Лінкі ўнівэрсальнага доступу

 
Украінцы вызваляюць вёскі вакол Харкава, расейцы абстралялі Ноўгарад-Северскі. 78-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

Украінцы вызваляюць вёскі вакол Харкава, расейцы абстралялі Ноўгарад-Северскі. 78-ы дзень вайны Расеі супраць Украіны

абноўлена

Бусел каля часткі ракеты ў вёсцы Кухары на Кіеўшчыне, 2022
Бусел каля часткі ракеты ў вёсцы Кухары на Кіеўшчыне, 2022

Свабода працягвае сачыць за падзеямі расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Вайна ідзе з 24 лютага, загінулі тысячы цывільных і вайскоўцаў, звыш 5,5 мільёна чалавек сталі ўцекачамі, яшчэ каля 7 мільёнаў хаваюцца ў іншых абласьцях. Расейскія ракеты і бомбы разбурылі многія аб’екты інфраструктуры.

Галоўнае на гэты момант

  • Кампанія Siemens заявіла, што пакідае Расею ў сувязі зь яе нападам на Ўкраіну.
  • Абаронцы Марыюпалю заклікалі сьвет іх выратаваць. Ва ўрадзе Ўкраіны кажуць, што вядуць перамовы з Расеяй.
  • Пры абстрэле Ноўгарад-Северскага ёсьць загінулыя і параненыя, заявілі ў абласной адміністрацыі Чарнігаўскай вобласьці.
  • Украінскі контранаступ на поўнач ад Харкава прасунуўся далей і наблізіўся да мяжы з Расеяй у межах 10 км. Украінцы вызвалілі там 20 населеных пунктаў.
  • У «ЛДНР» заблякавалі Instagram і Facebook па аналёгіі з рашэньнем у Расеі.
Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022
Тэрытарыяльны кантроль Украіны на 11 траўня 2022

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, пакуль немагчымая.

Што адбываецца 12 траўня

Абстрэл Краменчука

Ад 8 да 12 расейскіх ракет ударылі 12 траўня па Краменчуку, паведаміў кіраўнік Палтаўскай абласной вайсковай адміністрацыі Дзьмітрый Лунін. Удары былі нанесеныя па нафтаперапрацоўчым заводзе і іншай інфраструктуры.

НПЗ у Краменчуку ўжо абстрэльвалі двойчы, 2 і 24 красавіка. Паветраная трывога ўвечары абвешчана над цэнтральнай і ўсходняй часткамі Ўкраіны.

Расея, праўдападобна, страціла яшчэ адзін карабель

Пра гэта сьведчыць статыстыка Генштабу Ўзброеных Сіл Украіны за мінулыя суткі. Пра страту расейцамі карабля паведамляе 24tv.ua са спасылкай на ўкраінскую выведку.

Паводле зьвестак крыніц, РФ страціла судна тылавога забесьпячэньня праекту 23120. Іх у Расеі ўсяго два — «Усевалад Баброў» і «Эльбрус».

Вядома, што расейскі карабель уначы 12 траўня кіраваўся на востраў Зьмяіны. Падчас руху судна раптам успыхнула. Расейскія акупанты апоўначы спрабавалі даставіць карабель у Севастопаль, і, верагодна, ім гэта ўдалося, але яго трэба адрамантаваць пасьля пажару.

Абстрэлы ў Днепрапятроўскай вобласьці

Расейскія вайскоўцы 12 траўня абстралялі «забароненымі касэтнымі боепрыпасамі» сяло Вялікая Кастрамка Днепрапятроўскай вобласьці, паведаміў офіс генпракурора Ўкраіны. Па папярэдніх дадзеных, адзін чалавек загінуў, яшчэ некалькі атрымалі раненьні, таксама быў разбураны «аб'ект энэргетычнай інфраструктуры».

Сёньня ж, паводле зьвестак ведамства, пад абстрэл трапіла сяло Ўкраінка ў Крывароскім раёне, там знайшлі неразарваныя ракеты з боепрыпасамі.

ААН пацьвердзіла гібель больш як 1000 мірных жыхароў у прыгарадах Кіева

Целы больш як 1000 цывільных асобаў былі знойдзеныя ў раёнах на поўнач ад Кіева, якія некаторы час былі занятыя расейскімі вайскоўцамі, заявіла Вярхоўны камісар ААН у правах чалавека Мішэль Бачэлет на 34-й спэцыяльнай сэсіі Рады па правах чалавека. Пры гэтым яна адзначыла, што лічбы будуць яшчэ расьці.

Паводле Мішэль Бачэлет, некалькі сотняў з гэтых людзей былі застрэленыя, некаторыя памерлі ад раненьняў і адсутнасьці на той момант на гэтых тэрыторыях мэдычнай дапамогі, некаторыя былі забітыя пры спробе пакінуць акупаваныя тэрыторыі на аўтамабілі.

Генштаб Узброеных сіл Украіны: З тэрыторыі Расеі і Беларусі па Ўкраіне было выпушчана 788 ракет

З пачатку вайны і да 11 траўня па тэрыторыі Ўкраіны з Расеі і Беларусі было выпушчана 788 крылатых і балістычных ракет, заявіў на брыфінгу 12 траўня намесьнік кіраўніка галоўнага апэратыўнага ўпраўленьня Генштабу УСУ Аляксей Громаў.

Паводле яго, усяго расейскімі войскамі было зьдзейсьнена 487 ракетных удараў і 4917 баявых вылетаў. Выкарыстаныя, у прыватнасьці, 213 ракет «Іскандэр», 61 «Точка-У», 235 крылатых ракет марскога і паветранага базаваньня.

Трое загінулых, 19 параненых у выніку авіяўдару па Ноўгарадзе-Северскім на Чарнігаўшчыне

12 траўня расейскія войскі нанесьлі некалькі авіяўдараў па горадзе Ноўгарад-Северскі ў Чарнігаўскай вобласьці. Тры чалавекі загінулі, 19 параненых, паведамляе Hromadske са спасылкай на намесьніка кіраўніка адміністрацыі Чарнігаўскай вобласьці Андрэя Падарвана. Удары трапілі ў цэнтральную частку гораду, пашкоджаныя бальніца, школа-інтэрнат і агульнаадукацыйная школа.

Абстрэл гораду Дзергачы ў Харкаўскай вобласьці: двое загінулых, чацьвёра параненых

Двое мірных жыхароў загінулі, чацьвёра атрымалі раненьні ў выніку сёньняшняга абстрэлу гораду Дзергачы ў Харкаўскай вобласьці, паведаміў мэр Вячаслаў Задарэнка. Паводле яго, сур’ёзна пашкоджаныя будынкі гуманітарнага пункту, ЗАГСа і мясцовай бальніцы.

Расейскія войскі нанесьлі ракетны ўдар па востраве Хорціца ў Запарожжы

Пасьля таго як ракета трапіла ў ахоўную частку вострава, адбыўся пажар, але інфраструктура і людзі не пацярпелі.

У Данецкай вобласьці пад абстрэламі загінулі чацьвёра мірных жыхароў

Два чалавекі загінулі 12 траўня ў Навасёлаўцы, адзін — у Аўдзееўцы і адзін — у Лімане, паведаміў кіраўнік аблдзяржадміністрацыі Павел Кірыленка. Яшчэ пяць чалавек атрымалі раненьні.

«Азоў»: на «Азоўсталі» расейцаў выганяюць з раней акупаваных тэрыторый

Байцы ўкраінскага палку «Азоў» заяўляюць, што, нягледзячы на складаную абстаноўку, недахоп боепрыпасаў і вялікую колькасьць параненых, яны працягваюць выбіваць расейскія войскі з раней захопленых пазыцый на тэрыторыі заводу «Азоўсталь».

«Абаронцы Марыюпалю штурмуюць пазыцыі праціўніка, робяць немагчымае, нягледзячы на пастаяннае выкарыстаньне праціўнікам авіяцыі, карабельнай і ствольнай артылерыі, танкаў і іншых узбраеньняў. Барацьба нашых салдат за Ўкраіну і за жыцьцё асабістага складу працягваецца», — гаворыцца ў паведамленьні «Азову». Таксама яны публікуюць відэа з «Азоўсталі»:

Цяпер Украіна вядзе перамовы з Расеяй аб эвакуацыі 38 цяжка параненых (ляжачых) вайскоўцаў з заводу «Азоўсталь» у Марыюпалі. Пасьля гэтага пройдуць перамовы, каб выратаваць іншых, заявіла міністар рэінтэграцыі Ірына Верашчук.

Помнік «Тры сястры» на мяжы Ўкраіны з Расеяй і Беларусьсю зьнясуць

Як паведаміў кіраўнік Чарнігаўскай абласной адміністрацыі, цяпер украінскія ўлады рыхтуюць дакумэнты, неабходныя для пазбаўленьня помніка савецкіх часоў, які сымбалізуе сяброўства трох усходнеславянскіх народаў, статусу помніка гісторыі мясцовага значэньня. Пасьля манумэнт дэмантуюць.

Помнік быў збудаваны ў 1975 годзе. Штогод да 2016 году на гэтым месцы, дзе сыходзяцца межы трох краін, праходзіў фэстываль «Славянскае адзінства».

Абаронцы Марыюпалю заклікалі сьвет іх выратаваць

Ва ўрадзе Ўкраіны кажуць, што вядуць перамовы з Расеяй. Віцэ-прэм’ер-міністар Украіны Ірына Верашчук 11 траўня паведаміла, што ўрад праводзіць перамовы з Расеяй аб абмене абаронцаў Марыюпалю на палонных расейскіх вайскоўцаў.

«Абаронцы „Азоўсталі“ здавацца ў палон ня хочуць. Гэта выклікае павагу. Расейцы не пагаджаюцца на extraction. Гэта рэальнасьць», — паведаміла Ірына Верашчук.

Зьявілася відэа, як расейцы напалі на аўтасалён пад Кіевам, расстраляўшы ў сьпіну супрацоўнікаў

Тэлекампанія CNN апублікавала відэазапіс з камэр назіраньня аднаго з аўтасалёнаў пад Кіевам. На ім відаць, як расейскія салдаты стрэламі ў сьпіну забілі двух бяззбройных мірных жыхароў.

Паводле тэлекампаніі CNN, цяпер украінская пракуратура расьсьледуе гэтую справу па фактах парушэньня законаў і звычаяў вайны.

Абстрэл Ноўгарада-Северскага

У ноч на чацьвер, 12 траўня, армія РФ нанесла некалькі авіяўдараў па горадзе Ноўгарад-Северскі Чарнігаўскай вобласьці. Акупанты абстралялі найважнейшую інфраструктуру. У прыватнасьці, пацярпелі школы, адміністрацыйныя будынкі і прыватныя дамы, паведаміў кіраўнік Чарнігаўскай абласной дзяржаўнай адміністрацыі Вячаслаў Чавус.

Па словах Чавуса, у выніку нападу расейскіх акупантаў ёсьць загінулыя і параненыя. На месцы здарэньня ўжо працуюць ратавальнікі і мэдыкі.

У «ЛДНР» заблякавалі Instagram і Facebook

У самаабвешчаных рэспубліках на ўсходзе Ўкраіны вырашылі абмежаваць доступ да Instagram і Facebook у адпаведнасьці з палітыкай Расеі ў дачыненьні да кампаніі Meta, якая ў Расеі прызнана «экстрэмісцкай арганізацыяй», паведамляе Reuters са спасылкай на «міністэрствы інфармацыі» квазірэспублік.

Ва Ўкраіне пачалі нацыяналізацыю расейскіх банкаў

Вярхоўная Рада Ўкраіны 12 траўня зацьвердзіла ўказ прэзыдэнта Ўладзіміра Зяленскага аб нацыяналізацыі «Проминвестбанка», які на 99,77% належыць ВЭБ.РФ, і Міжнароднага рэзэрвовага банка — украінскай дачкі «Сбербанка». Украінская вэрсія Forbes ацэньвала актывы «Проминвестбанка» і «МР банка» ў 1 млрд даляраў. 25 лютага Нацбанк Украіны адклікаў у іх ліцэнзію і ліквідаваў іх.


Рада ААН па правах чалавека прагаласавала за пачатак расьсьледаваньня злачынстваў расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне

За расьсьледаваньне прагаласавалі 33 краіны-ўдзельніцы Рады, 12 устрымаліся, Кітай і Эрытрэя прагаласавалі супраць рэзалюцыі, якую ўнесла Ўкраіна.

Уцекачы ад вайны

З моманту ўварваньня Расеі ва Ўкраіну краіну пакінулі больш за 5,98 мільёна чалавек, вынікае са зьвестак Офісу Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў па стане на 11 траўня.

Паводле дадзеных Офісу, звыш 3,25 млн чалавек выехалі ў Польшчу, амаль 889,6 тысячы чалавек — у Румынію, больш за 577,8 тысячы — у Вугоршчыну.

У Расею, паводле зьвестак ААН, вывезьлі больш за 772 тысячы чалавек. Украінскія ўлады сьцьвярджаюць, што акупанты вывозяць грамадзян Украіны гвалтам.

Каля 8 мільёнаў украінцаў цяпер — унутрана перамешчаныя асобы.

Насельніцтва Ўкраіны (уключна з тэрыторыяй пад кантролем Расеі) складае каля 44 мільёны чалавек.

Што адбываецца ў Расеі

Мін'юст Расеі прапанаваў забараніць працаваць адвакатам зь «недружалюбных краінаў»

У далейшым на падставе гэтага загаду плянуецца пазбавіць статусу дзейных адвакатаў. Цяпер у рэестры зарэгістравана 247 адвакатаў з Украіны, ЗША, Вялікай Брытаніі, Францыі, Нямеччыны і іншых «недружалюбных» краін.

Губэрнатар Белгародзкай вобласьці заявіў пра абстрэл з боку Ўкраіны

Вячаслаў Гладкоў, белгародзкі губэрнатар, увечары 11 траўня напісаў, што «быў абстрэл з боку Ўкраіны сяла Салохі Белгародзкага раёну». Як сьцьвярджае губэрнатар, адзін чалавек загінуў, трое атрымалі раненьні, ім аказваецца мэдычная дапамога.

Раней на тэрыторыі Белгародзкай вобласьці і іншых расейскіх рэгіёнаў ужо гарэлі нафтабаза і, як мяркуецца, склад з боепрыпасамі. Украінскія ўлады свой удзел у гэтых атаках зьняпраўджвалі, але і казалі, што нічога незвычайнага ў іх няма.

Авіякампанія S7 адмяніла рэйсы на захад і поўдзень Расеі, а таксама ў Крым да чэрвеня і верасьня

На гэта зьвярнула ўвагу агенцтва «РИА Новости». Авіяперавозчык закрыў продажы на рэйсы ў Анапу, Геленджык, Краснадар і Сімфэропаль да 23 чэрвеня, а на рэйсы з Масквы ў Белгарад, Бранск, Варонеж і Ліпецк — да канца верасьня.

Расавіяцыя закрыла пералёты ў кожны з названых аэрапортаў 24 лютага, у дзень пачатку вайны Расеі супраць Украіны, а потым падаўжала забарону больш як дзесяць разоў. Цяпер пералёты фармальна закрытыя да 13 траўня.

Расейцы пачалі менш давяраць тэлевізіі

Паводле дасьледаваньня «Accelerate research», 17 сакавіка 33% апытаных называлі тэлевізію найбольш надзейнай крыніцай інфармацыі; на 27 красавіка так лічылі ўжо 23% апытаных. Больш за ўсё зьнізіўся давер да тэлевізіі ў жыхароў невялікіх гарадоў (з 34 да 24%), а ў Маскве і Санкт-Пецярбургу — з 27 да 21%.

У той жа час давер да сацсетак і Telegram за 1,5 месяца вырас з 19% да 23%. Давер да інтэрнэт-СМІ і афіцыйных вэб-сайтаў таксама ўпаў з 26 да 23%.

Удзел Беларусі ў вайне

Беларусь дазволіла Расеі скарыстаць сваю тэрыторыю для нападаў на Ўкраіну з поўначы; расейцы выкарыстоўваюць беларускія аэрадромы для палётаў і беларускія пляцоўкі для ракетных абстрэлаў гарадоў Украіны. Разам з тым на баку Ўкраіны ў розных злучэньнях ваююць беларусы. Створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага.

Беларускае войска ля мяжы з Украінай

Кіраўнік Генэральнага штабу Ўзброеных сіл, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Віктар Гулевіч заявіў аб пачатку другога этапу праверкі сіл апэратыўнага рэагаваньня.

Паводле ягоных слоў, у рамках гэтага этапу на Заходні і Паўночна-заходні апэрацыйныя кірункі рушылі батальённа-тактычныя групы, а для іх узмацненьня — падразьдзяленьні супрацьпаветранай абароны, ракетных войскаў і артылерыі, якія будуць забясьпечваць іхнае баявое функцыянаваньне.

Паводле Гулевіча, падразьдзяленьні сіл спэцыяльных апэрацый разгарнулі на трох тактычных кірунках паўднёвага кірунку (да мяжы з Украінай. — РС).

Як рэагуе сьвет

Літва адклікае амбасадара і закрывае консульства ў Санкт-Пецярбургу

Літва адклікае свайго амбасадара ў Расеі 1 чэрвеня, а таксама закрывае генконсульства ў Санкт-Пецярбургу 7 чэрвеня. Пра гэта гаворыцца ў зарэгістраванай рэзалюцыі літоўскага ўраду, піша Delfi. Раней Расея заявіла аб закрыцьці літоўскага генконсульства ў Пецярбургу ў адказ на высылку расейскіх дыпляматаў зь Літвы.

Сэнат Чэхіі прызнаў злачынствы Расеі ва Ўкраіне генацыдам

Сэнат Чэхіі 11 траўня прызнаў злачынствы расейскай арміі ва Ўкраіне генацыдам украінскага народу, паведаміў у Twitter амбасадар Украіны ў Празе Яўген Перабійніс. Рэзалюцыя таксама падтрымлівае працяг перадаваньня Ўкраіне зброі Чэхіі і атрыманьне Ўкраінаю статусу кандыдата ў Эўразьвяз.

Прэзыдэнт Чэхіі ўхваліў уступленьне 103 грамадзян краіны ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны

Прэзыдэнт Чэхіі Мілаш Зэман ухваліў уступленьне ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны 103 грамадзян Чэхіі. Пра гэта паведаміў у Twitter ягоны сьпікер Іржы Оўчачак: «Прэзыдэнт Рэспублікі Чэхія Мілаш Зэман падпісаў рашэньне аб згодзе на ўступленьне ў шэрагі Ўзброеных Сіл Украіны 103 грамадзян на падставе іх заяваў, пададзеных у адпаведнасьці з Законам аб вайсковай службе», — піша Оўчачак.

ЗША на год скасавалі мыта на сталь з Украіны

Міністэрства гандлю ЗША заявіла пра скасаваньне на год мыта на сталь з Украіны з прычыны шкоды, якую расейская вайна нанесла ўкраінскім мэталюргічным прадпрыемствам. Мыта на імпартную сталь у памеры 25% у 2018 годзе ўвёў тагачасны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Да расейскага ўварваньня Ўкраіна займала 13-е месца ва ўсясьветным рэйтынгу найбуйнейшых вытворцаў сталі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG