Краіны «Вялікай сямёркі» (G7) паабяцалі выдзеліць 19,8 млрд даляраў на ўмацаваньне ўкраінскай фінансавай сыстэмы, пакуль Кіеў змагаецца з расейскім уварваньнем, гаворыцца ў камюніке, апублікаваным пасьля завяршэньня сустрэчы міністраў фінансаў краін G7, якая адбылася 20 траўня, паведамляе «Голас Амэрыкі».
«У 2022 годзе мы перадамо 19,8 млрд даляраў на падтрымку бюджэту, у тым ліку 9,5 млрд даляраў нядаўніх абавязаньняў... каб дапамагчы Ўкраіне закрыць дэфіцыт бюджэту і працягваць забясьпечваць прадастаўленьне базавых паслуг украінскаму народу», — гаворыцца ў камюніке.
Акрамя таго, у ім вітаюць працу G7 і міжнародных фінансавых установаў па далейшым фінансаваньні Ўкраіны, у прыватнасьці — прапанову Эўрапейскай камісіі аб наданьні дадатковай макрафінансавай дапамогі ў памеры 9 мільярдаў эўра.
Дадатковая заплянаваная падтрымка ўкраінскіх дзяржаўных прадпрыемстваў і прыватнага сэктару праз Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця і Міжнародную фінансавую карпарацыю складае 3,4 мільярда даляраў.
Паводле ацэнак Украіны, ёй патрабуецца каля 5 мільярдаў даляраў у месяц, каб падтрымліваць выплату заробку дзяржаўным служачым і працу адміністрацыі.
Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі магчымасьць увядзеньня новых санкцый у дачыненьні да Расеі, каб прымусіць Маскву спыніць вайну, што вядзецца на тэрыторыі Ўкраіны. Таксама абмеркавалі прапановы па скарачэньні даходаў Расеі ад экспарту энэрганосьбітаў, у тым ліку — увядзеньне паэтапнага эмбарга, прапанаванага ЭЗ, фармаваньне картэля пакупнікоў для абмежаваньня цэнаў на расейскую нафту і ўвядзеньне мыта на імпарт расейскай нафты.