Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістку руху «Маці 328» Марыну Кісялевіч асудзілі на 4 гады «хіміі»


Марына Кісялевіч
Марына Кісялевіч

Суд адбываўся паводле крымінальных артыкулаў за паклёп і абразу Лукашэнкі.

У судзе Кастрычніцкага раёну Менску на 4 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу асудзілі палітзьняволеную актывістку руху «Маці 328» Марыну Кісялевіч. Яе судзілі па «даносе неабыякавага» за допісы «УКантакце» паводле двух дыфамацыйных артыкулаў Крымінальнага кодэксу: ч. 2 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 2 арт. 367 (паклёп на Лукашэнку), піша «Вясна».

Прысуд вынес судзьдзя Аляксандар Рудэнка.

Пад вартай жанчыну ўтрымлівалі 4 з паловай месяцы. У турме яе зьмяшчалі ў карцар за нязгоду з пастаноўкай на ўлік як «схільную да экстрэмісцкай і іншай дэструктыўнай дзейнасьці», а яна абвяшчала галадоўку.

Сына Марыны асудзілі ў 2017 годзе на 13 гадоў калёніі.

Сёлета ў навагоднюю ноч бізнэс-трэнэрка Марына Кісялевіч апынулася ў рэанімацыі таксыкалягічнага аддзяленьня лякарні хуткай мэдычнай дапамогі. Яе сябры сьцьвярджалі, што жанчына наглыталася таблетак у РУУС пасьля свайго затрыманьня. У лістападзе 2021 году яна напісала заяву на Лукашэнку ў КДБ паводле часткі 3 артыкулу 357 КК (Змова ці іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя дзеля захопу дзяржаўнай улады).

«Маці 328» — рух, які дабіваецца зьмякчэньня заканадаўства супраць наркотыкаў у Беларусі. Рух заснавалі маці і сваякі асуджаных паводле 328-га «наркатычнага» артыкулу Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG