Заходнія краіны ўводзяць новыя санкцыі супраць Беларусі ў сувязі з узброеным канфліктам ва Ўкраіне. Акрамя таго, Беларусь ужо адчула на сабе і санкцыі, уведзеныя ў адносінах да Расеі.
Што будзе далей? Сваімі прагнозамі з газэтай «Беларусы і рынак» падзяліўся дырэктар расейскага Цэнтру дасьледаваньняў постіндустрыяльнага грамадзтва, доктар эканамічных навук Уладзіслаў Іназемцаў.
Сьцісла
- Трэба рыхтавацца да зьніжэньня курсу рубля зь цяперашніх 3 беларускіх рублёў за даляр да 3,8-4 да канца году.
- Беларусь мацней залежыць ад зьнешняга гандлю, чым Расея, і гэта ўзмоцніць уплыў санкцыяў.
- Беларусь у бліжэйшы час вымушаная будзе ўвесьці (як гэта ўжо было ў 2006-2018 гадах) прымусовы продаж экспартэрамі валютнай выручкі.
- Пастаўкі ў Беларусь нафты і газу таксама ня будуць прадстаўляць праблемы на фоне несумненнага скарачэньня попыту на расейскія энэрганосьбіты ў Эўропе.
- Менск можа аказацца пасярэднікам у гандлі з Расеяй тымі таварамі, якія непасрэдна не прапісаныя ў тэкстах санкцыйных рашэньняў — прыблізна гэтак жа, як рабіў гэта ў часы расейскіх харчовых контрсанкцыяў, толькі ў новых умовах Масква ня будзе супраць такога супрацоўніцтва.
- Найважнейшай умовай для ператварэньня Беларусі ў падобнае «акно» паміж Расеяй і сьветам зьяўляецца яе неўступленьне ў ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне ў форме адпраўкі войскаў у суседнюю краіну.
- Беларусь зараз можа стаць для Расеі надзвычай важным партнэрам у сфэры прамысловай вытворчасьці, бо ў Беларусі захаваныя значныя магутнасьці, якія былі даўно страчаныя ў яе ўсходняга суседа.
— Падзеі апошніх двух тыдняў, і перш за ўсё ўварваньне Расеі ва Ўкраіну, радыкальна зьмянілі ня толькі геапалітычны, але і эканамічны расклад у эўрапейскай частцы постсавецкай прасторы. Беспрэцэдэнтныя санкцыі ў дачыненьні да Расеі абвалілі валюты ад Беларусі да Казахстану, прывялі да падвышэньня адсоткавых ставак (Нацбанк Беларусі ўстанавіў яе на ўзроўні 12%, Цэнтрабанк Расіі — 20%), спарадзілі чаканьні дэфолту па дзяржаўным доўгу, да высокай інфляцыі і зьніжэньня рэальных даходаў насельніцтва. Цяпер нельга дакладна прадказаць вынікі 2022 году, бо ў Расеі не адноўленая нармальная работа валютнага і фондавага рынкаў, незразумелы маштаб санкцыйнага эфэкту, і эканоміка нават не пачала прыстасоўвацца да новых умоваў гаспадараньня.
У той жа час можна канстатаваць, што як было шмат разоў з сярэдзіны 1990-х гадоў, Беларусь ізноў паказвае Расеі прыклад. Толькі калі раней яна ішла наперадзе свайго ўсходняга суседа ў палітычных пытаньнях, то зараз аказваецца, што вы апярэдзілі нас і ў эканоміцы: Беларусь першай сутыкнулася з закрыцьцём паветранай прасторы, прамымі санкцыямі ў дачыненьні да прэзыдэнта краіны і істотным абмежаваньнем экспарту сваіх асноўных тавараў (апошняе для Расеі яшчэ наперадзе). Аднак тое, што адбылося ў канцы лютага — пачатку сакавіка робіць карціну нашмат больш заблытанай, бо Расея стала краінай, якая знаходзіцца пад самымі моцнымі санкцыямі ў сьвеце, і Беларусь не зможа не адчуць наступстваў гэтага.
Курс рубля і гандаль
Вынікі адчуюць усе прадпрымальнікі і грамадзяне краіны. Перш за ўсё трэба рыхтавацца да зьніжэньня курсу рубля з цяперашніх 3 беларускіх рублёў за даляр да 3,8-4 да канца году; падвышэньня інфляцыі з 9,97% у 2021 году да як мінімум 20% у 2022-м; падзеньня ВУП на 10-12%, а рэальных даходаў не менш чым на 14-16% і істотным праблемам з занятасьцю, паколькі прадпрымальніцкі клімат апынецца горшым за апошнія гады.
Беларусь страціць значную частку экспарту калійных угнаеньняў і нафтапрадуктаў — калі нават улады здолеюць абысьці санкцыі заходніх краінаў, выдаючы свой прадукт за расейскі, будаўніцтва партоў на Балтыцы можа апынуцца бессэнсоўным з-за адмовы найбуйнейшых сусьветных перавозчыкаў дастаўляць тавары і вывозіць іх з Расеі; а гандаль з Украінай, які не спыняўся нават пасьля заходніх санкцыяў, абарвецца.
Калі ў 2020 годзе палітычны крызіс па выніках прэзыдэнцкіх выбараў выклікаў сур’ёзны адток адмыслоўцаў з краіны, то зараз ён пяройдзе ў татальныя ўцёкі. Пры гэтым Беларусь мацней залежыць ад зьнешняга гандлю, чым Расея (у яе выпадку доля зьнешнегандлёвага абароту да ВУП склала ў 2021 годзе 119,8%, тады як для Расеі гэты паказчык не перавышаў 45%), і гэта ўзмоцніць уплыў санкцыяў.
Я практычна ўпэўнены, што Беларусь у бліжэйшы час вымушаная будзе ўвесьці (як гэта ўжо было ў 2006-2018 гадах) прымусовы продаж экспартэрамі валютнай выручкі, а ў крыху больш доўгатэрміновай пэрспэктыве — пайсьці на канвэртаваньне валютных укладаў грамадзянаў у рублёвыя, а таксама на абмежаваньне ці поўную забарону пераводаў за мяжу.
Зьнешні доўг і энэрганосьбіты
У той жа час «змычка» беларускай і расейскай эканомік у новых умовах прынясе, хутчэй за ўсё, не толькі нэгатыўныя наступствы. Беларускі зьнешні доўг на 64-68% прыпадае на Расейскую Фэдэрацыю. Вядома, у Расеі цяпер нашмат менш магчымасьцяў дапамагаць свайму суседу (значная частка рэзэрваў арыштаваная, а патрэба ў падтрымцы ўласнага насельніцтва расьце), але, прынамсі, не патрабаваць вяртаньня даўгоў Масква сапраўды зможа. Пастаўкі ў Беларусь нафты і газу таксама не будуць прадстаўляць праблемы на фоне несумненнага скарачэньня попыту на расейскія энэрганосьбіты ў Эўропе і немагчымасьці пераарыентацыі паставак на Кітай.
Магчымасьць стаць пасярэднікам
Аднак найважнейшай уяўляецца мне іншы чыньнік: самы сурʼёзны ўплыў на Расею акажуць у хуткім часе не фінансавыя санкцыі, а спыненьне супрацоўніцтва з больш 230 міжнароднымі кампаніямі ў самых розных сфэрах (многія зь іх — ад Intеl і AMD да IKEA — у сувязі з вайной ва Ўкраіне прынялі рашэньне сысьці і з расейскага, і з беларускага рынкаў, але далёка не ўсе). Гэта адчыняе перад Беларусьсю магчымасьці двух тыпаў.
З аднаго боку, Менск можа апынуцца пасярэднікам у гандлі з Расеяй тымі таварамі, якія непасрэдна не прапісаныя ў тэкстах санкцыйных рашэньняў — прыблізна гэтак жа, як рабіў гэта ў часы расейскіх харчовых контрсанкцыяў, толькі ў новых умовах Масква не будзе супраць такога супрацоўніцтва (а хутчэй сама будзе яму спрыяць).
Найважнейшай умовай для ператварэньня Беларусі ў падобнае «вакно» паміж Расеяй і сьветам зьяўляецца яе неўступленьне ў ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне ў форме адпраўкі войскаў у суседнюю краіну, на чым зараз актыўна настойвае Крэмль. Гэтае рашэньне будзе мець, на мой погляд, крытычна важнае значэньне для ацэнкі ўплыву бягучых падзеяў на пэрспэктывы разьвіцьця беларускай эканомікі ў 2022-2023 гадах, бо пакідае Менску шанец часова ізноў страціць статус самага зацятага ізгоя сярод эўрапейскіх краінаў.
Пераарыентацыя экспарту з Захаду на Усход
Зь іншага боку, Беларусь зараз можа стаць для Расеі надзвычай важным партнэрам у сфэры прамысловай вытворчасьці, бо ў Беларусі захаваныя значныя магутнасьці, якія былі даўно страчаныя ў яе ўсходняга суседа. Ва ўмовах разрыву сотняў вытворчых ланцужкоў у Расеі расейскія кампаніі могуць прадʼявіць нашмат большы, чым раней, попыт на беларускую прамысловую прадукцыю, у тым ліку на запчасткі і камплектуючыя, якія за апошнія пару тыдняў падаражэлі ў Расіі на 40-80%. Улічваючы, што беларускі рубель практычна напэўна стане абясцэньвацца з такім жа тэмпам, як і расейскі, беларускія вытворцы могуць атрымаць істотныя перавагі на расейскім рынку. Пераарыентацыя экспарту з Захаду на Ўсход стане немінучай асаблівасьцю беларускай эканомікі ў найбліжэйшыя гады.
Абмежаваныя выгады ў абмежаваных умовах
Пачынаючы з 2020 году, Беларусь і Расея спаборнічаюць паміж сабой у тым, хто больш радыкальна разбурыць адносіны са сваімі заходнімі партнэрамі, правакуючы зусім рукатворныя эканамічныя крызісы. Цяпер, мяркуючы па ўсім, Расея, якая ў гэтым разбурэньні крыху адставала, радыкальна вырвалася наперад.
Беларусь, прывязаная да суседа магутнымі канатамі фінансавай залежнасьці, напэўна «нырне» у крызіс разам з Расеяй, але ў той жа час мае некаторыя шанцы кампэнсаваць нэгатыўныя наступствы, выкарыстоўваючы свае невідавочныя ў іншых умовах гаспадарчыя перавагі. Доўгі час захоўваючы элемэнты савецкіх традыцыяў у эканоміцы, яна можа атрымаць абмежаваныя выгады ад «саветызацыі» народнай гаспадаркі Расеі, вельмі імавернай у бліжэйшы час.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.