Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рамёствы, якія ратуюць жыцьці». Беларусы Швэцыі ператварылі ў мастацтва пляценьне камуфляжных сетак для ўкраінскай арміі


Дзеці прыехалі з розных украінскіх гарадоў і пасябравалі ў Швэцыі на пляценьні сетак, праект «Рамёствы, якія ратуюць жыцьці»
Дзеці прыехалі з розных украінскіх гарадоў і пасябравалі ў Швэцыі на пляценьні сетак, праект «Рамёствы, якія ратуюць жыцьці»

Беларусы Эдвард Тарлецкі і Людміла Хрысьцесева, якія цяпер жывуць у Швэцыі, ад пачатку вайны ва Ўкраіне пачалі рабіць камуфляжныя сеткі для ўкраінскай арміі. Вакол іхнай ініцыятывы аб’ядналіся швэды і ўкраінцы, якія вымушаныя былі ўцякаць ад вайны.

Кожную суботу яны зьбіраюцца ў розных месцах у Стакгольме і плятуць сетку, якая мае абараніць украінскіх вайскоўцаў, маскуючы іхныя пазыцыі на фронце. У нейкі момант, калі ўжо на фронт ва Ўкраіну адправілі чатыры сеткі, штотыднёвы вытворчы працэс перарос у сацыяльна-мастацкі праект «Рамёствы, якія ратуюць жыцьці».

Цяпер іхныя вырабы трапілі ў экспазыцыю Стакгольмскага музэю арміі, дзе кожны наведнік цягам двух тыдняў зможа зрабіць свой унёсак у вытворчасьць – уплесьці сваю стужку ў сетку для ўкраінскіх абаронцаў.

Беларусы Эдвард Тарлецкі і Людміла Хрысьцесева перад адкрыцьцём выстаўкі сетак у Музэі арміі (Стакгольм, Швэцыя), 14 траўня 2022
Беларусы Эдвард Тарлецкі і Людміла Хрысьцесева перад адкрыцьцём выстаўкі сетак у Музэі арміі (Стакгольм, Швэцыя), 14 траўня 2022

Пра свой праект Эдвард Тарлецкі і Людміла Хрысьцесева расказалі Свабодзе.

«Верым, што сеткі, зараджаныя нашымі надзеямі, уратуюць вайскоўцаў»

Эдвард Тарлецкі — журналіст, актывіст і мастак — жыве ў Стакгольме з 2018 году. Спачатку ён выехаў ад перасьледу зь Беларусі ва Ўкраіну, а пасьля таго, як украінскія ўлады адмовіліся надаць яму статус уцекача, — у Швэцыю.

«Я быў ва Ўкраіне, калі ў 2014 годзе пачалася вайна на Данбасе, і бачыў пэрыядычна, як у дварах ці ў школах плялі сеткі. Мяне гэта вельмі зацікавіла і ўразіла, бо была такая моцная падтрымка і яднаньне ўсяго народу. І калі пачалася поўнамаштабная вайна ў лютым, то я прапанаваў Людміле зрабіць такі супольны сацыяльны праект», — кажа Эдвард.

Спачатку Эдвард дапамагаў украінкам зь перакладам у міграцыйнай службе — узяў для гэтага тыдзень адпачынку на працы. «Шмат прыехала жанчын, дзяцей, якія ня ведалі, што рабіць. І я падумаў — можа, такое зрабіць? І яны вельмі добразычліва адгукнуліся», — дадаў ён.

«Мы запрашаем украінцаў і швэдаў. Мы хочам, каб гэта быў такі праект узаемадапамогі, дзе ўкраінскія сем’і даведваюцца інфармацыю, атрымліваюць парады і падтрымку, каб ня думалі ўвесь час пра вайну. Мы перадаём сеткі ва Ўкраіну і верым, што гэтыя сеткі, сплеценыя і зараджаныя нашымі надзеямі і аптымізмам, дапамогуць уратаваць сыноў, бацькоў, мужоў гэтых жанчын», — сказала Людміла Хрысьцесева.

Аўтары праекту кажуць, што пляценьне сетак стала ўжо часткай украінскай культуры
Аўтары праекту кажуць, што пляценьне сетак стала ўжо часткай украінскай культуры

Мастачка Людміла Хрысьцесева эмігравала з Магілёва і жыве ў Швэцыі 20 гадоў. Яна любіць сумяшчаць моду і мастацтва і шмат працуе з такімі праектамі, калі балянсуюць розныя культуры.

Пляценьне сетак — вельмі моцная энэргетычная і эстэтычная справа

Людміла і Эдвард кажуць, што ўкраінкі-ўцякачкі цікавяцца, адкуль яны прыехалі ў Швэцыю і чаму займаюцца пляценьнем сетак.

«Мы кажам, што зь Беларусі. Эдвард размаўляе зь імі па-беларуску, я, на жаль, ужо забылася беларускую мову, але я разумею і беларускую, і ўкраінскую. Яны пытаюцца, чаму мы гэта робім, а мы адказваем, што і ўкраінцы, напэўна, для нас зрабілі б тое самае, калі б мы апынуліся ў такой жахлівай сытуацыі. Калі сёньня Расея паказала сваё сапраўднае аблічча – варожае, ненавіснае – у дачыненьні да Ўкраіны, мы вырашылі, што гэта такая магчымасьць нашай мастацкай мовай супрацьстаяць Расеі, дзе мы ўжо ня ўдвох, а нас нашмат больш, і адначасова ўявіць і нашу Беларусь, якая хоча быць свабоднай, паказаць, што мы хочам разьвівацца, а не дэградаваць у такім кірунку, як Расея», — расказала Людміла Хрысьцесева.

Украінскія ўцякачкі зь дзецьмі плятуць сеткі для сваіх абаронцаў
Украінскія ўцякачкі зь дзецьмі плятуць сеткі для сваіх абаронцаў

Мастачка кажа, што ўкраінкі вельмі ўдзячныя за тое, што ў іх ёсьць магчымасьць кожную суботу сабрацца на 3-4 гадзіны, паразмаўляць, падтрымаць адна адну і адначасова дапамагчы сваім мужчынам, якія засталіся ва Ўкраіне і рызыкуюць сваімі жыцьцямі.

Эдвард Тарлецкі дадаў, што ў працэсе пляценьня ўдзельніцы праекту ці іхныя дзеці заўсёды расказваюць свае ваенныя гісторыі. «Прыходзіла жанчына, расказвала пра свайго сына, які ваюе; дзяўчына, у якой хлопец таксама ваюе. Для іх стварэньне гэтай сеткі ня проста нейкая мэханічная праца. Калі на іх глядзіш, як яны сканцэнтраваныя на працэсе, адчуваецца, што яны сапраўды для сваіх мужчын ствараюць абарону».

Паводле яго, пляценьне сетак — вельмі моцная эмацыйна-энэргетычная і эстэтычная справа. «Вядома, немагчыма ўлезьці кожнаму ў галаву і зразумець, што яны думаюць у момант пляценьня, але па іхных абліччах відаць, зь якой надзеяй яны гэта робяць, што гэтыя сеткі сапраўды могуць уратаваць чыесьці жыцьці. І адначасова сеткі атрымліваюцца вельмі прыгожыя, як габэлены, і яны ўжо становяцца часткай украінскай культуры», — мяркуе Эдвард Тарлецкі.

Мастацкі праект прысьвяцілі Марыюпалю

Беларусы кажуць, што тканіну для сетак яны купляюць самі або пры дапамозе ахвяраваньняў. А для выставачнай працы «Дзеці», якая цяпер выстаўляецца ў Музэі арміі, Людміла вырашыла яшчэ далучыць так званыя туалі — гэта тое, што застаецца ў працэсе стварэньня мадэляў моды haute couture. Спачатку мадэльер пераносіць лякала для сукенкі на танную тканіну і шые пробную вэрсію, па якой ён падганяе памеры, і толькі потым бярэцца шыць ужо з дарагога матэрыялу. Гэтая пробная вэрсія і называецца туалі.

«У швэдзкай індустрыі моды, як і ў ва ўсім сьвеце, яны выкідаюцца. Я 10 гадоў таму пачала іх калекцыянаваць, зьбіраць і, фактычна, ратаваць туалі. У 2016 годзе я зрабіла выстаўку з туалямі менавіта ў Музэі арміі, а цяпер, у 2022 годзе, гэтыя ж туалі ўжо сталі часткай камуфляжнай сеткі, якімі мы выплелі слова „Дзеці“. Цікава, што адбылося такое нейкае перараджэньне матэрыялу», — адзначыла Людміла Хрысьцесева.

Паводле яе, да стварэньня выставачнага варыянту сеткі падштурхнулі аповеды ўкраінак, якія перажылі трагедыю Марыюпалю, а таксама кантраст між камуфляжнымі колерамі і небам (усе сеткі яны ствараюць на адкрытым паветры).

Дырэктар Музэю арміі ў Стакгольме Стэфан Люндблад вучыцца плесьці сетку ў кіяўлянкі Алёны Бабій. Яна прыехала са сваімі дочкамі Соф’яй (12 гадоў) і Машай (18 гадоў). Маша пляце сеткі з 2016 году
Дырэктар Музэю арміі ў Стакгольме Стэфан Люндблад вучыцца плесьці сетку ў кіяўлянкі Алёны Бабій. Яна прыехала са сваімі дочкамі Соф’яй (12 гадоў) і Машай (18 гадоў). Маша пляце сеткі з 2016 году

«Жанчыны, якія да нас прыходзяць, расказвалі, як ішлі зь дзіцем і пераступалі целы загінулых, а хлопчык сказаў: „Глядзі, пальчыкі ляжаць...“ Тое, што дзеці бачылі — гэта іх так траўмуе... Такія моманты вельмі ўражваюць, і часам мы не знаходзім слоў, як іх падтрымаць, як ім дапамагчы, як размаўляць з гэтым хлопчыкам, які гэта бачыў? Або як размаўляць зь дзяўчынкай, якая бачыла, як гінуць людзі і ўсё разбураецца — хутка і проста, за сэкунды? Менавіта тады і зьяўляецца мова мастацтва, мова для размоў і падтрымкі людзей і сямей з Украіны», — расказала Людміла.

Хлопчык вяжа камуфляжную сетку для ўкраінскіх вайскоўцаў
Хлопчык вяжа камуфляжную сетку для ўкраінскіх вайскоўцаў

Мастачка бачыць асаблівы сымбалізм у слове «Дзеці», выплеценым на сетцы.

«Гэта слова, якое на ўсіх мовах азначае будучыню. А па-расейску яно стала азначаць неабходнасьць зьнішчыць, зруйнаваць, разбамбіць, сьцерці зь зямлі. І вось нейкія такія ўспаміны тых людзей, якія прыехалі з Марыюпалю і ўдзельнічалі ў пляценьні сетак, гэтыя гісторыі, якія пранікаюць разам з гэтай тканінай праз сетку... Гэта ўсё стала такім грунтам, каб сетка стала мастацкім творам, напоўнілася вялікім і глыбокім сэнсам і стала мэмарыяльным габэленам, як увасабленьне таго, што цяпер адбываецца — гінуць людзі, гінуць дзеці, і як мы гэта можам спыніць», — мяркуе Людміла Хрысьцесева.

Да вайны ладзілі беларускія акцыі

Да вайны Эдвард Тарлецкі і Людміла Хрысьцесева праводзілі мастацкія акцыі для падтрымкі беларусаў, якія выйшлі на масавыя акцыі пратэсту ў 2020 годзе супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

Мастакі правялі каля дзясятка акцый салідарнасьці — пікетавалі швэдзкія прадпрыемствы і кампаніі, якія гандлявалі зь Беларусьсю і такім чынам фінансавалі рэпрэсіўную сыстэму. Пра іх шмат пісалі мясцовыя СМІ.

«Пасьля нашых акцый пад офісам Systembolaget, манапаліста ў гандлі алькаголем, у Швэцыі спынілі продаж пеністага віна вытворчасьці менскага заводу», — паведаміў Эдвард Тарлецкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG