«Мы забясьпечым, каб беларусы, якія атрымалі часовы прытулак у Літве, адчувалі сябе ў бясьпецы і мелі магчымасьць працаваць на карысьць дэмакратызацыі сваёй краіны», — прыводзіць яго словы прэсавая службы МЗС Літвы.
Паводле слоў Будрыса, існаваньне «дэмакратычнай і мірнай» Беларусі адпавядае інтарэсам Літвы ў пляне бясьпекі, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».
Сярод іншага, міністар падкрэсьліў важнасьць «забесьпячэньня належнага адказу міжнароднай супольнасьці на мерапрыемства па пераабраньні А. Лукашэнкі, якое арганізуецца рэжымам 26 студзеня наступнага году».
Літва, паведаміў Ціханоўскай Будрыс, «узьняла пытаньне Беларусі на пасяджэньні Рады замежных спраў ЭЗ у Брусэлі ў сьнежні і ўзьніме яго ў студзені».
«Мы павінны гучна гаварыць пра тое, што адбываецца ў Беларусі, — неаслабныя рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць беларускага народу, працяг падтрымкі расейскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны, партнэрства з Кітаем, Іранам і Паўночнай Карэяй. Працэсы, якія адбываюцца ў Беларусі, будуць мець наступствы ня толькі для Літвы, але і для ўсёй Эўропы і міжнароднай архітэктуры бясьпекі», — лічыць кіраўнік літоўскай дыпляматыі.
У дарадцы Ціханоўскай у пытаньнях дыпляматыі Дзяніса Кучынскага, які ўдзельнічаў у сустрэчы, «склалася ўражаньне», што Будрыс «максымальна адкрыты да супрацоўніцтва і будзе вітаць актыўную дзейнасьць беларусаў у Літве».
Кучынскі паведаміў, што беларуская дэмакратычная лідэрка падзякавала кіраўніку літоўскага МЗС за «дакладна сфармуляванае пасланьне МЗС адносна так званых „выбараў“, якія арганізуе беларускі рэжым».
Будрыс заступіў на пасаду 12 сьнежня сёлета, калі прынёс прысягу новы ўрад на чале з прэм’ер-міністрам Гінтаўтасам Палуцкасам.
Форум