Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывістка руху «Маці 328» Марына Кісялевіч наглыталася таблетак у міліцыі. Яна напісала заяву на сілавікоў за давядзеньне да самагубства


Галадоўка актывістак руху «Маці 328», 2019 год
Галадоўка актывістак руху «Маці 328», 2019 год

У навагоднюю ноч бізнэс-трэнэрка і адна з актывістак руху «Маці 328» Марына Кісялевіч апынулася ў рэанімацыі таксыкалягічнага аддзяленьня лякарні хуткай мэдычнай дапамогі. Яе сябры сьцьвярджалі, што жанчына наглыталася таблетак у РУУС пасьля свайго затрыманьня.

У таксыкалёгіі лякарні хуткай мэдычнай дапамогі журналістам «Нашай нівы» пацьвердзілі, што да іх паступала такая пацыентка. Цяпер Марыну Кісялевіч перавялі ў звычайную палату і яна змагла расказаць, якім чынам трапіла ў лякарню з атручэньнем.

«30 сьнежня мне патэлефанавалі зь міліцыі і спыталі, дзе я знаходжуся. Нібыта трэба апытаць мяне наконт нейкіх допісаў „УКантакце“ пад маім прозьвішчам. Я сказала, дзе я, бо „ЎКантакце“ не сяджу і мне няма чаго баяцца. Але ўсё адно без аніякіх дакумэнтаў трое супрацоўнікаў Крымінальнага вышуку Кастрычніцкага РАУС прыехалі па мяне і забралі ў аддзяленьне разам з тэхнікай», — сказала Кісялевіч.

У РАУС жанчына расказала, што актыўная толькі ў фэйсбуку, і тады ёй пачалі паказваць допісы адтуль, распытваючы пра аўтарства. Яна адмовілася сьведчыць супраць сябе.

Жанчына расказвае, што ў РУУС яе пакінулі на ноч у халоднай камэры з каменнай падлогай памерам паўтара на паўтара мэтры.

«Там было вельмі халодна, так што я не магла ні сядзець, ні спаць, і ўсю ноч прахадзіла. Адпускалі толькі ў прыбіральню», — расказала яна.

Зранку Кісялевіч павезьлі ў раённы аддзел Сьледчага камітэту, але там яе справу вярнулі назад.

«Я зьвярнула ўвагу на тое, што такім чынам супрацоўнікі РУУС парушаюць 108-ы артыкул КПК: калі мяне затрымалі да завядзеньня крымінальнай справы, то гэтае пытаньне павінна вырашыцца цягам сутак. Калі ж яно не вырашаецца, мяне трэба адпусьціць. Але тут мне сказалі, што я буду затрыманая ў адміністрацыйнай справе, пачалі патрабаваць пароль ад фэйсбуку. На мяне сталі крычаць, пагражаць. У мяне чамусьці не забралі таблеткі з асабістых рэчаў. І я ня вытрымала і выпіла сваё снатворнае. У мяне з сабой была плясьцінка — дастаткова, як я лічыла, каб памерці».

Пасьля гэтага жанчына памятае толькі як ёй выклікалі хуткую, спрабавалі справакаваць ваніты, паклалі на насілкі — яна зьнепрытомнела і ачулася толькі 1 студзеня ў рэанімацыі. У лякарню да Марыны прыходзілі зь міліцыі — высьвятляць акалічнасьці справы.

«Я буду пісаць на супрацоўнікаў Кастрычніцкага РУУС заяву: „давядзеньне да суіцыду“. Гэта ня першы выпадак ціску на мяне. Ня ведаю, з чым гэта зьвязана. Магу выказваць толькі здагадкі. З 2017 году я спрабую змагацца за сына, асуджанага паводле „наркатычнага“ артыкулу. У 2020-м падавала скаргі на бязьдзейнасьць улады падчас пандэміі і ў ЦВК на тое, што Лукашэнку зарэгістравалі незаконна.

А ў лістападзе 2021 году я напісала заяву на Лукашэнку ў КДБ па частцы 3 артыкулу 357 КК (Змова ці іншыя дзеяньні, зьдзейсьненыя дзеля захопу дзяржаўнай улады). Думаю, за гэта мне могуць помсьціць, бо гэта ня першая спроба адправіць мяне за краты. Раней абыходзілася штрафамі», — выказвае здагадкі жанчына.

Арганізацыя «Маці 328», у якую ўваходзіць Марына Кісялевіч, — рух, які дабіваецца зьмякчэньня заканадаўства супраць наркотыкаў у Беларусі. Рух заснавалі маці і сваякі асуджаных паводле 328-га «наркатычнага» артыкулу Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG