Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валеру Мазынскаму — 75. 10 фактаў пра рэжысэра, які ставіў п’есу ў турме на Акрэсьціна


Валер Мазынскі на прэзэнтацыі фільму «Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні». 10 траўня 2017 году
Валер Мазынскі на прэзэнтацыі фільму «Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні». 10 траўня 2017 году

Крэда рэжысэра Мазынскага: «Для мяне было вельмі важным зрабіць нацыянальны тэатар не па назьве, а па сутнасьці».

20 лютага адзначае 75-годзьдзе ляўрэат Дзяржаўнай прэміі, заслужаны дзяяч мастацтваў Беларусі, стваральнік «Вольнай сцэны» рэжысэр Валер Мазынскі.

Свабода сабрала 10 фактаў пра выбітнага тэатральнага рэжысэра.

Нарадзіўся ў вёсцы, зьведаў беднасьць

Валер Мазынскі нарадзіўся ў пасьляваенным 1947-м у вёсцы Стахаве Барысаўскага раёну ў шматдзетнай сям’і — у яго тры браты і чатыры сястры.

«Жылі цяжка. Беднасьць была страшэнная. Проста катастрафічная. Васьмёра дзяцей. Бацькі „за галачкі“ працуюць у калгасе, які называўся „Іскра камунізму“. А за рэчкай, у Малым Стахаве — „Маяк камунізму“. Абодва ляснуліся шмат гадоў таму. А наша вёска стала „непэрспэктыўнай“... Цяпер у асноўным там лецішчы барысаўцаў ці нават менчукоў...

Вядома, як вясковы хлопец я добра ведаў, што гэта такое — вясковая праца, але яна заўсёды асацыявалася зь вельмі цяжкай працай», — узгадваў дзяцінства Мазынскі ва ўспамінах «Сонца ў любое надвор’е», што выйшлі ў кнізе Аляксандра Тамковіча.

У дзяцінстве закахаўся ў кіно

Фільмы ў Стахаве паказвалі ў хаце-чытальні альбо ў школе, куды набівалася ўся вёска. Час ад часу кінапраектар выстаўлялі ў вакно, і тады фільм глядзелі на вуліцы, экран вешалі на бліжэйшым слупе.

«Гэта была ўлюбёнасьць да вар’яцтва. За што я пастаянна і атрымліваў ад бацькі і ад настаўнікаў, бо кіно перашкаджала вучобе. Лупілі нас бязбожна», — узгадвае Мазынскі.

У 14 гадоў ён ведаў усіх артыстаў таго часу, якія толькі зьяўляліся на стахаўскім экране. Самым улюбёным фільмам была «Родная кроў» зь Яўгеніем Мацьвеевым і Віяй Артманэ. Мацьвеву ён нават напісаў ліст. Адрасу, ясна, не ведаў, таму напісаў так: «Масква. Масфільм. Яўгенію Мацьвееву». Калі пазьней гэтую гісторыю драматург Аляксей Дудараў расказаў Віі Артманэ, яна прасьлязілася.

Валер Мазынскі, архіўнае фота 2012 году
Валер Мазынскі, архіўнае фота 2012 году

Паступіў у аўтатрактарны тэхнікум

Пасьля заканчэньня сямігодкі Валер Мазынскі паехаў паступаць у сталіцу, у аўтатрактарны тэхнікум, які быў каля Менскага трактарнага заводу.

На трэцім курсе пайшоў у тэатар-студыю пры Палацы прафсаюзаў. А на чацьвёртым курсе тэхнікуму паспрабаваў паступіць у тэатральна-мастацкі інстытут. Аднак атэстату аб сярэдняй адукацыі яшчэ ня меў. Прыёмная камісія спачатку паверыла, што «прынясе потым», і дазволіла прайсьці некалькі тураў. Пакуль ня выкрыўся падман.

У 1966 годзе Мазынскага забралі ў войска. Служыў у авіяцыі. Спачатку ў Ніжнеудзінску, што недалёка ад Байкалу. Чатыры месяцы вучыўся ў школе малодшых авіяспэцыялістаў, потым працягнуў вучобу ў Ніжнім Валачку. Атрымаў кваліфікацыю радыёмайстра. Разьмеркавалі ў Хабараўск, дзе на аэрадроме «цягнуў лямку» яшчэ тры гады.

У студэнцкія гады ўпершыню ў сьвеце паставіў п’есу па творы Быкава

У 2016 годзе рэжысэр Валер Мазынскі стаў ляўрэатам прэміі Васіля Быкава «За свабоду думкі»
У 2016 годзе рэжысэр Валер Мазынскі стаў ляўрэатам прэміі Васіля Быкава «За свабоду думкі»

Пасьля войска Валер Мазынскі ўладкаваўся спачатку на «Беларусьфільм», у цэх дэкаратыўна-мастацкай службы. Заробак як на тыя часы быў прыстойны — 160 рублёў.

Падаў дакумэнты на акторскі факультэт. Забраў назад, бо ня быў упэўнены ў ведах. Яму параілі паступаць на рэжысуру — маўляў, там недабор. Трапіў на курс вядомага рэжысэра Ўладзімера Маланкіна.

За тры курсы вучобы ў тэатральна-мастацкім паставіў тры спэктаклі. Першы называўся «Характары», дзе Мазынскі спалучыў тры апавяданьні Васілія Шукшына і «Стэп» Антона Чэхава.

Прызнаецца, што першым у сьвеце паставіў на тэатральнай сцэне «Круглянскі мост» Васіля Быкава (пастаноўка славутага Валера Раеўскага была пазьней).

16 год працаваў у Віцебску

На дыплёмную практыку Мазынскі паехаў у Віцебск, у абласны драматычны тэатар імя Якуба Коласа — адзін з найлепшых у краіне. А ў 1974 годзе закончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

У 1974 годзе Віцебск сьвяткаваў тысячагодзьдзе. Мазынскі паставіў «Званы Віцебска» — п’есу Караткевіча, які тады толькі набіраў папулярнасьць. Так яны пазнаёміліся з Уладзімерам Караткевічам.

Адпрацаваў у Коласаўскім тэатры яшчэ 16 гадоў. Зь іх 13 — галоўным рэжысэрам.

«Колькі за гэтыя часы было пастаўлена п’есаў, падлічыць складана. За „Званамі“ Караткевіча пайшоў яго ж „Кастусь Каліноўскі“, потым „Сымон-музыка“ Коласа, п’есы Дударава, Цендракова, Вампілава і г. д. Для мяне было вельмі важным зрабіць нацыянальны тэатар не па назьве, а па сутнасьці».

А яшчэ Мазынскі быў адным з ініцыятараў стварэньня дзяржаўнага тэатру «Лялька» ў Віцебску.

Валер Мазынскі, 2012 год
Валер Мазынскі, 2012 год

Ствараў новыя тэатральныя праекты

У 1991 годзе Валер Мазынскі пераяжджае ў Менск. Спачатку ставіў спэктаклі ў Купалаўскім тэатры, адначасова выкладаючы рэжысуру ў тэатральна-мастацкім інстытуце. Паставіў п’есу Крапівы. Пратрымаўся на пасадзе рэжысэра толькі год.

«Хацелася зрабіць нешта сваё. Зьвярнуўся з ідэяй да міністра культуры, балазе свой, зямляк. Яўген Вайтовіч пайшоў насустрач. Так пры Купалаўскім тэатры была афіцыйна створана «Лябараторыя беларускай драматургіі». Паставілі тры спэктаклі, а потым і фармальна адасобіліся.

Так у 1991 годзе ў Менску зьявіўся тэатар «Вольная сцэна». Некалькi гадоў запар ён быў ня проста тэатрам, а творчай лябараторыяй, дзе маладыя i яшчэ невядомыя драматургі мелі шанец прадэманстраваць творчыя здольнасьцi. На «Вольнай сцэне» ставілі клясыку: «Рычард» i «Макбэт» Шэксьпіра, «Лекар паняволі» Мальера, камэдыі паводле Чэхава.

У рэпэртуары тэатра былі гiстарычная драма «Барбара Радзiвiл» Раісы Баравiковай, сцэны з рыцарскiх часоў «Заложнiца каханьня» Сяргея Кавалёва.

Паставіў п’есу пра нацыстоўскую дыктатуру, якая не спадабалася беларускім чыноўнікам

На пасадзе дырэктара «Вольнай сцэны» Мазынскі працаваў 8 гадоў. Апошняй кропляй стала п’еса Бэртальда Брэхта «Кар’ера Артура Ўі», якую Мазынскі адмыслова прымеркаваў да чарговага Зьезду беларусаў сьвету. Зьверху настойліва прасілі яго «зьняць» — маўляў, спэктакль «сыры».

У спэктаклі было шмат палiцыянтаў з шчытамi i гумавымi палкамi, што бiлi людзей на вулiцы, а таксама галоўны герой — малапiсьменны i ўсiмi «пакрыўджаны» гангстэр Артур Ўi ды ягонае атачэньне, якiя падманам i здрадай захапiлi ўладу ў краiне (у пастаноўцы — горад Чыкага), усталявалi дыктатуру. Твор, напiсаны Брэхтам пра фашыстоўскую Нямеччыну, выдаўся вельмi актуальным для Беларусi канца ХХ стагодзьдзя: людзей на вулiцах б’е мiлiцыя, нязгодныя трапляюць у турмы, закрываюць незалежныя СМІ, нацыянальныя i прыватныя навучальныя ўстановы, усе галiны ўлады сканцэнтравалiся ў руках аднаго чалавека. Усё гэта ў свой час выдатна апiсаў Бэртальд Брэхт.

Валер Мазынскі ў вёсцы Бычкі на Вушаччыне падчас адзначэньня ўгодкаў Васіля Быкава, 2017 год
Валер Мазынскі ў вёсцы Бычкі на Вушаччыне падчас адзначэньня ўгодкаў Васіля Быкава, 2017 год

Тагачасны міністар культуры Аляксандар Сасноўскі аднойчы сказаў Мазынскаму: «Нам не патрэбная тут яшчэ адна Таганка».

Звольнілі Мазынскага ў 2000 годзе. Пасьля гэтага ён яшчэ 6 гадоў выкладаў ва Ўнівэрсытэце культуры. Звольнілі і адтуль — за пару гадоў да пэнсіі. Ня мог нікуды ўладкавацца, вымушаны быў працаваць вартаўніком, будаўніком і вахтэрам.

Хтосьці са знаёмых узгадаў, што за званьне ляўрэата Дзяржаўнай прэміі і заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі можна атрымаць дабаўку да пэнсіі. Зь цяжкасьцю, але атрымаў.

Паставіў на Акрэсьціна п’есу Горкага «На дне»

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 года Валер Мазынскі ўпершыню трапіў за краты. Пайшоў зь сябрам на Кастрыычніцкую плошчу, дзе было намётавае мястэчка. Несьлі торбы з харчам. Іх затрымаў АМАП. Арыштавалі на 10 дзён. На Акрэсьціна Валер Мазынскі паставіў спэктакль паводле п’есы М. Горкага «На дне». На ягоную просьбу сын Васіль прынёс 16 выдрукаў п’есы — на кожную ролю.

Пазьней рэжысэр тлумачыў: «Цалкам лягічны выбар, бо нічога іншага тым абставінам не пасуе. Уяўляю, у якой разгубленасьці было акрэсьцінскае кіраўніцтва...

У камэры на Акрэсьціна былі 14 чалавек. Самыя сталыя — журналіст Мікалай Тоўсьцік, палітык Анатоль Лябедзька, Валер Мазынскі, астатнія — моладзь.

«Усе — годныя, прыгожыя, адукаваныя, сьмелыя, разумныя людзі. І ўвогуле, у маім жыцьці гэтыя дні былі аднымі з самых шчасьлівых, бо я зразумеў, што маем шанец на перамены, і яны абавязкова адбудуцца», — узгадваў тое ўвязьненьне рэжысэр.

Зьняў дакумэнтальныя фільмы пра Каліноўскага, Бадунову, Лапіцкага

У 2008 годзе зьняў тэлефільм паводле п’есы Янкі Купалы «Тутэйшыя». У 2010-м — дакумэнтальны фільм «Як пошуг маланкі» пра дзеяча нацыянальна-вызвольнага руху Расьціслава Лапіцкага. У 2012 годзе выйшла стужка Мазынскага пра адзіную жанчыну ўва ўрадзе БНР «Палута Бадунова. Успомніць і... не забыць».

У 2015 годзе на тэлеканале Белсат выйшаў фільм Мазынскага «Кастусь Каліноўскі. Апошнія дні». Ролю Каліноўскага выканаў актор Купалаўскага тэатру Раман Падаляка. Асноўнай здымачнай пляцоўкай стаў кляштар у Барунах (Ашмянскі раён). Сцэнар фільму напісаў малады гісторык і літаратар Зьміцер Кузьменка, прыкаваны да інваліднага вазка.

Пазбавілі пэнсіі за асаблівыя заслугі

У лістападзе 2021 году камісія для вызначэньня пэнсіяў за асаблівыя заслугі пры Савеце Міністраў пазбавіла Мазынскага даплаты да пэнсіі. «Згодна з адпаведным рашэньнем ад 16 лістапада (пратакол № 6) Валерыю Мазынскаму будзе спыненая выплата пэнсіі за асаблівыя заслугі перад Рэспублікай Беларусьсю, пачынаючы ад 1 сьнежня 2021 году», — было напісана ў лісьце. Прычынаў не назвалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG