«Безумоўна, беспрэцэдэнтныя санкцыі ўплываюць на дзейнасьць нашых прадпрыемстваў у частцы закрыцьця доступу да рынкаў збыту, на пастаўкі асобных камплектуючых, сыравіны і матэрыялаў. Цалкам спынены гандаль з Украінай, а гэта 11% леташняга экспарту», — цытуе дзяржаўнае агенцтва БелТА міністра эканомікі Беларусі Аляксандра Чарвякова.
Паводле яго, беларускія арганізацыі працуюць над пераарыентацыяй экспарту на рынкі Расейскай Фэдэрацыі, Кітаю і «іншых дружалюбных краін» і выстройваюць новыя лягістычныя маршруты.
Міністар эканомікі Беларусі паведаміў, што «МАЗ, МТЗ, БелАЗ, „Гомсельмаш“, Менскі маторны завод і іншыя флягманы» цалкам загружаныя. «Партфэль іхных заказаў — ня менш за 3-4 месяцы. Апроч таго, сьвежыя зьвесткі каньюнктурных апытаньняў, якія штомесяц праводзіць наш эканамічны інстытут, сьведчаць пра зьмены дынамікі ў станоўчы бок індэксу прамысловага аптымізму, узроўню попыту, загрузкі магутнасьцяў і выпуску прадукцыі. Гэта гаворыць пра тое, што рэспандэнты станоўча бачаць найбліжэйшую пэрспэктыву свайго разьвіцьця», — падкрэсьліў Аляксандар Чарвякоў.
Што Беларусь прадавала Ўкраіне
Прадукцыя машынабудаўнічай прамысловасьці Беларусі мела ва Ўкраіне найбольшы рынак збыту.
Да вайны ва Ўкраіне дзейнічала 13 зборачных вытворчасьцяў беларускай тэхнікі — трактароў, збожжаўборачных камбайнаў, ліфтавага абсталяваньня, тралейбусаў, камунальнай і дарожнай тэхнікі, пажарных машын, брамных сыстэм і электравымяральных прыбораў.
Калі ўкраінскі рынак цалкам закрыўся для Беларусі, то менавіта на такую колькасьць мусіць зьнізіцца загрузка і партфэль заказаў згаданых міністрам Менскіх аўтамабільнага і трактарнага заводаў, БелАЗу, «Гомсельмашу», Менскага маторнага і іншых беларускіх «флягманаў». Хутка пераарыентавацца і знайсьці новыя рынкі — справа не аднаго месяца і нават гадоў.
Статыстка Беларусі ўсё менш празрыстая
Словы міністра аб поўнай загружанасьці машынабудаўнічай прамысловасьці нельга спраўдзіць пры дапамозе статыстычнай інфармацыі, апублікаванай Белстатам.
Па-першае, цяпер замежны гандаль Беларусі падаецца толькі ў катэгорыях «Краіны СНД» (з асобным вылучэньнем Расеі і краін Эўразійскага эканамічнага саюзу) і «Краіны па-за СНД» з асобным вылучэньнем краін Эўрапейскага зьвязу.
Асобнай агульнай інфармацыі пра гандаль, як гэта было раней, напрыклад, з Украінай, няма, а зьвесткі аб прадукцыі, якая складала аснову гандлёвых апэрацый з Украінай — машынабудаўнічай, нафтапрадуктаў і ўгнаеньняў — увогуле сталі сакрэтнымі.
У той жа час у інфаграфіцы Белстату адзначаецца, што Ўкраіна ў студзені—сакавіку ўвайшла ў пералік пяці краін з найбольшым узаемным абаротам тавараў і паслуг.
Згодна з гэтай статыстыкай, Беларусь у першым квартале прадала Ўкраіне тавараў на 998 мільёнаў даляраў, што на 6% больш за аналягічны ўзровень 2021 году, і купіла ва ўкраінскіх прадпрыемстваў прадукцыі на 230,3 мільёна даляраў (на 26,4% менш, чым у студзені—сакавіку мінулага году).
У аб’ёме экспарту Ўкраіна ў першым квартале заняла другое пасьля Расеі месца, а ў аб’ёме імпарту — чацьвёртае (пасьля Расеі, Кітаю і Нямеччыны).
Пры гэтым адзін месяц — сакавік — прыпадае ўжо на вайну, якую Расея пачала 24 лютага супраць Украіны з выкарыстаньнем беларускай тэрыторыі.
Калі параўнаць гэтую статыстыку з інфармацыяй Белстату за студзень і люты, то выходзіць, што ў сакавіку Беларусь экспартавала ва Ўкраіну прадукцыі на 10,4 мільёна даляраў, а імпартавала з Украіны — на 4,5 мільёна даляраў. Цалкам магчыма, што ў статыстыку за сакавік трапілі апэрацыі, якія пачалі ажыцьцяўляць у апошнія дні лютага.
Статыстыка Ўкраіны пакуль адсутнічае
Перад самай вайной, у першыя два месяцы 2022 году, гандаль яшчэ быў інтэнсіўны. Нават пасьля пачатку вайны беларускія грузавікі з прадукцыяй для Ўкраіны і эўрапейскіх краін стаялі на мяжы для ўезду ва Ўкраіну.
Але праз вайну і неабходнасьць цалкам перабудоўваць сваю дзейнасьць Дзяржаўная служба статыстыкі Ўкраіны публікуе вынікі замежнага гандлю зь вялікім адставаньнем. У канцы сакавіка абнародавалі гандлёвую статыстку толькі за першы месяц году.
Паводле яе, у студзені 2022 году Беларусь павялічыла пастаўкі прадукцыі ва Ўкраіну ў 2,2 раза ў параўнаньні са студзенем мінулага году — да 539,2 мільёна даляраў. Гэтая лічба складае больш за палову таго аб’ёму, які налічыла беларуская статыстыка за першыя тры месяцы году.
У студзені найбольш прырасьлі аб’ёмы той беларускай прадукцыі, на якую ў Эўропе наклалі санкцыі:
- нафтапрадуктаў — у 2,19 раза (да 336,5 мільёна даляраў),
- угнаеньняў — у 3,5 раза (да 84,8 мільёна даляраў),
- прадуктаў неарганічнай хіміі — у 5,2 раза (да 2,3 мільёна даляраў),
- арганічных хімічных злучэньняў — у 4,6 раза (да 6,7 мільёнаў даляраў).
Адметна, што Ўкраіна ў студзені, калі традыцыйна зьніжаецца замежны гандаль, таксама павялічыла продаж сваёй прадукцыі Беларусі. Найперш і найбольш — збожжа. Беларусь атрымала з Украіны збожжавых культураў на 2,2 мільёна даляраў, што ў 1,9 раза больш за ўзровень у студзені 2021-га.
Паводле статыстыкі, якую абнародавала Дзяржаўная мытная служба Ўкраіны, Беларусь за два месяцы году — студзень і люты — зарабіла на пастаўках ва Ўкраіну 1,015 мільярда даляраў, а беларуская статыстыка называе лічбу ў 998 мільёнаў даляраў за тры месяцы.
Згодна з мытнай украінскай статыстыкай, Украіна ў студзені і лютым зарабіла на пастаўках у Беларусь 194 мільёны даляраў. А беларуская статыстыка за тры месяцы называе лічбу ў 230,3 мільёна даляраў.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.