Вядомы беларускі шоўмэн і радыёвядоўца Сяргей Кузін, які з 2003 году жыве ў Кіеве, застаецца ва Ўкраіне і кожную раніцу разам з Соняй Сітнік вядзе шоў «Камтугэза» на Радыё Рокс. А «Русское Радио», якое ўваходзіць у найбуйнейшы радыёхолдынг Украіны, за месяц да пачатку вайны зьмяніла назву на Радыё Байрактар.
Пагаварылі зь Сяргеем Кузіным, бадай, самым пазнавальным голасам беларускага FM-вяшчаньня на мяжы 1990-х і нулявых.
У 1999-м Сяргей быў у Беларусі адным з заснавальнікаў «Альфа Радыё». Калі дзяржава стала ўмешвацца ў справы незалежных мэдыя, зьехаў ва Ўкраіну. Увайшоў у раду дырэктараў найбуйнейшага радыёхолдынгу «Тавр Медиа», што аб’ядноўвае 9 папулярных радыёбрэндаў.
За час працы ва Ўкраіне правёў 15 праектаў на найбуйнейшых нацыянальных тэлеканалах, быў прадусарам «Фабрыкі зорак», дакумэнтальных сэрыялаў пра гісторыю Ўкраіны, вёў забаўляльныя праграмы, удзельнічаў у ток-шоў у Савіка Шустэра і Яўгена Кісялёва. І ўсё гэта — на расейскай мове.
«І сёньня я быў у эфіры на расейскай мове, і заўтра буду гаварыць па-расейску. І калі я сутыкаюся з тэкстамі і заявамі, як за расейскую мову саджаюць і расстрэльваюць — ну як я магу на гэта рэагаваць? Глупства, лухта».
24 лютага а 6-й раніцы ў эфіры расказваў пра першыя ракетныя абстрэлы Кіева
Сяргей Кузін застаецца ў Кіеве і нікуды не зьбіраецца зьяжджаць. Прызнаецца: здагадваўся, што можа быць вайна, але не чакаў, што яна пачнецца так.
«У нас вялікія шкляныя вокны, прачнуўся ад таго, што яны вельмі моцна завібравалі. А жывём мы непадалёк ад цэнтру. Першую ракету я ня бачыў, ляцелі яны ў кірунку аэрапорту Барыспаль. А другую ўжо бачыў. Паколькі я 12 гадоў жыцьця аддаў ракетным войскам, вельмі добра ведаю, як выглядае крылатая ракета. Таму па другой ракеце я зразумеў, што гэта налёт. У гэты момант прыбегла 10-гадовая дачка, закрычала, што гэта вайна. Жонка, трэба аддаць ёй належнае, бяз панікі імгненна пачала зьбіраць рэчы ў чамаданы, нічога ня кажучы, а я хуценька паехаў на працу».
А 6-й Сяргей Кузін са сваёй пастаяннай сувядоўцай па ранішнім шоў Соняй Сотнік са студыі «Радыё Рокс» на Падоле выйшлі ў эфір. Натуральна, зьмянілі яго напаўненьне, не было ніякіх забаўляльных рубрык, яны інфармавалі людзей, што адбылося, атрымліваючы інфармацыю з розных крыніц. Расказвалі, як ударылі па Браварах, прыгарадзе на Левабярэжжы, трапілі ў вайсковую частку, там пачаўся моцны пажар, выбухі былі вельмі гучныя.
«Дапрацавалі эфір, сабраліся на нараду. І калі зразумелі, што атакуюць нас з боку Беларусі, ідуць ад Іванкава, Чарнобыльскай АЭС на Кіеў (159 км ад Аляксандраўкі), мы перавялі станцыю ў так званы „мёртвы рэжым“ — без дыджэяў, паставілі ўсё на кампутарнае забесьпячэньне і паехалі кожны да сваёй сям’і. Два тыдні мы ў эфіры не былі.
Спачатку было адчуваньне, што гэта адбываецца не з табой. Ты разумееш, што трэба кантраляваць жонку, якая захрасла ў страшэнным корку і больш за двое сутак дабіралася да мяжы з Польшчай — з двума малымі дзецьмі і сабачкам.
Я калі праз 4 дні пераганяў гуманітарку, печкі-буржуйкі для хлопцаў, трапіў у 100-кілямэтровы затор пад Хмяльніцкім і прастаяў 16 гадзін, перасоўваючыся па 5 км у гадзіну», — узгадвае тыя цяжкія дні Сяргей.
«Пахавалі» «Русское радио Украина» — яно стала Радыё Байрактар
У холдынгу прыкладна 300 супрацоўнікаў. Праводзілі нарады, спрабавалі супакоіць людзей, арганізаваць дапамогу з выездам з Кіева. Даволі хутка каманда сабралася з думкамі і прыняла рашэньне забясьпечыць радыёвяшчаньне дыстанцыйна. Асноўная частка брэндаў перайшла на трансьляцыю агульнага каналу, які запусьціў прэзыдэнцкі офіс. Многія цяпер працуюць на адлегласьці: зь Нідэрляндаў, Нямеччыны, рэгіёнаў Украіны.
Што тычыцца назвы «Русское Радио Украина», то яшчэ за месяц да пачатку вайны гэтую назву канчаткова «пахавалі», так што 24 лютага яе ўжо не было, — кажа Сяргей Кузін.
«За два дні мы прыдумалі назву — Радыё Байрактар (так называецца турэцкі бесьпілётны апарат). Гэтыя байрактары (БПЛА) праявілі сябе вельмі добра з самага пачатку вайны, яны сучасныя, мадыфікаваныя, зь іх дапамогай удавалася вырашаць вялікую колькасьць задач па зьнішчэньні цяжкой тэхнікі — танкаў, БТРаў. Байрактары проста ўратавалі сытуацыю ў першыя два тыдні: рускія ня ведалі, як зь імі змагацца, таму што яны з запасам лёту, могуць вельмі доўга вісець у паветры, з добрым узбраеньнем, з лазэрным навядзеньнем. Рускія дагэтуль трасуцца, калі чуюць слова „байрактар“», — расказвае Сяргей.
Цяпер мала хто ўзгадвае пра тое, што ў першыя дні вайны расейцы даволі моцна прарваліся да цэнтру Кіева: вулічныя баі былі на Абалоні, на Куранёўцы, у раёне вуліцы Хмяльніцкага — гэта за 400 мэтраў ад Храшчаціка, былі перастрэлкі ў раёне чыгуначнага вакзалу, кажа ён.
«Яны думалі, што падрыхтаваліся някепска, але паўплывала шмат розных фактараў, і, як бы гэта ні патасна гучала, у тым ліку дапамога зямлі ўкраінскай. Спусьцілі ваду з дамбаў, і ў многіх месцах усё было затоплена, акупанты не змаглі фарсаваць рэчкі на поўначы, плюс знакамітыя ўкраінскія зьмяіныя валы, якія іх спынялі. На другі ці трэці дзень вайны пачалася высадка іх дэсанту з другога боку Кіева, з Васількова, побач з адэскай трасай — у іх была мэта замкнуць кальцо па правым беразе Дняпра. Вось там, канечне, быў подзьвіг. Так працягвалася 4 дні. Над горадам пастаянна стаяў дым, бамбёжкі», — узгадвае Сяргей першыя дні вайны.
Кузін як чалавек з ваенным досьведам [мае прафэсію ракетчыка-зэнітчыка. — РС] аналізуе і іншыя фактары: да пачатку вайны каля 300 тысяч украінцаў прайшлі праз зону АТО і ААС (Антытэрарыстычная апэрацыя, Апэрацыя аб’яднаных сіл). Украінская армія ведае, што такое артылерыя, ваенныя дзеяньні, умее страляць, не баіцца стрэлаў. Цягам 8 гадоў фактычна ўся Ўкраіна езьдзіла на лінію падзелу дапамагаць сваім салдатам.
У Кіеве багата валянтэрскіх арганізацый, якія працуюць цалкам самастойна. Літаральна за два дні ў Кіеве арганізаваліся шматлікія блёк-пасты, якія жорстка кантралявалі перамяшчэньні.
«Нашы эфіры па гукавым суправаджэньні — нібыта мы на вайне»
Сам Сяргей ня раз езьдзіў у Заходнюю Ўкраіну здабываць печкі-буржуйкі для фронту — тады было вельмі холадна. А празь некалькі дзён каманда Кузіна вырашыла аднавіць радыёвяшчаньне.
«Мы з маёй пастаяннай партнэркай Соняй Сотнік, праяжджаючы ўсе блёк-пасты, у пустым офісе вялі дзьвюхгадзінныя эфіры: перадавалі прывітаньні салдатам, чыталі лісты ад іх родных, арганізоўвалі тэлефонныя званкі з магчымасьцю дыялёгу — можа, хтосьці пачуе на фронце. Потым яны пачалі лупіць па вышках: на вышцы каля Бабінага Яру былі 4 нашыя станцыі, яны іх выбухам адрубілі.
Мы аднавіліся праз інтэрнэт, і цяпер жывём у простым рэжыме: прыяжджаем на працу і знаходзімся ў зоне дасягальнасьці, у зоне чутнасьці. Непадалёк пару тыдняў таму запрацаваў палігон для разьмінаваньня Ірпяня, Барадзянкі і Бучы. Туды звозяць снарады, што ня выбухнулі. Таму нашы эфіры па гукавым суправаджэньні — нібыта мы на вайне».
Яшчэ мы езьдзім да салдат. Нядаўна мае сябры гралі канцэрт у варачным цэху паміж бочкамі з баршчом. А Соня Сотнік робіць тытанічную працу па фондзе, зьбіраючы ўсё: прабачце, ад мяшкоў для трупаў да турнікетаў (такія прыстасаваньні для жгутаваньня ран), экіпіроўкі і шмат чаго іншага. Добрая каска каштуе 1000 эўра — хочацца, каб нашы байцы былі ў добрых касках. Мы сядзім у эфіры, потым некуды едзем, у кагосьці штосьці выпрошваем, камусьці плацім, здабываем лекі. Потым прыяжджаеш увечары дадому і чакаеш, калі зьявяцца добрыя навіны, што нашы пойдуць у контранаступ«, — расказвае Сяргей Кузін.
«Прысутнасьць беларусаў ва Ўкраіне шмат што зьмяніла»
На пытаньне, што адчуў, калі даведаліся, што снарады, ракеты на Кіеў ляцяць з боку Беларусі, з Мазыра, Калінкавічаў, Гомля, Лунінца, Кузін адказаў так:
«Я перажыў пэўную трансфармацыю ў гэтым сэнсе — наагул стараюся не камэнтаваць дзеяньні афіцыйных уладаў Беларусі.
Але калі мы вяртаемся да дзяржавы, у якой жыве каля 10 мільёнаў чалавек, іх маўчаньне, фармальнае ці нефармальнае, — яно фрустравала. Таму за Беларусь я вельмі перажываю. У 2020 годзе страшэнна ганарыўся, што людзі змаглі выйсьці на вуліцы, я захапляўся гэтым неагрэсіўным пратэстам, пакуль не зразумеў, што, на жаль, прыбіраць такіх уродаў-кіраўнікоў можна толькі сілай. Яны не ўспрымаюць аргумэнты, весьці зь імі „высакалобыя“ гутаркі немагчыма — яны ўспрымаюць гэта як баязьлівасьць ці слабасьць.
Таму я пасьля пачатку вайны востра ненавідзеў маўклівае, балоцістае беларускае грамадзтва. Але гэта ўсё ж такі эмацыйная ацэнка: я, як і вялікая колькасьць украінцаў, перахлёстваў. Злосьць была дзікая. Бо калі б гэтая [...] не ўпусьціла на свой бок войскі, не дала б ляцець ракетам, расейцы і блізка да Кіева не падышлі б!» — ня стрымлівае эмоцый Сяргей.
Потым ва Ўкраіне зьявіліся першыя беларускія атрады. Некалькі дзён таму Кузін пабываў у атрадзе Кастуся Каліноўскага. А з тымі, хто быў у тактычнай групе «Беларусь», сябруе з 2016 году.
«Я лічу іх сапраўднымі героямі. Прыгожыя, чэрці, параненыя, ёсьць там ужо і „двухсотыя“. Там поўны парадак, трэніроўкі, дысцыпліна, у мяне вельмі пазытыўныя ўражаньні ад іх. Зьявіліся яркія пэрсанажы: і Янка, і Кот, і Кіт. Прысутнасьць беларусаў ва Ўкраіне шмат што зьмяніла, яны былі ў Барадзянцы, у Бучы. Я ненавіджу слова „перадок“, але яны на першай лініі агню, ваююць ва ўсіх гарачых пунктах Украіны, ніхто зь беларусаў не знаходзіцца на ахове блёк-пастоў у цэнтры Кіева. Яны ўсе на сапраўднай вайне.
Што тычыцца беларускага грамадзтва, шмат хто валянтэрыць, хто трымае зброю ў руках, хто дапамагае машынамі, шмат прыстойных беларускіх бізнэсоўцаў — і гэта сытуацыю згладжвае.
Таму цяпер стаўленьне да беларусаў і ў мяне, і ў грамадзтва вельмі зьмянілася. Так што „за дзяржаву“ мне ня крыўдна. Я наагул не лічу дзяржаўную ўладу Беларусі легітымнай. Там няма на каго крыўдаваць і няма такіх зьневажальных словаў, каб іх пакрыўдзіць», — разважае Сяргей Кузін.
«Мы можам апынуцца на парозе трэцяй сусьветнай вайны»
На думку Сяргея, украінскаму народу трэба трымацца, бо Ўкраіна ўпершыню за многія гады аб’ядналася. Цяпер ня час крытыкаваць улады, аналізаваць памылкі.
«Ёсьць загінулыя, шмат гора ў сем’ях, ёсьць памылкі камандаваньня, ёсьць памылкі ўлады. У нас ёсьць дзьве глябальныя праблемы: няма „паветра“ і няма цяжкіх узбраеньняў, якія страляюць на 100–140 км. Прэзыдэнт ЗША падпісаў лэнд-ліз, мы спадзяёмся, што гэта ўсё зьявіцца ў бліжэйшы час. Але мы не перажываем за маральны дух арміі. Па-першае, яна даволі вялікая па колькасьці. Па-другое, у нас вялікі мабілізацыйны рэсурс.
Аднак я на поўным сур’ёзе лічу, што мы можам апынуцца на парозе трэцяй сусьветнай вайны: усё залежыць ад таго, у які кут гэтага пацука загоняць. Чым меншы будзе кут, чым менш будзе куды адступаць, тым большую небясьпеку для ўсіх астатніх ён можа ўяўляць», — разважае Сяргей.
«Я захапляюся, як Зяленскі павёў сябе ў першыя дні вайны»
З прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім Сяргей Кузін асабіста знаёмы: некалі хадзілі ў адну спартовую залю, называлі адзін аднаго на «ты». Зяленскі быў генэральным прадусарам тэлеканалу «Інтэр», Кузін — гендырэктарам найбуйнейшай сеткавай радыёстанцыі.
«Мы сустракаліся, жартавалі, кпілі адзін з аднаго. Але цяпер я стаўлюся да яго вельмі паважліва. Я захапляюся, як Зяленскі павёў сябе ў першыя дні вайны. Я сто разоў праверыў гэтую фразу, ён сапраўды сказаў: „Мне ня трэба таксі, мне трэба патроны“ [так Зяленскі адрэагаваў на прапанову эвакуацыі]. Ён разумны хлопец, ведае, што такое мэдыя, і выдатна гэта выкарыстоўвае.
Але пры гэтым ён дадаў яшчэ элемэнт „яец“, якія ён не губляў, якія ў яго былі. І гэта, канечне, шакавала нашых заходніх партнэраў, што пасылалі яго ва ўсе мысьлімыя і нямысьлімыя камандзіроўкі ствараць там амбасаду ў выгнаньні. І шмат у чым гэта яго заслуга, што расейцаў паставілі ракам і пад Васільковам, і пад Кіевам. Яны чакалі чаго заўгодна, акрамя гэтага. Сухі паёк на 2 дні, парадная форма ў БТРах — а тут такі „адграбон“!
Я думаю, Пуцін шчыра верыў, што яго будуць сустракаць ва Ўкраіне з кветкамі, бо што гэта за дзяржава, дзе пастаянна мяняюцца прэзыдэнты: то нейкі артыст, то крымінальнік, то былы бізнэсовец? Хіба такая краіна можа стаць на шляху ўпэўненага, моцнага імпэратара, які два дзясяткі гадоў пры ўладзе? Гэта яму падавалася зусім лёгкай задачай: разабраная, разьяднаная палітычная эліта, якая пастаянна сварыцца паміж сабой, разасобленае грамадзтва — за мову, за што заўгодна. А тут у адну раніцу ўвесь народ узьняўся!» — кажа Сяргей Кузін.
«Калі вытрымае тыл эканамічна, харчова, то мы пераможам. А мы вытрымаем»
Сяргей з жалем заўважае, што ўкраінцы ўжо прызвычаіліся да вайны, амаль не зьвяртаюць увагі на паветраную трывогу.
Кіеў крыху ажывае, адчыняюцца кавярні, рэстарацыі.
«Днямі я пайшоў у самы цэнтар, у мяне быў выходны. Сеў у цудоўнай рэстарацыі, узяў сабе шпінатны суп. У рэстарацыі нас было двое: я і яшчэ адна дзяўчына, таксама абкладзеная з усіх бакоў дэвайсамі, сутаргава гартала навіны.
Я перасеў на матацыкл, таму што расход 5 літраў на 10 км. Бака 27 літраў мне хапае на тыдзень, каб езьдзіць на працу, грукачу на сваім «Харлеі» па ваенным Кіеве. Дзякуй Богу, мяне яшчэ ў твар пазнаюць, паважаюць, за тое, што ты тут, а не ў Ярэмчы ці яшчэ далей, як мы зараз жартуем пра герояў «чарнавіцкіх катлоў» ці «пячэрскіх прарываў», — расказвае ён пра абуджэньне жыцьця ў сталіцы.
Кузін перакананы, што народ Украіны абавязкова пераможа. На Захадзе ёсьць вельмі дакладная пазыцыя, і прайграць тут нельга.
«Я мяркую, што Захад пры ўсім сваім інфантылізьме і нежаданьні адрываць сраку ад цёплых крэслаў у сваіх брусэлях зразумеў, што мы цяпер у стане найвялікшага гістарычнага пералому. І вельмі важна, які гэты пералом будзе. Таму што іх падтрымка — гэта падтрымка іх саміх. Яны сабой займаюцца, пастаўляючы Ўкраіне ўзбраеньне. Ім вельмі пашанцавала, што ёсьць такая краіна, самая вялікая ў Эўропе, амытая двума морамі, адно зь якіх адабраць зьбіраюцца, а другое бамбяць. Я думаю, на Захадзе ёсьць вельмі дакладная пазыцыя, і тут прайграць нельга.
У любым выпадку мы цяпер у працэсе гіганцкага водападзелу. Я ня ведаю, што можа спыніць нашых хлопцаў пры наяўнасьці зброі, якія будуць адбіваць Марыюпаль, Херсон, а там і Крым з Данбасам.
Зразумела, што наперадзе шмат перамоваў. Я ні ў якім разе не спрабую выступіць аракулам альбо правідцам, але ва ўкраінцах я не сумняюся. Калі вытрымае тыл эканамічна, харчова, то мы пераможам. А мы вытрымаем».