Пра сьмерць пабраціма расказала добраахвотніца Галіна «Пярлінка» Клемпоўз.
«Мы пазнаёміліся ў 2016 годзе ў шэрагах «Правага сэктару», я была ў адным з падразьдзяленьняў, а ён акурат да нас прыехаў. Потым разам падпісвалі кантракты з Узброенымі сіламі Ўкраіны. У яго з гэтым былі пэўныя цяжкасьці, бо ён быў грамадзянін Беларусі. Спачатку ён быў разам з намі ў 54-й брыгадзе, а потым перавяліся ў 46-й батальён «Данбас — Украіна».
Галіна расказвае, што Канстанцін удзельнічаў у многіх баях. Ён выйшаў жывым зь вялікага бою 16 сьнежня 2016 году на Сьветладарскай дузе, дзе загінула шмат добраахвотнікаў.
«Косьця быў вельмі крэатыўным да розных формаў вядзеньня вайны, нічога не баяўся, яшчэ і нас усіх падбадзёрваў. Крыху расказваў пра сваё дзяцінства. Як ён бавіў час у лесе, у вёсцы. Наколькі мы ведаем, ён вырас у сям’і вайскоўцаў».
Паводле таварышаў па службе, Дзюбайла казаў, што ваюе ня толькі за Ўкраіну, але і за зьмяншэньне ўплыву Расеі ў сьвеце, у тым ліку ў Беларусі. Разумеў, што свабода на радзіме немагчымая, пакуль у Расеі такі імпэрскі апэтыт, кажа Галіна Клемпоўз. Марыў пра ўкраінскае грамадзянства, але гэты працэс чамусьці тармазіўся.
«Апошні раз ён мне сказаў пра грамадзянства: „Усё потым, спачатку пераможам“. Косьця быў вельмі разумны, эрудаваны чалавек, але пры гэтым часта не хацеў гэтага дэманстраваць, нават час ад часу спрабаваў уключыць нейкага дурня, каб да яго не было дадатковай увагі».
Канстанцін Дзюбайла загінуў у канцы красавіка ў баі між Мар’інкай і Дакучаеўскам Данецкай вобласьці. На той час ён служыў у 46-м асобным батальёне спэцыяльнага прызначэньня «Данбас — Украіна». Загінуў ад пападаньня снарада.
«Яго пахавалі ў Крывым Розе 28 красавіка. Там цяпер ягоная жонка. Ён сустрэў Яну ў Папаснай Данецкай вобласьці, дзяўчына працавала дырэктаркай краязнаўчага музэю, дзяцей у іх не было. Некалькі разоў сыходзіў з войска, але потым усё адно вяртаўся. Некалькі тыдняў таму ён выйшаў з аблогі ў Сьцяпной Данецкай вобласьці. Мы яму яшчэ зьбіралі дапамогу. Меў падзяку ад прэзыдэнта Ўкраіны», — расказвае «Пярлінка».
У Канстанціна Дзюбайлы было адразу некалькі пазыўных.
«„Фэнікс“ — гэта асноўны самы-самы ягоны пазыўны, ён так прадстаўляўся, калі прыйшоў да нас. „Дранік“ — так называлі яго самыя блізкія пабрацімы, бо ён сьмяяўся, каб яму ўвесь час рабілі дранікі, бо беларус і яму не хапае крухмалу ў крыві. Яшчэ жартаваў, што расейскія кулі яго не бяруць, бо іх трэба мазаць бульбай перад гэтым. Ва УСУ яго апошнім часам называлі проста «Беларус». Яшчэ да яго часта зьвярталіся „Калі“, бо ён на любое пытаньне потым перапытваў па-беларуску „Калі?“».
Канстанцін «Фэнікс» Дзюбайла стаў пятым беларусам, які загінуў ва Ўкраіне. Раней ня стала Ільлі «Літвіна» Хрэнава, Аляксея «Тура» Скоблі, Зьмітра «Тэрора» Апанасовіча і Зьмітра «Ганса» Рубашэўскага.