Галівудзкіх блокбастэраў больш чакаць ня варта. Таму кінапракат дастае з архіваў старыя амэрыканскія стужкі кшталту «Палёт над гняздом зязюлі» Мілаша Формана, а таксама абяцае паказаць індыйскае кіно.
«Беларускі кінарынак зьяўляецца таксычным для замежных студый»
УП «Кінавідэапракат» (які аб’ядноўвае 13 дзяржаўных кінатэатраў сталіцы) штотыдзень публікуе ТОП-5 фільмаў, якія сабралі самую вялікую колькасьць гледачоў.
На мінулым тыдні на першым месцы быў расейскі мультфільм «Бука. Мая любімая пачвара», далей ішлі амэрыканскія блокбастэры «Анчартэд: На мапах ня значыцца» і «Флэшбэк». На чацьвёртым месцы беларуская крымінальная камэдыя «Сардэчна запрашаем у сям’ю», на пятым зноў анімацыйны фільм — «Браты-трусы: велікодны пярэпалах» (вытворчасьць Нямеччына).
Буйныя блокбастэры вядучых галівудзкіх кампаній рабілі прыкладна 70% выручкі кінатэатраў. Пасьля пачатку вайны ва Ўкраіне бальшыня галівудзкіх студый пакінулі расейскі і беларускі рынкі.
У красавіку беларускія гледачы маглі пабачыць толькі дзьве новыя амэрыканскія стужкі — «Усё паўсюль і адразу» (прэм’ера адбылася 7 красавіка) і «Флэшбэк» (прэм’ера — 29 красавіка), закупленыя раней.
Ці змогуць беларусы глядзець навінкі ўсясьветнага кіно?
Кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі мяркуе, што пакуль на гэта спадзявацца ня варта.
«Усе вядучыя галівудзкія студыі кшталту Walt Disney Pictures, Columbia Pictures, Warner Brothers, 20th Century Fox, Universal Studios, канглямэрат Sony і нават незалежная студыя А24 (фільм „Усё паўсюль і адразу“, напэўна, яшчэ ідзе ў пракаце, але гэта апошняя стужка) сышлі і з расейскага, і зь беларускага рынкаў.
У сакавіку ў беларускім пракаце павінен быў зьявіцца блокбастэр „Бэтмэн“ — яго не паказалі. Блокбастэр „Морбіюс“ — яго таксама не паказалі. Таксама павінна была выйсьці стужка „Таямніцы Дамблдора“. У мінулы чацьвер чакалі прэм’еру дыснэеўскай стужкі „Доктар Стрэндж. У мультысусьвеце вар’яцтва“. Усе гэтыя стужкі ня трапілі да беларускага гледача. І наўрад ці трапяць», — расказвае Тарас Тарналіцкі.
Некаторыя студыі (напрыклад, Warner Brothers) вярнуліся на рынак СНД. У Казахстане, Кіргізіі, Таджыкістане галівудзкія стужкі паказваюць, працягвае Тарас Тарналіцкі.
«А паколькі мы лічымся на баку агрэсара, вядучыя сусьветныя студыі і кінабізнэсоўцы нас ігнаруюць. Наш рынак зьяўляецца таксычным для замежных студый», — кажа кінакрытык.
Паказваюць дзьве амэрыканскія прэм’еры красавіка, дастаюць з архіваў «Палёт над гняздом зязюлі» 1975 году
У сталічным кінатэатры «Кастрычнік» на гэтым тыдні працягваецца паказ амэрыканскіх стужак «Усё паўсюль і адразу» і «Мясны фарш». Паказваюць два анімацыйныя расейскія фільмы: «Фіньнік» і «Бука. Мая любімая пачвара»
У кінатэатры «Масква» да Дня Перамогі прымеркаваны фільм «1941. Крылы над Бэрлінам», круцяць амэрыканскую стужку «Анчартэд: На мапах ня значыцца» (прэм’ера адбылася 10 лютага), а таксама ірляндзкі фільм «На іголцы».
У Доме кіно зноў ідуць амэрыканскія баявікі «Целаахоўнік кілера» (вытворчасьць 2017 году) і «Целаахоўнік жонкі кілера» (выйшаў на экраны ў чэрвені 2021 году).
А ў «Ракеце» 9 траўня паказваюць культавую стужку 1975 года «Палёт над гняздом зязюлі» Мілаша Формана.
У камэрцыйнай сетцы кінатэатраў Silver Screen ідзе амэрыканскі блокбастэр «Флэшбэк» (прэм’ера адбылася 29 красавіка 2022 года), вугорскі фільм жахаў «Пост Мортэм», беларуская крымінальную камэдыя «Сардэчна запрашаем у сям’ю». Як і ў дзяржаўным «Кінавідэапракаце», зноў ідзе «Целаахоўнік кілера» і «Целаахоўнік жонкі кілера», а таксама шмат анімацыйных фільмаў.
У сакавіку 2022 году пасьля сыходу так званых «мэйджараў» (найбольш вядомых галівудзкіх кінастудый, лідэраў рынку) наведвальнасьць беларускіх кінатэатраў скарацілася ў 5 разоў. У красавіку — у 6-8 разоў.
«Ці прыйдзе глядач на індыйскае кіно? У мяне ёсьць вялікі сумнеў»
У Беларусі будуць паказваць індыйскае і кітайскае кіно. Аб прыходзе ў Беларусь балівудзкіх фільмаў раней расказваў камэрцыйны дырэктар сеткі прыватных кінатэатраў.
Кінааглядальнік Тарас Тарналіцкі дадае, што ёсьць яшчэ і кітайскі кінарынак.
«Так што ў нас будуць паказваць стужкі з Індыі, Кітая. Кітайскія і раней паказвалі, у асноўным была анімацыя. Прыватная сетка кінатэатраў Silver Screen плянуе паказваць індыйскае кіно — блокбастэры і жанравае. Гэта зразумелы крок.
Індыйскае кіно — гэта іншы сусьвет, гэта рэгіянальная культурная зьява (як і поўнач Афрыкі). Гэтае кіно ствараецца паводле сваіх законаў, яно своеасаблівае. Ёсьць там і добрыя стужкі. Але ў нас пра індыйскае кіно амаль ніхто нічога ня ведае. Нават калі гэта будзе добрае індыйскае кіно, яго ў першую чаргу трэба прадаць. У гэта трэба ўкладаць грошы, інфармаваць гледачоў, зацікавіць. Ці прыйдзе глядач на індыйскае кіно? У мяне ёсьць вялікі сумнеў.
Дзеля экспэрымэнту я, напэўна, схадзіў бы на пару фільмаў — мне цікава як прафэсіяналу», — кажа кінааглядальнік.
«Разбураецца культура легальнага цывілізаванага кінапрагляду»
Беларусь — даволі невялікі кінарынак. Краіна і так адставала ад іншых краін-суседак, дзе значна раней зьявіліся сучасныя кінатэатры (да прыкладу, IMAX у Варшаве адкрыўся ў сярэдзіне 1990-х), а адноўленая «Беларусь», тая ж сетка Silver Screen «з крыштальна чыстай выявай Sony 4K і Real D 3D і гукавымі тэхналёгііямі Dolby, DCP, Crown, JBL зьявіліся мінімум на дзясятак гадоў пазьней.
Вырасла новае пакаленьне беларусаў, якое прывыкла глядзець добрае кіно ў сучасных залях, пакаленьне, якое мяркуе, што глядзець шыракафарматны блокбастэр у ноўтбуку — гэта ледзьве не вычварэнства.
На думку кінааглядальніка Тараса Тарналіцкага, кінабізнэс у Беларусі разбураецца. Як і ўвесь прыватны бізнэс ў краіне.
«Гэта, вядома, дрэнна, бо ў нас адбудоўвалася культура кінапрагляду за грошы — гэта цывілізаваная практыка: калі набываеш квіток у кінатэатар альбо купляеш падпіску. Уся гэта сытуацыя разбурае менавіта культуру легальнага кінапрагляду. Таму што студыі-праваўладальнікі не заўсёды прадаюць правы беларускім і расейскім онлайн-плятформам. Пакуль незразумела, ці будуць прадаваць ім замежныя каналы кшталту HBO ці Netflix, які наагул пакінуў наш рынак.
Так што мы вяртаемся ў гэтым сэнсе ў 1990-я. Мы ня зможам глядзець прэм’еры ні ў кінатэатрах, ні ў онлайн-кінатэатрах (амаль усе буйныя кінастудыі маюць свой онлайн-сэрвіс)», — мяркуе Тарас Тарналіцкі.
Усё гэта, паводле кінааглядальніка, ізноў масава верне гледачоў да пірацкіх сайтаў.
Санкцыі супраць Беларусі за падтрымку расейскай вайны ва Ўкраіне
Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што зь Беларусі па ўкраінскай тэрыторыі стралялі ракетамі. Пры гэтым беларускіх вайскоўцаў на ўкраінскую тэрыторыю не адправілі.
Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр у інтэрвію Свабодзе заявіла, што «рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік цяперашняга ўварваньня Расеі ва Ўкраіну, бо дазволіў Расеі зрабіць напад зь беларускай тэрыторыі».
26 лютага санкцыі супраць Расеі і Беларусі абвясьцілі Канада і Рада Эўразьвязу. У сьпіс трапілі 20 беларускіх чыноўнікаў і вайскоўцаў. 15 юрыдычных і 8 фізычных асобаў трапілі ў санкцыйны сьпіс ЗША.
28 лютага амбасадары краін Эўразьвязу ўвялі візавыя санкцыі ў дачыненьні 22 беларускіх высокапастаўленых асобаў.
Маладачанская фабрыка «МэбеЛайн» пайшла ў прастой, бо швэдзкая кампанія IKEA згарнула бізнэс у краіне. IKEA шчыльна супрацоўнічала яшчэ з цэлым шэрагам вытворцаў і фабрык, у тым ліку дзяржаўных. Сярод іх дзяржаўны «Менскі мэблевы цэнтар» з Маладэчна, магілёўскі вытворца тэкстылю «Магатэкс», менскі гадзіньнікавы завод «Луч» і іншыя.
У сакавіку Эўразьвяз забараніў экспартаваць прадукцыю дрэваапрацоўкі, вырабленую ў Беларусі ці экспартаваную зь яе. Міністэрства лясной гаспадаркі заявіла, што вымушана скіраваць прадукцыю з Эўропы ў Азію.
Празь цяжкасьці вядзеньня бізнэсу ў рэгіёне ня дзейнічаюць у краіне сэрвісы пошуку жытла на час падарожжаў і выправаў Booking.com і Airbnb.
Дацкая транпартна-лягістычная кампанія Maersk заявіла аб спыненьні перавозак грузаў у Беларусь 4 сакавіка. Пры сыход зь беларускага рынку паведамілі іншыя кампаніі падобнага профілю — DHL і FedEx.
5 сакавіка фінская кампанія OLVI паведаміла пра пачатак згортваньня свайго бізнэсу ў Беларусі, дзе кампаніі належыць «Лідзкае піва». 840 супрацоўнікаў заводу пакуль будуць атрымліваць заробак, спыненьне бізнэсу будзе паступовым.
6 сакавіка наклала санкцыі Рэспубліка Карэя. Там увялі меры экспартнага кантролю для Беларусі, мяркуючы, што яна «істотна спрыяе ўварваньню Расеі ва Ўкраіну».
8 сакавіка санкцыі ўвяла Японія. Актывы фізычных і юрыдычных асобаў, якія трапілі пад новыя абмежаваньні, замарожваюцца. Забараняюцца пастаўкі тавараў двайнога прызначэньня ў Беларусь і экспарт у адрас Міністэрства абароны Беларусі і «Інтэгралу».
Сусьветны банк спыніў усе праграмы ў Беларусі. Банк адзначыў, што ён не ўхваляў новых крэдытаў Беларусі з 2020 году.
Абмежаваньні закранулі спартовую галіну. Зборныя Беларусі розных узростаў адхілілі ад удзелу ў міжнародных турніраў у хакеі, гандболе і баскетболе. Беларускую зборную не дапусьцілі да Паралімпійскіх гульняў — 2022.
Рэйтынгавае агенцтва Fitch, зважаючы на санкцыі, панізіла доўгатэрміновы сувэрэнны крэдытны рэйтынг Беларусі да ССС, што азначае рэальную магчымасьць дэфолту.
Амэрыканская фінансавая кампанія American Express прыпыніла аказаньне паслуг у краіне. Па яе картках цяпер немагчымыя ніякія апэрацыі.
9 сакавіка Эўразьвяз ухваліў адключэньне ад SWIFT трох беларускіх банкаў. Гэта «Белаграпрамбанк», банк «Дабрабыт» і Банк разьвіцьця.
16 красавіка ўведзена поўная забарона на перасячэньне грузавым транспартам Беларусі і Расеі мяжы з ЭЗ. У рашэньні Эўразьвязу, якое апублікавана ў афіцыйным часопісе, сказана, што ЭЗ у адпаведнасьці з уведзенымі санкцыямі забараняе ўвоз і транзыт грузаў аўтатранспартам зь Беларусі і Расеі на тэрыторыю Эўразьвязу.
22 лістапада Канада пашырыла ранейшыя санкцыі. У сьпісы ўключылі дадаткова 22 беларускіх чыноўнікаў, а таксама 16 беларускіх кампаніяў, зьвязаных з ВПК, машынабудаваньнем, фінансавым сэктарам і чыгуначным транспартам. Сярод падсанкцыйных асобаў апынуліся адказныя за перавозкі расейскіх вайскоўцаў і тэхнікі, якая выкарыстоўвалася для ўварваньня ва Ўкраіну. У сьпісе кампаніяў, якія трапілі пад санкцыі, апынуліся беларускія Альфа-Банк і МТБанк. У красавіку 2023 у сьпіс дадалі яшчэ 9 беларускіх банкаў.
28 студзеня 2023 году прэзыдэнт Украіны ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць 185 юрыдычных і фізычных асоб, якіх Расея выкарыстоўвае для перавозкі па чыгунцы асабовага складу і вайсковай тэхнікі. У сьпіс трапілі «Беларуськалій», Гомельскі хімічны завод, «Беларуская чыгунка», «Белінтэртранс», «Грузавая служба-Захад», «Лякафарба», «Белгазпрамбанк», «ПЛМ-Інавацыі», «Кронаспан ОСБ», «Беллесэкспарт», «Супрацоўніцтва Транс-Агра», «Рэал-Агент», «Прамагралізінг», «АСБЛізінг», «Транзыт-Аўта-2003», «Ізатэрмічная лягістыка», «Омск-Карбон Магілёў» і іншыя.
20 ліпеня Аўстралія ўнесла ў санкцыйныя сьпісы высокапастаўленых вайскоўцаў Беларусі.