер канчаткова ўхваліў беспрэцэдэнтны па памерах пакет дапамогі Ўкраіне на суму амаль 40 млрд даляраў. Большая частка гэтай сумы будзе выкарыстаная для паставак узбраеньняў украінскай арміі, якая спрабуе выцесьніць з тэрыторыі краіны расейскія войскі.

ЗША перададуць Украіне ўзбраеньне яшчэ на 100 мільёнаў даляраў

У гэтым пакеце будуць пастаўкі 18 гаўбіц калібрам 155 мм і 18 тактычных машын для перавозу гэтых гаўбіц — эквівалент артылерыйскага батальёна, паведаміў прэс-сакратар Пэнтагону Джон Кірбі. Таксама ў пакеце дапамогі будзе 36 антыартылерыйскіх радараў ANTPQ.

Напярэдадні на брыфінгу ў Вашынгтоне неназваны высокі прадстаўнік Пэнтагону расказаў журналістам, што 79 з пастаўленых ЗША раней 90 гаўбіц ужо разьмешчаныя на пазыцыях украінскіх войскаў і выкарыстоўваюцца ў баявых дзеяньнях.

Ва Ўкраіну вярнуліся больш за мільён уцекачоў

Пра гэта паведаміў амбасадар Украіны ў Вялікай Брытаніі Вадзім Прыстайка, выступаючы ў брытанскім парлямэнце, піша BBC. Паводле яго, жыхарам Кіева і Харкава рэкамэндавалі не сьпяшацца зь вяртаньнем, бо да канца бясьпечнай сытуацыю ў гарадах назваць нельга.

З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 6,3 млн чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў па стане на 12 траўня. Большасьць зь іх выехалі ў Польшчу, Румынію, Расею, Вугоршчыну, Малдову і Славаччыну.

Каля 8 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.

Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

У Дзярждуме Расеі прапанавалі адмяніць абмежаваньні па ўзросьце для вайскоўцаў-кантрактнікаў

У Дзярждуму ўнесьлі законапраект аб адмене верхняга ўзроставага парога для заключэньня першага вайсковага кантракту.

Цяпер першы вайсковы кантракт можа заключыць расіянін да 40 гадоў і замежнік да 30 гадоў. Аўтары законапраекту прапануюць адмяніць узроставую мяжу для грамадзян працаздольнага ўзросту. Для мужчын гэта 65 гадоў.

Заходні бізнэс працягвае пакідаць Расею

  • Уладальнік Avito — нідэрляндзкая тэхналягічная кампанія Prosus — пачала шукаць пакупніка на сэрвіс.
  • Амэрыканскі вытворца алюмініевай прадукцыі Arconic таксама заявіў пра намер прадаць бізнэс у Расеі.

Авіякампанія S7 адмяніла рэйсы на захад і поўдзень Расеі, а таксама ў Крым да чэрвеня і верасьня

На гэта зьвярнула ўвагу агенцтва «РИА Новости». Авіяперавозчык закрыў продажы на рэйсы ў Анапу, Геленджык, Краснадар і Сімфэропаль да 23 чэрвеня, а на рэйсы з Масквы ў Белгарад, Бранск, Варонеж і Ліпецк — да канца верасьня.

Расавіяцыя закрыла пералёты ў кожны з названых аэрапортаў 24 лютага, у дзень пачатку вайны Расеі супраць Украіны, а потым падаўжала забарону больш як дзесяць разоў. Цяпер пералёты фармальна закрытыя да 13 траўня.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

Эўрапарлямэнт: Усе санкцыі ЭЗ супраць Расеі павінны распаўсюджвацца на Беларусь

У чацьвер дэпутаты Эўрапарлямэнту прынялі рэзалюцыю, у якой асуджаюць падтрымку рэжымам Лукашэнкі вайны Расеі супраць Украіны і заклікаюць распаўсюдзіць на Беларусь усе санкцыі супраць Расеі, якія ўжо ўведзеныя і будуць уведзеныя.

Таксама ў рэзалюцыі заклікаюць правесьці расьсьледаваньне злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі супраць беларускага народу, заклікаюць краіны ЭЗ актыўна прымяняць прынцып унівэрсальнай юрысдыкцыі і рыхтаваць судовыя справы супраць беларускіх службовых асобаў, у тым ліку Лукашэнкі, адказных за гвалт і рэпрэсіі ў Беларусі.

Эўрапарлямэнт падтрымаў стварэньне трыбуналу, каб судзіць Расею за ваенныя злачынствы

Чальцы Эўрапарлямэнту падтрымалі рэзалюцыю з заклікам да ЭЗ падтрымаць стварэньне спэцыяльнага трыбуналу па злачынстве агрэсіі супраць Украіны і прадаставіць яму неабходныя рэсурсы і падтрымку, паведаміў міністар замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба.

Эўрапарлямэнт прыняў рашэньне адмяніць імпартнае мыта для Ўкраіны на год

У Эўрапарлямэнце выказаліся за ідэю адмены пошлін на імпарт у ЭЗ з Украіны, каб падтрымаць яе эканоміку. «За» прагаласавалі 515 дэпутатаў, «супраць» — 32, устрымаліся — 11. Дзейнічаць гэтая льгота будзе на працягу году. Адмена пошлін тычыцца экспарту прамысловай прадукцыі, садавіны і гародніны, а таксама антыдэмпінгавых пошлін адносна імпарту сталі. Рашэньне Эўрапарлямэнту пачне дзейнічаць пасьля таго, як яго апублікуюць у афіцыйным часопісе ЭЗ: на наступны дзень яно набудзе моц. Як мяркуецца, гэта можа адбыцца ў чэрвені.

Сэнат ЗША 19 траўня ўхваліў новы пакет дапамогі Ўкраіне ў памеры 40 млрд даляраў

Цяпер яго павінен падпісаць Джо Байдэн. На мінулым тыдні Сэнат ЗША спрабаваў прыняць закон у паскораным фармаце, але галасаваньне заблякаваў рэспубліканец Рэнд Пол.

Значная частка з гэтай сумы пойдзе на зброю, таксама плянуецца накіраваць сродкі на гуманітарныя мэты і падтрымку эканомікі Ўкраіны.

Украіна атрымае гуманітарную дапамогу ад Польшчы ў выглядзе бэнзіну

Пра гэта паведаміла віцэ-прэм'ер, міністар эканомікі Юлія Сьвірыдзенка. Паводле Сьвірыдзенкі, Польшча дасьць агулам 25 тысяч тон з уласных запасаў. Як паведамляе прэс-служба Кабінэта міністраў, пастаўкі паліва пачнуцца на наступным тыдні.

Дэфіцыт паліва на АЗС Украіны ўзьнік у канцы красавіка. У канцы сакавіка расейскія вайскоўцы пачалі наносіць авіяўдары па паліўных базах. Разбураны або пашкоджаны нафтабазы ў Львоўскай, Валынскай, Ровенскай, Палтаўскай, Днепрапятроўскай і Адэскай абласьцях. Таксама ў выніку расейскіх авіяўдараў была разбураная інфраструктура Крамянчуцкага НПЗ, найбуйнейшай нафтавай кампаніі Ўкраіны, якая забясьпечвае больш за траціну ўсяго ўкраінскага рынку паліва.

ЭЗ выдзеліць яшчэ 9 мільярдаў эўра на аднаўленьне Ўкраіны

«Мы будзем працягваць быць побач з Украінай на працягу ўсёй гэтай вайны і калі яна пачне аднаўляцца. Мы прапануем Украіне новую макрафінансавую дапамогу ў памеры да 9 мільярдаў эўра ў 2022 годзе», — заявіла 18 траўня старшыня Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен.

FIBA выключыла баскетбольныя зборныя Расеі і Беларусі са сваіх спаборніцтваў

Выканаўчы камітэт Міжнароднай фэдэрацыі баскетболу прыняў рашэньне, што афіцыйныя баскетбольныя спаборніцтвы FIBA не павінны праводзіцца ў Расеі ці Беларусі да далейшага апавяшчэньня, а каманды Расейскай фэдэрацыі баскетболу і Беларускай фэдэрацыі баскетболу павінны быць зьнятыя з усіх нацыянальных камандных спаборніцтваў FIBA.

У G7 пагадзіліся ўзмацніць эканамічную і палітычную ізаляцыю Расеі

Міністры замежных спраў краін Вялікай сямёркі паабяцалі ўзмацніць эканамічную і палітычную ізаляцыю Расеі, працягваць пастаўкі зброі ва Ўкраіну і працаваць над зьмяншэньнем глябальнага недахопу харчаваньня, выкліканага вайной. Пра гэта гаворыцца ў заяве міністраў.

Дыпляматы Вялікай Брытаніі, Канады, Нямеччыны, Францыі, Італіі, Японіі, ЗША і Эўразьвязу таксама паабяцалі працягваць вайсковую і абарончую дапамогу Ўкраіне «па меры неабходнасьці».

«Мы ніколі не прызнаем межы, якія Расея спрабавала зьмяніць шляхам ваеннай агрэсіі, і будзем працягваць падтрымліваць наш удзел у падтрымцы сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, у тым ліку Крыму», — заявілі міністры.

ЭЗ дасьць Украіне 500 млн эўра на закуп цяжкіх узбраеньняў

Кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі Жузэп Бурэль абвясьціў аб плянах Эўразьвязу дадаткова прадаставіць Кіеву 500 мільёнаў эўра. ​ Гэтыя грошы пойдуць на закуп цяжкіх узбраеньняў (пад цяжкімі ўзбраеньнямі звычайна маюцца на ўвазе сыстэмы супрацьпаветранай абароны, караблі, авіяцыйная і бранятэхніка).

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG