Дом ўкраінскай сямʼі знаходзіўся за тры кілямэтры ад Гастомельскага аэрадрома, у Бучы. Калі ў канцы лютага іх пачалі бамбіць, муж павёз жонку і сына ў Жытомір, а сам меўся вернуцца па рэчы і ката. Але пасьля інфармацыі пра высадку расейскага дэсанту ад вяртаньня давялося адмовіцца, піша ўкраінскае выданьне.
Калі ў канцы сакавіка Бучу вызвалілі, выявілася, што дом разрабавалі, а кот прапаў.
Месяц таму Алене патэлефанавалі на вайбэр зь незнаёмага беларускага нумара.
«На кулёне былі вашыя кантакты, мы ня ведалі, тэлефанаваць ці не і як вы паставіцеся да беларусаў пасьля ўсяго, што адбываецца», — сказала дзяўчына, якая тэлефанавала.
«Высьветлілася, што Макса выкралі расейцы. Кот праехаў больш за 300 км на брані расейскага БТРа разам са скрадзенай у жыхароў Бучы і Ірпеня бытавой тэхнікай. У раёне Гомля мэйн-куну ўдалося ўцячы і прыбіцца да мясцовых жыхароў», — піша выданьне.
Дзяўчына зь Беларусі прыслала фота Макса і аброжка з кулёнам, дзе на адваротным баку быў QR-код з кантактамі Алены. Беларускія валянтэры дапамаглі зрабіць Максу новы вэтэрынарны пашпарт і чып і перадалі яго польскім валянтэрам на мяжы. Цяпер ён узьяднаўся зь сямʼёй у Чэхіі.