Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна мае аднавіць выдачу відаў на жыхарства беларусам


Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны неўзабаве адновіць разгляд дакумэнтаў грамадзян Беларусі для іхнай легалізацыі, але з пачатку расейскай агрэсіі вымушаная была праверыць дзейнасьць часткі зь іх на ўкраінскай тэрыторыі.

«У нас была пэўная паўза ў дачыненьні да грамадзян Беларусі і Расейскай Фэдэрацыі. Па грамадзянах Расеі мы разумеем, як будзем дзейнічаць цяпер і далей, бо Расею афіцыйна прызналі агрэсарам. У дачыненьні да Беларусі такога прызнаньня няма, але сапраўды мы мелі справу з пэўнай колькасьцю асоб, якія маглі цікавіць нашыя спэцслужбы, таму што было незразумела, чым яны займаліся на тэрыторыі Ўкраіны», — паведаміла кіраўніца Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны Натальля Навуменка 12 траўня на брыфінгу ў Кіеве, адказваючы на пытаньне Свабоды.

У той жа час Натальля Навуменка не ўдакладніла, якія захады былі зробленыя ў дачыненьні да беларусаў, якія трапілі пад праверку, і ці анулявалі ім раней выдадзеныя віды на жыхарства.

Кіраўніца міграцыйнай службы падкрэсьліла, што правілы легалізацыі ва Ўкраіне для грамадзян Беларусі не зьмяніліся.

«Найбліжэйшым часам мы адновім прыём дакумэнтаў (грамадзян Беларусі) на афармленьне дакумэнтаў», — дадала яна.

Кіраўніца Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны паведаміла, што ў дачыненьні да грамадзян Расеі палітыка іхнай легалізацыі ва Ўкраіне будзе зьмененая.

«Тыя грамадзяне Расеі, якія ўжо маюць віды на часовае пражываньне, працягваюць знаходзіцца на законных падставах і могуць бесьперашкодна ажыцьцяўляць уезд і выезд з Украіны праз кантраляваныя пункты пропуску. У той жа час супольна з праваахоўнымі органамі мы праводзім абсалютна поўны аўдыт падстаў выдачы відаў на пражываньне грамадзянам Расеі, каб выявіць тых, хто можа ажыцьцяўляць супраць Украіны пэўную дзейнасьць», — патлумачыла яна.

Натальля Навуменка дадала, што цяпер распрацоўваецца праект пастановы Кабінэту міністраў для ўрэгуляваньня працэсу легалізацыі грамадзян Расеі на ўкраінскай тэрыторыі.

Паводле яе, грамадзяне Расеі і Беларусі разам з грамадзянамі іншых краін СНД складаюць найбольшую групу грамадзян, якія маюць від на жыхарства ва Ўкраіне.

«Гэта больш як 150 тысяч. І мы працуем над тым, каб нашы праваахоўныя органы мелі разуменьне па кожным гэтым кейсе», — падкрэсьліла кіраўніца Дзяржаўнай міграцыйнай службы Ўкраіны Натальля Навуменка.

З 2020 году стала істотна больш беларусаў, якія зьвярнуліся па від на жыхарства ва Ўкраіне, бо яны вымушаныя былі ўцякаць зь Беларусі ад крымінальнага перасьледу за ўдзел у акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

Апошнія зьвесткі аб колькасьці беларусаў Дзяржаўная міграцыйная служба Ўкраіны паведамляла ў жніўні 2021 году. Згодна зь імі, з 1 жніўня 2020 да 31 ліпеня 2021 году 811 грамадзян Беларусі атрымалі від на сталае жыхарства, яшчэ 3348 — на часовае, а 572 беларусам падоўжылі магчымы тэрмін знаходжаньня ва Ўкраіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG