Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея працягвае абстрэльваць Марыюпаль, з пачатку вайны загінулі 226 дзяцей. 79-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны


Зруйнаваны расейцамі дом у Марыюпалі
Зруйнаваны расейцамі дом у Марыюпалі

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 5,5 мільёна чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Эўразьвяз узгадніў выдзяленьне Ўкраіне другога траншу макрафінансавай дапамогі ў памеры 600 мільёнаў эўра.
  • Расейскія войскі працягваюць абстрэльваць Марыюпаль. Абаронцы Марыюпалю заклікалі сьвет іх выратаваць. Ва ўрадзе Ўкраіны кажуць, што вядуць перамовы з Расеяй.
  • На Луганшчыне ў выніку штурму расейскіх войскаў разбураныя амаль 60 дамоў, пашкоджаны мост у Рубежным.
  • З пачатку вайны Расеі супраць Украіны пацярпелі больш за 646 дзяцей: 226 загінулі, 420 параненыя.
  • Украінскі контранаступ на поўнач ад Харкава прасунуўся далей і наблізіўся да мяжы з Расеяй у межах 10 км. Украінцы вызвалілі там 20 населеных пунктаў.
  • У «ЛДНР» заблякавалі Instagram і Facebook па аналёгіі з рашэньнем у Расеі.
Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022
Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 13 траўня

Усе дзейныя падводныя лодкі Чарнаморскага флёту Расеі выйшлі ў мора

Усяго ў складзе Чарнаморскага флёту РФ шэсьць падводных лодак праекту «Варшавянка»: на іх знаходзяцца крылатыя ракеты «Калибр», якія выкарыстоўваюцца, у розных мадыфікацыях, для паражэньня марскіх і наземных цэляў. Кожная падводная лодка ўзброена чатырма такімі ракетамі.

Як паведамляюць прадстаўнікі Ўзброеных сіл Украіны, Расея наносіць удары з анэксаванага Крыму ракетамі са сваіх падводных лодак.

Maxar Technologies апублікавала спадарожнікавыя здымкі вострава Зьмяіны: на іх зруйнаваныя будынкі і затанулы катэр

Кампанія Maxar Technologies 12 траўня зрабіла спадарожнікавыя здымкі наступстваў абстрэлаў украінскага вострава Зьмяіны ў Чорным моры, які акупавала Расея. На здымках, якія апублікавала агенцтва Reuters, можна пабачыць разбураныя абстрэламі будынкі, а таксама затанулае судна, якое Maxar ідэнтыфікуе як дэсантны карабель тыпу «Серна». У подпісе да здымкаў гаворыцца, што яны зробленыя 12 траўня.

Расейцы ўзарвалі тры масты, жыцьцёва важныя для працягу наступу ўкраінцаў у Харкаўскай вобласьці

Калі расейскія войскі адступілі з прычыны працяглага ўкраінскага контранаступу ў Харкаўскай вобласьці, яны падарвалі тры масты цераз раку Паўночны Данец, жыцьцёва важныя для працягу наступу ўкраінцаў, паказваюць спадарожнікавыя здымкі BlackSky і Эўрапейскага касьмічнага агенцтва, піша CNN.

На здымках, зробленых 12 траўня, відаць участкі мастоў цераз раку Северскі Данец у раёне сёлаў Рубежнае і Стары Салтаў, якія знаходзяцца прыкладна за 10 міляў на поўдзень ад расейскай мяжы і нядаўна былі вызваленыя ўкраінскімі войскамі. На здымку Эўрапейскага касьмічнага агенцтва 8 траўня відаць, што мост цераз Печанежскую ГЭС таксама падарваны. Хаця не зусім ясна, калі былі ўзарваныя масты і хто нясе за гэта адказнасьць, малаверагодна, што гэта зрабілі ўкраінцы, адзначае агенцтва.

226 дзяцей загінулі ва Ўкраіне з пачатку вайны, — ювэнальныя пракуроры

З пачатку вайны Расеі супраць Украіны пацярпелі больш за 646 дзяцей: па стане на раніцу 13 траўня 2022 году афіцыйная колькасць загінулых дзяцей не зьмянілася — 226, узрасла колькасьць параненых — 420, паведамілі ў Офісе Генпракурора Ўкраіны. Гэтыя лічбы не канчатковыя, падкрэсьлівае ведамства.

На дарозе паміж двума сёламі ў Кіеўскай вобласьці знайшлі целы 37 мірных жыхароў — Wall Street Journal


На дарозе працягласьцю 7 км паміж сёламі Матыжын і Яснагарадка ў Кіеўскай вобласьці былі знойдзеныя целы 37 чалавек, паведамляе The Wall Street Journal са спасылкай на ўкраінскую паліцыю. Яны загінулі ў выніку абстрэлаў на працягу сакавіка, калі ў рэгіёне прысутнічалі расейскія вайскоўцы.

У роліку WSJ гаворыцца, што дзьве іншыя дарогі, якія вядуць ад Матыжына (Макараўскі раён) на поўнач, у першы тыдзень вайны сталі месцам гібелі многіх мясцовых жыхароў, якія спрабавалі эвакуявацца. Журналісты вывучылі відэа з аўтамабільных рэгістратараў, пагаварылі зь відавочцамі і дасьледавалі прылеглую да дарогі тэрыторыю. Акрамя пашкоджаных аўтамабіляў цывільных зь белымі павязкамі на люстэрках і надпісам «Дзеці» на дарозе таксама былі знойдзеныя загінулыя з агнястрэльнымі раненьнямі. Яны прыйшлі да высновы, што расейцы абстрэльвалі дарогу зь мінамётаў — прынамсі адзін такі інцыдэнт патрапіў на відэа 3 сакавіка.

Расейскія войскі займалі некаторыя раёны Кіеўскай вобласьці на працягу месяца — з канца лютага па канец сакавіка. Па дадзеных украінскіх праваахоўных органаў, за гэты час у раёне былі забітыя больш за 1200 мірных жыхароў.

Расея працягвае абстрэльваць Марыюпаль, — украінскі Генштаб

Паводле ранішняй зводкі Генштабу ўзброеных сіл Украіны за 13 траўня, на Данецкам і Луганскім кірунках УСУ за 12 траўня адбілі 18 нападаў расейскага войска.

У Данецкай вобласьці расейскае войска засяроджвае намаганьні на ўстанаўленьні поўнага кантролю над населеным пунктам Рубежнае. Таксама падразьдзяленьні РФ спрабавалі замацавацца ў раёне населенага пункта Аляксандраўка і беспасьпяхова спрабавалі штурмаваць у напрамку населеных пунктаў Арэхава і Камышаваха, бяз посьпехаў.

Расейскія войскі працягваюць наносіць артылерыйскія і авіяцыйныя ўдары па Марыюпалі, асноўныя намаганьні засяроджваліся на блякаваньні падразьдзяленьняў украінскіх войскаў у раёне завода «Азоўсталь». У мэтах устанаўленьня поўнага кантролю над горадам і падаўленьня супраціву ўкраінскіх вайскоўцаў прымяняе стратэгічную авіяцыю, паведамляюць у Генштабе.

Тым часам дарадца мэра Марыюпаля Пётр Андрушчанка паведамляе, што расейскія вайскоўцы пад прыкрыцьцём абстрэлаў спрабуюць прарвацца на тэрыторыю завода «Азоўсталь».

Паводле зводкі Генштабу, у Харкаўскім кірунку войска РФ не наступала, расейскія вайскоўцы спрабуюць не дапусьціць прасоўваньня ўкраінскіх сіл у раёне сяла Вясёлае.

У Навапаўлаўскім і Запароскім кірунках расейцы абстрэльвалі з артылерыі падразьдзяленьні ўкраінскіх войскаў па ўсёй лініі і вялі паветраную выведку з ужываньнем БпЛА, на паўднёвабускім кірунку — абстрэльвалі падразьдзяленьні ўкраінскіх войскаў з ствольнай артылерыі і мінамётаў у раёнах населеных пунктаў Аляксандраўка, Таўрычнае, Катлярова, Ганнаўка і Асакароўка.

Паводле інфармацыі Генштабу, РФ перакідвае ў прымежныя раёны Бранскай вобласьці дадатковыя падразьдзяленьні артылерыі, «каб павялічыць правакацыйныя абстрэлы населеных пунктаў Чарнігаўскай вобласьці паблізу ад дзяржаўнай мяжы Украіны».

На Луганшчыне ў выніку штурму расейцаў разбурана амаль 60 дамоў

Расейцы штурмуюць Горскую і Папасьнянскую грамады: разбурана амаль 60 дамоў, пашкоджаны мост у Рубежным, паведаміў 13 траўня кіраўнік Луганскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Сяргей Гайдай.

Таксама стала вядома аб двух загінулых: увечары 11 траўня несумяшчальныя з жыцьцём раненьні мужчына зь Лісічанску, у лякарні ў Дняпры нядаўна памёр 11-гадовы хлопчык з Залатога.

31 раз расейскія войскі адкрывалі агонь у бок жылых масіваў Луганскай вобласьці на працягу 12 траўня. «Разбураны мост, які першым у Луганскай вобласьці адбудавалі пасьля выгнаньня акупантаў у 2014-м, — транспартных зносін паміж Севераданецкам і Рубежным больш не існуе», — распавёў Гайдай.

Расейцы ўдарылі па прыгарадзе Харкава — зьнішчаны гуманітарны цэнтар

У ноч на 13 траўня расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па Дзергачоўскім доме культуры, дзе захоўвалася і выдавалася гуманітарная дапамога мірнаму насельніцтву, паведаміла Дзергачоўская гарадзкая рада ў Facebook. ракетным ударам зьнішчаны будынак ДК, а разам зь ім і гуманітарны штаб.

Расейскія вайскоўцы працягваюць выкарыстоўваць украінскую авіябазу ў акупаваным Мелітопалі, — CNN

Пра гэта сьведчаць спадарожнікавыя здымкі з BlackSky, атрыманыя CNN. На спадарожнікавым здымку, зробленым 12 траўня ў 15:58 па мясцовым часе, на авіябазе бачна сама меней 7 вэрталётаў. На спадарожнікавым здымку ад 7 траўня ў 6.02 відаць толькі адзін вэрталёт. Выкарыстаньне авіябазы расейцамі важна, піша CNN: яна мае стратэгічнае разьмяшчэньне паміж акупаванымі Херсонам, Марыюпалем і акупаванымі тэрыторыямі Данбасу.

У Херсонскім СІЗА загінуў вязень: у ізалятар уварваліся расейскія акупацыйныя войскі і адкрылі агонь

Пра гэта паведаміла 13 траўня ўпаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны па правах чалавека Людміла Дзянісава са спасылкай на работнікаў СІЗА.

Паводле яе зьвестак, гэта здарылася ўвечары 11 траўня. Вайскоўцы, якія ўварваліся ў ізалятар, стралялі з аўтаматаў і кідалі сьвятлошумавыя гранаты. Дзянісава ўдакладняе, што таксама выкрадзены начальнік ізалятара, а супрацоўнікі напісалі рапарты аб звальненьні, адмовіўшыся падпарадкоўвацца акупацыйным войскам РФ. Цяпер установа знаходзіцца пад кіраўніцтвам калябаранта Яўгена Собалева.

ААН пацьвердзіла гібель больш за 1000 мірных жыхароў у прыгарадах Кіева

Целы звыш 1000 цывільных былі знойдзеныя ў раёнах на поўнач ад Кіева, якія некаторы час былі занятыя расейскімі вайскоўцамі, заявіла Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет на 34-й спэцыяльнай сэсія Рады па правах чалавека. Пры гэтым яна адзначыла, што лічбы будуць працягваць расьці.

Паводле Мішэль Бачэлет, некалькі сотняў зь іх былі застрэленыя, яшчэ частка людзей памерла ад раненьняў і адсутнасьці на той момант на гэтых тэрыторыях мэдыцынскай дапамогі, некаторыя былі забітыя пры спробе пакінуць акупаваныя тэрыторыі на аўтамабілі.

Генштаб Узброеных сіл Украіны: З тэрыторыі Расеі і Беларусі па Ўкраіне было выпушчана 788 ракет

З пачатку вайны і да 11 траўня па тэрыторыі Ўкраіны з Расеі і Беларусі было выпушчана 788 крылатых і балістычных ракет, заявіў на брыфінгу 12 траўня намесьнік кіраўніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу УСУ Аляксей Громаў.

Паводле яго, усяго расейскімі войскамі было зьдзейсьнена 487 ракетных удараў і 4917 баявых вылетаў. Выкарыстаныя, у прыватнасьці, 213 ракет «Іскандэр», 61 «Точка-У», 235 крылатых ракет марскога і паветранага базаваньня.

Ва Ўкраіне пачалі нацыяналізацыю расейскіх банкаў

Вярхоўная Рада Ўкраіны 12 траўня зацьвердзіла ўказ прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага аб нацыяналізацыі «Проминвестбанка», які на 99,77% належыць ВЭБ.РФ, і Міжнароднага рэзэрвовага банка – украінскай дачкі «Сбербанка». Украінская вэрсія Forbes ацэньвала актывы «Проминвестбанка» і «МР банка» у 1 млрд даляраў. 25 лютага Нацбанк Украіны адклікаў у іх ліцэнзію і ліквідаваў іх.

Уцекачы ад вайны

З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 6 мільёнаў чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў па стане на 12 траўня.

Паводле дадзеных Офісу, звыш 3,27 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 895,8 тысячы чалавек — у Румынію, больш за 583 тысячы — у Вугоршчыну.

У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 785 тысяч чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.

Каля 8 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.

Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёнаў чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Мінюст Расеі прапанаваў забараніць працаваць адвакатам зь «недружалюбных краінаў»

У далейшым на падставе гэтага загаду плянуецца пазбавіць статусу дзейных адвакатаў. Цяпер у рэестры зарэгістравана 247 адвакатаў з Украіны, ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны і іншых «недружалюбных» краін.

Авіякампанія S7 адмяніла рэйсы на захад і поўдзень Расеі, а таксама ў Крым да чэрвеня і верасьня

На гэта зьвярнула ўвагу агенцтва «РИА Новости». Авіяперавозчык закрыў продажы на рэйсы ў Анапу, Геленджык, Краснадар і Сімфэропаль да 23 чэрвеня, а на рэйсы з Масквы ў Белгарад, Бранск, Варонеж і Ліпецк — да канца верасьня.

Расавіяцыя закрыла пералёты ў кожны з названых аэрапортаў 24 лютага, у дзень пачатку вайны Расеі супраць Украіны, а потым падаўжала забарону больш як дзесяць разоў. Цяпер пералёты фармальна закрытыя да 13 траўня.

Расейцы пачалі менш давяраць тэлевізіі

Паводле дасьледаваньня «Accelerate research», 17 сакавіка 33% апытаных называлі тэлевізію найбольш надзейнай крыніцай інфармацыі; на 27 красавіка так лічылі ўжо 23% апытаных. Больш за ўсё зьнізіўся давер да тэлевізіі ў жыхароў невялікіх гарадоў (з 34 да 24%), а ў Маскве і Санкт-Пецярбургу — з 27 да 21%.

У той жа час давер да сацсетак і Telegram за 1,5 месяца вырас з 19 да 23%. Давер да інтэрнэт-СМІ і афіцыйных вэб-сайтаў таксама ўпаў з 26 да 23%.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

Брытанія ўвяла санкцыі супраць Аліны Кабаевай

Міністэрства замежных спраў Вялікай Брытаніі заявіла, што ўнесла ў свой санкцыйны сьпіс былую алімпійскую чэмпіёнку Аліну Кабаеву, паведамляе расейскае агенцтва «РИА Новости».

Пра блізкасьць Кабаевай да прэзыдэнта Расеі апошнім часам пісалі многія заходнія СМІ, сьцьвярджаючы, што яна зьяўляецца маці дваіх сыноў Пуціна, якія нарадзіліся ў 2015 і 2019 гадах. The Wall Street Journal са спасылкай на ананімныя крыніцы пісала таксама, што Рада нацыянальнай бясьпекі ЗША нядаўна спыніла ўвядзеньне санкцый супраць Кабаевай, асьцерагаючыся рэакцыі з боку прэзыдэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і далейшага абвастрэньня адносін з Расеяй.

Эўразьвяз узгадніў выдзяленьне Ўкраіне другога траншу макрафінансавай дапамогі ў памеры 600 мільёнаў эўра

Пра гэта на брыфінгу 12 траўня паведаміла прадстаўніца Эўрапейскай камісіі Дана Шпінант, піша «Суспільне».

Яна дадала, што другі транш макрафінансавай дапамогі паступіць у Кіеў да 20 траўня. Таксама орган прыняў рашэньне аб заснаваньні «траншаў салідарнасьці», накіраваных на дапамогу з экспартам сельскагаспадарчай прадукцыі Ўкраіны.

Літва адклікае амбасадара і закрывае консульства ў Санкт-Пецярбургу

Літва адклікае свайго амбасадара ў Расеі 1 чэрвеня, а таксама закрывае генконсульства ў Санкт-Пецярбургу 7 чэрвеня. Пра гэта гаворыцца ў зарэгістраванай рэзалюцыі літоўскага ўраду, піша Delfi. Раней Расея заявіла аб закрыцьці літоўскага генконсульства ў Пецярбургу ў адказ на высылку расейскіх дыпляматаў зь Літвы.

Сэнат Чэхіі прызнаў злачынствы Расеі ва Ўкраіне генацыдам

Сэнат Чэхіі 11 траўня прызнаў злачынствы расейскай арміі ва Ўкраіне генацыдам украінскага народу, паведаміў у Twitter амбасадар Украіны ў Празе Яўген Перабійніс. Рэзалюцыя таксама падтрымлівае працяг перадаваньня Ўкраіне зброі Чэхіі і атрыманьне Ўкраінаю статусу кандыдата ў Эўразьвяз.

ЗША на год скасавалі мыта на сталь з Украіны

Міністэрства гандлю ЗША заявіла пра скасаваньне на год мыта на сталь з Украіны з прычыны шкоды, якую расейская вайна нанесла ўкраінскім мэталюргічным прадпрыемствам. Мыта на імпартную сталь у памеры 25% у 2018 годзе ўвёў тагачасны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Да расейскага ўварваньня Ўкраіна займала 13-е месца ва ўсясьветным рэйтынгу найбуйнейшых вытворцаў сталі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG